ХХV Звычайная нядзеля, Год B (19.09.2021)
Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?» Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх». Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: «Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
(Мк 9, 30–37)
Хто з нас большы?
Перад тым як сесці пісаць разважанне на тэму нядзельнага Евангелля, я зазірнуў у навіны на партале Catholic.by і натрапіў на артыкул, у якім тлумачыцца, што новапрызначаны мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф Станеўскі не з’яўляецца «кіраўніком усіх католікаў Беларусі», як яго называюць СМІ. Артыкул добра тлумачыць, чаму гаварыць так пра мітрапаліта некарэктна. Здаецца, прасцей называць яго кіраўніком, значыць — галоўным над усімі католікамі Беларусі, але тое, што нам здаецца прасцейшым, не заўсёды з’яўляецца дакладным. Ці не тое самае робяць Апосталы, вызначаючы, хто з іх большы за іншых? Так прасцей: вызначыць, хто галоўны, а рэшта - хай яму падпарадкоўваецца. Ці не ўскладняе Пан Езус сітуацыю ў супольнасці сваімі словамі пра служэнне?
Толькі калі глыбей засяродзіцца на словах Бога, які пасяліўся між людзьмі, можна адкрыць, што па-сапраўднаму злучыць паміж сабою людзей можа толькі шчырае служэнне адзін аднаму. Езус ведае сутнасць чалавека, нашае магчымае імкненне да ўлады, да панавання, і таму паказвае нам шлях, якім ідзе сам. У Валадарстве Божым першым з’яўляецца той, хто з любові служыць іншым. Прапанова Хрыста здаецца нечым вар’яцкім у сучасным свеце, дзе людзі ўважліва сочаць, каб ніхто не пакарыстаўся імі і іх працай, каб высілак у працы быў пароўну падзелены паміж усімі. А што калі паспрабаваць адкласці ўбок свае амбіцыі і самалюбства і ў імя Хрыстовае быць слугою ўсім, памятаючы, што Хрыстус першы даў нам прыклад гэтага? Іншымі тады былі б нашыя сем’і, супольнасці, калектывы на працы. Такая пастанова можа змяніць грамадства ў лепшы бок. Можа, варта пачаць гэтую перамену з сябе, са свайго асяроддзя, задаўшы сабе пытанне: што я магу зрабіць для іншых, чым магу быць карысным?
Айцец Павел Мажэйка ОР