«Дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям…»

ХХІІ Звычайная нядзеля, Год В (29.08.2021)

Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў. Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі, а сэрца іх далёка ад Мяне. Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям”. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».

Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго».

Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».

(Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23)

«Дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям…»

Часам святару задаюць пытанні, як правільна штосьці рабіць, акцэнтуючы менавіта слова «правільна». Напрыклад: як правільна святкаваць Божае Нараджэнне, альбо што і як правільна рабіць на пахаванні? І тады святар, які лічыцца экспертам у духоўных і абрадавых справах, мусіць растлумачыць, як павінна быць «правільна». Добра, што мы пытаемся адзін у аднаго, слухаем адзін аднаго, дзелімся сваімі ведамі, але яшчэ лепей, калі мы будзем імкнуцца самастойна здабыць патрэбныя веды. Тады пытанні да святара будуць выглядаць так: "Я думаю пра гэта вось так…", "Я мяркую, што мусіць быць так і гэтак…" У чым розніца? У тым, што да таго, як задаць пытанне, мы самі думаем і разважаем, прапускаем гэтае пытанне праз свае розум і сэрца.

Узрастаць у веры, атрыманай ад Пана Бога, мы можам праз удзел у сакрамэнтах, праз малітву, духоўныя практыкі і Божае слова. Ужо даўно Святое Пісанне даступнае хрысціянам на зразумелай ім мове, ніхто не забараняе чытаць яго і разважаць над ім, але колькі з нас штодня карыстаецца гэтым дарам?

У нядзельным Евангеллі бачым кантраст паміж важным і істотным, на які звяртае ўвагу Пан Езус: «Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі». І гэтай здольнасці адрозніваць адно ад другога, мы павінны вучыцца, уважліва слухаючы нашага Бога. Калі, будуючы дом, мы не паставім фундамент і не ўрэжам дзверы, што з гэтага найбольш пашкодзіць усёй пабудове, а што можна лёгка выправіць? 

Жадаю нам усім з Божай дапамогай навучыцца адрозніваць трывалае Божае ад часовага чалавечага і верна трымацца першага.


Айцец Павел Мажэйка OP

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней