XXІ Звычайная нядзеля, Год B (22.08.2021)
Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога».
(Ян 6, 60–69)
«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця…»
Сярод усіх зямных істотаў, здаецца, толькі чалавек, дзякуючы інтэлекту, ведае пра непазбежнасць уласнай смерці, і, як правіла, гэты факт асаблівай радасці ў яго не выклікае. Таму, перакананыя ў канчатковым і абсалютным спыненні існавання ў момант смерці, матэрыялісты імкнуцца максімальна выкарыстаць усё, што можа працягнуць зямное жыццё і зрабіць яго як мага больш камфортным і прыемным; амаль уся навуковая дзейнасць накіравана на гэта, асабліва медыцына, якая не пакідае мары знайсці сродак і дасягнуць, калі не бессмяротнасці, то, прынамсі, надзвычайнага даўгалецця. Тыя ж, хто прызнае існаванне несмяротнай душы, не мае агульнага пункту гледжання наконт таго, што з ёю адбываецца пасля смерці цела.
Адны вераць у рэінкарнацыю, іншыя — у тое, што душа распусціцца ў «абсалюце» і г.д.; адсюль і разнастайнасць рэлігій, якія абапіраюцца на абмежаваныя і недасканалыя здольнасці чалавечага розуму і ўяўленняў пра свет. Яны не асвечаны Божым адкрыццём, поўню якога даў нам уцелаўлёны адзіны і сапраўдны Бог. Хрыстус не толькі нагадвае, што наш пасмяротны лёс залежыць ад таго, як мы пражывем зямное жыццё (гэтую інтуіцыю маюць і іншыя рэлігіі), але таксама прапануе нам сродкі дасягнення шчаслівай інтэгральнай (з душой і целам) несмяротнасці.
«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця», — следам за святым Пятром паўтарае праз вякі Касцёл, бачнай галавой якога Сын Божы ўстанавіў рыбака з Галілеі і яго наступнікаў. Гэтыя словы жыцця нязмерна перавышаюць усе чалавечыя ўяўленні, што, з аднаго боку, даказвае іх Боскае, незямное паходжанне, але з іншага, бянтэжыць людзей, якія прызвычаіліся абапірацца толькі на чалавечы досвед, і яны далей працягваюць шукаць адказу на спрадвечнае пытанне пра сэнс жыцця ў даступных чалавечаму разуменню тэорыях.
Аднак ці здольны і ці павінен чалавек усё разумець? Мноства людзей штодня карыстаецца тэхналогіямі і гаджэтамі, але, калі запытаць, ці ведаюць яны прынцып дзеяння гэтых рэчаў, хто з нас здолее даць добрае тлумачэнне? Шараговаму чалавеку дастаткова ведаць, куды і калі прыкласці палец, каб гаджэт працаваў… Цяжка ўявіць, каб хтосьці адмовіўся ад дасягненняў навукі на той падставе, што не разумее прынцыпаў іх дзеяння…
У той жа час мноства людзей адмаўляецца ад рэлігійных практыкаў, спасылаючыся на тое, што «гэта незразумела»!.. Незразумела не толькі тое, што зразумець немагчыма, як, напрыклад, перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, але нават тое, што пры жаданні не толькі магчыма, але і неабходна зразумець, каб захаваць уласнае жыццё ад катастрофы: і духоўнай, і матэрыяльнай. Напрыклад, неабходна разумець сэнс захавання Божых запаведзяў, бо іх парушэнне аўтаматычна вядзе да «збою» у рэлігійным і маральным, асабістым і грамадскім жыцці. Калі ў выніку няправільнага карыстання псуецца нейкая рэч, мы звяртаемся да кампетэнтнага майстра, калі і ён не можа паправіць рэч, яна ідзе на злом, на знішчэнне.
Дык ці жыццё чалавека не нашмат каштоўнейшае, чым самы дарагі айфон, каб выкідваць яго на сметнік вечнага асуджэння? Ці ж не лепш прытрымлівацца «інструкцыі», дадзенай Творцам, а пры «паломцы» неадкладна звяртацца да Майстра, здольнага ўсё паправіць праз паслугу сваіх працаўнікоў — святароў? І не забывацца прасіць аб умацаванні веры ў тое, што апроч Бога, які дзеля нас стаў Чалавекам, ні ў гэтым, ні ў будучым свеце нас ніхто не зробіць шчаслівымі. Тады прыйдзе і глыбейшае разуменне Боскіх рэчаў.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР


