XXІIІ Звычайная нядзеля, Год B (05.09.2021)

Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса. Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся». Адразу адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»

(Мк 7, 31–37)

«Эффата!»

У Евангельскім чытанні перад намі паўстае чалавек, чые вушы і язык не функцыянуюць, ён глухі і нямы. Пан Езус, жадаючы вярнуць яму гэтыя вельмі важныя магчымасці і пры гэтым умацаваць у ім веру, укладае пальцы ў ягоныя вушы, а пасля, узяўшы пальцам уласную слюну, дакранаецца да ягонага языка. Палец тут — гэта алегарычны вобраз моцы Духа Святога. Чынячы гэтак, Пан Езус узіраўся ў нябёсы. Ён часта гэтак рабіў: калі жадаў размножыць хлеб, перад тым, як уваскрасіць Лазара, распачаўшы святарскую малітву. Гэта знак таго, што Яго вучэнне і цуды адбываюцца, дзякуючы моцы, укладзенай у Яго Айцом, бо Хрыстус прыйшоў да нас для таго, каб прывесці нас да свайго Айца.

Слова «эффата», якое Езус гаворыць, аздараўляючы глуханямога, азначае «адкрыйся». Падчас абраду хрышчэння дарослых часам спяваецца гімн, дзе ўжываецца гэтае слова. Менавіта сакрамэнт святога хрышчэння — час, калі нашыя вушы адкрываюцца на слуханне Божага слова, а язык атрымлівае пакліканне ажно да краёў зямлі абвяшчаць любоў Бога да чалавека, паўсюдна з любоўю гаварыць праўду і гэтак будаваць спакой у адносінах між людзьмі.

Папросім і мы сёння, каб Пан Езус прамовіў над намі «Эффата», напоўніўшы нас сваёю моцаю, каб адкрыць наш унутраны слых, і каб мы адчулі глыбіню Ягоных словаў і пачулі заклік бліжніх, які Ён пасылае нам, і каб нашыя словы заўсёды былі напоўненыя зместам, які вынікае з чыстага і міласэрнага, здольнага прабачаць, сэрца, бо яно аздароўлена Божаю любоўю і прабачэннем.


Айцец Раман Шульц ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней