ХХIX Звычайная нядзеля, Год B (17.10.2021)

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

(Мк 10, 35–45)

Найлепшы прыклад

Каб патрапіць у нейкае месца, дзе мы ніколі не былі, і не згубіцца, патрэбны праваднік. Прычым такі, які сам ўжо быў у тым месцы і добра ведае дарогу.

Многія людзі шукаюць для сябе ўзор — людзей, да якіх хочуць быць падобнымі. Добра, калі побач ёсць чалавек, які дае добры прыклад, то бок, гэта рэальны чалавек, а не вобраз, створаны на патрэбу забаўляльнай індустрыі. Іначай можа атрымацца, што мы ідзем за міражом, які праз нейкі час развеецца, пакідаючы нас у разгубленасці. Добра ісці за тым, хто ведае, куды ісці, і добра ведае, кім ён ёсць.

У фрагменце Евангелля, які мы чуем у нядзелю, Пан Езус збірае вучняў, каб патлумачыць, на чым, а дакладней, на Кім, трэба абапіраць адносіны паміж братамі і сёстрамі ў Хрысце. Ён гаворыць: «Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх». Каб Апосталы не забыліся пра гэты наказ, Езус дае ім арыенцір, маяк, гледзячы на які, ніколі нельга заблукаць: «Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх». Калі мы адчуваем, што нешта не так у нашых уласных сем’ях, у супольнасцях, у супольнасці Касцёла, варта запытацца ў сябе: ці жыву я паводле словаў Хрыста, гледзячы на Яго, або, наадварот, стараюся дастасаваць Яго да свайго прывычнага жыцця? Жыццё па гэтых двух розных прынцыпах завяршыцца вельмі па-рознаму.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней