ХХVІ Звычайная нядзеля, Год B (26.09.2021)
Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне. Бо хто не супраць нас, той за нас. А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, 48дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
(Мк 9, 38–43. 45. 47–48)
«Хто спакусіць аднаго з малых гэтых…»
Арыгінальнае слова, перакладзенае як «спакушаць» літаральна азначае «быць прычынаю падзення», «даць дрэнны прыклад», і ад яго паходзяць такія словы як «скандал», «скандаліць», а імі ў сваю чаргу называюць не толькі гучныя сваркі, але і любую сітуацыю, што ганьбіць, няславіць чалавека.
Такім чынам, разумець сённяшні фрагмент Евангелля трэба шырэй, чым проста перасцярогу перад тым, каб вабіць і схіляць да граху, што заўсёды суправаджаецца больш ці менш выразным намерам. Часта людзі зусім несвядома ўласным дрэнным прыкладам могуць стаць прычынаю граху для іншых, асабліва для дзяцей і моладзі. Таму ўсім трэба быць асабліва ўважлівымі да сваіх дзеянняў, словаў, нават позіркаў, якія могуць выдаваць унутраны стан, думкі, жаданні. І найлепшы спосаб рабіць гэта, пазбягаючы нервознасці і стрэсу ад такога самакантролю, — гэта выхоўваць ў сабе цноту — трывалую схільнасць да дабра, якая дазваляе нават грэшную думку ўспрымаць ужо як ганьбу, знеслаўленне сваёй годнасці.
З іншага боку, даволі часта прычынай маральнага падзення некаторых людзей можа быць не толькі аб’ектыўна дрэнны, грэшны прыклад, але і чыста суб’ектыўнае ўспрыманне ўчынкаў, словаў і нават знешняга выгляду людзей, якія традыцыйна з’яўляюцца ўзорам маральнасці: святароў, настаўнікаў, выхавацеляў і г.д. Занадта легкадумна апрануты ксёндз або настаўніца з экстравагантным макіяжам могуць абудзіць недавер і сумненні ў вартасці навучання і маральных прынцыпаў, якія яны дэкларуюць, бо знешні выгляд найчасцей атаясамліваецца з унутраным воблікам.
Крушэнне маральнага аўтарытэту, у сваю чаргу, заўсёды стварае лаз для сапраўды грэшных уплываў, і мала хто здолее ім супраціўляцца. Таму ніколі не будзе лішнім узбуджаць у сабе шчыры жаль і вызнаваць на споведзі віну за ненаўмысныя духоўныя раны, якія мы, магчыма, зусім несвядома, нанеслі некаму з «малых гэтых», каб мінімізаваць верагодную шкоду для іх душаў і пазбегнуць адплаты за негатыўныя наступствы сваёй легкадумнасці. Гэтая практыка можа вельмі дапамагчы ўважлівей ацэньваць тое, што нам хочацца сказаць або зрабіць, задумвацца над вынікамі сваіх словаў і дзеянняў і прымаць адпаведныя рашэнні.
Заўсёды трэба памятаць, што дабро, якое мы здзяйсняем з любові да Бога і бліжніх, кампенсуе зло, якое прыйшло ў гэты свет пры нашым свядомым ці нават несвядомым «пасрэдніцтве» і якое, так ці інакш, вяртаецца да нас, калі мы не абіраем сваім шчытом святое Імя і Крыж Хрыстовы.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР