ХХX Звычайная нядзеля, Год B (24.10.2021)

І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.

(Мк 10, 46–52)

Слепата

Неўзабаве пачнецца лістапад. У Каталіцкім Касцёле гэты апошні асенні месяц прысвечаны асаблівай малітве за памерлых: у касцёлах і на могілках часцей гучаць словы: «Святло вечнае няхай ім свеціць»… Сама прырода, якой у гэтую пару года так не хапае сонечнага святла, нагадвае чалавеку, што без вечнага жыццядайнага Божага святла няма паўнацэннага жыцця ні на зямлі, ні ў вечнасці, і як бы заахвочвае нас задумацца над апошнімі рэчамі, якія наўпрост залежаць ад цяперашніх нашых учынкаў і памкненняў. А сучаснаму свету гэтага святла вельмі не хапае па віне саміх людзей, якія, хоць і разумеюць, што ў цемры жыць немагчыма, але адгароджваюцца ад крыніцы сапраўднага жывога святла, спадзеючыся, што «ўласнымі» сродкамі могуць асвятліць сваё жыццё.

Красамоўны вобраз такой абсурднасці — сучасныя крамы. Гэта месцы, дзе квітнее цывілізацыя спажывецтва і дзе нават у ясны сонечны дзень паўсюль гарыць электрычнае святло, а вокны шчыльна закрытыя ці ўвогуле забудаваныя, і сонца не можа туды зазірнуць. Так і Бог не асвятляе душу, што закрываецца ад яго, думаючы, што знойдзе Яму альтэрнатыву, забываючы, аднак, што мы — кволыя стварэнні: аварыя на электрастанцыі можа ў адзін момант паралізаваць усё, чым жыве сучасны чалавек… І што далей? Ці шмат хто гэта разумее?

Здаецца, сляпы жабрак каля Ерыхона (горада, які, дарэчы, быў увасабленнем грахоўнасці) знаходзіўся ў сітуацыі хоць і цяжкой, але лепшай, чым мноства людзей без праблем з фізічным зрокам, бо ім прага багацця, маёмасці, «прыгожага» жыцця закрыла вочы душы і на Бога, бліжніх, і нават на ўласнае збаўленне… У адрозненне ад іх Бартымэй дасканала ўсведамляў сваю бяду, прагнуў з яе вызваліцца і верыў, што толькі Месія-Езус можа яму дапамагчы. Таму, не зважаючы на пратэсты незадаволеных, працягваў настойліва ўсклікаць, паўтараў сваю малітву, якая пазней дала пачатак малітоўнай практыцы, распаўсюджанай ва ўсходнехрысціянскай духоўнасці. Яе заходнім аналагам лічыцца ружанцовая малітва, якой асабліва прысвечаны месяц кастрычнік на ўспамін аб цудоўнай перамозе, што ўратавала ў XVI стагоддзі хрысціянскую цывілізацыю ад ісламізацыі.

Гэта адбылося менавіта дзякуючы Ружанцу. Ці ж цяпер, не толькі ў кастрычніку, але і на працягу ўсяго свайго зямнога шляху, кожны католік не павінен гэтымі натхнёнымі, таксама евангельскімі (анёльскімі!) словамі вітаць Маці ўцелаўлёнага Бога - Езуса, Імя Якога стаіць у цэнтры гэтай малітвы? Ці ж не павінен прасіць Яго праз заступніцтва Марыі выратаваць ад зла і дапусціць да вечнага святла нас, грэшных людзей? Ці не варта замяніць многія непатрэбныя, а нават шкодныя размовы, думкі, жаданні (асабліва падчас дарогі, чакання і г.д.) разважаннем збаўчых таямніц, паўтараючы з верай і пашанай святыя імёны? І пры гэтым, як і сын Тымэя, не пераймацца, што на гэты конт думае не заўжды прыхільнае да духоўнасці асяроддзе, але яшчэ больш упарта прасіць Бога злітавацца над нашай агульнай  бядой, якая напрамую датычыць і  тых, хто не хоча прызнаваць гэтага.

Такую настойлівасць Бог не пакіне без увагі і ўсё больш людзей убачыць шлях, пракладзены Божым Сынам, і, як аздароўлены жабрак, пойдзе за Ім туды, дзе пануе вечнае Святло, прагненне якога скрываецца нават у самай заслепленай гэтым светам беднай чалавечай душы.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней