ХХXІ Звычайная нядзеля, Год B (31.10.2021)
Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
(Мк 12, 28b–34)
Паглядзі
Некаторыя сцвярджаюць, што першая запаведзь гучыць не столькі «любі», колькі «слухай». Гэта лагічна, бо так напісана: «Слухай, Ізраэль». І апроч таго: «Вера — ад пачутага» (Рым 10, 17).
А ў іншых месцах Святога Пісання шмат разоў сустракаецца слова «глядзі». «Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: “Пане, мы хочам убачыць Езуса”» (Ян 12, 20–21). Нават Ірад «хацеў убачыць Яго» (Лк 9, 9). А калі шукаць намёкі на вечнае шчасце, то прачытаем: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Дык шчасце палягае на бачанні ці на слуханні?
Дык што першае: слухаць ці бачыць? Адкуль бярэцца любоў? Са слухання ці з бачання? Я сказаў бы — з бачання. Філіп заахвочвае Натанаэля: «Ідзі і паглядзі», а той, калі Езус ўбачыў яго «пад смакоўніцаю», усклікнуў: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» (гл. Ян 1, 46–49). Бо толькі тады, калі ён убачыць (!) гэтага НЕКАГА, то сэрца пачне біцца мацней. Сапраўды, магчыма, вера нараджаецца з пачутага, але любоў — з убачанага. Гэтая большая важнасць бачання палягае на тым, што яно працуе і ў адваротны бок: я магу быць «убачаны». І нават, калі я пляту столькі непатрэбных словаў, што слухаць мяне ўжо немагчыма, той, аднак, хто ўбачыў мяне, не здолее выкінуць мяне са свайго сэрца.
Паглядзіце на Богачалавека. Гэта вельмі цікавае відовішча.
Я гляджу на Езуса праз усё, напісанае пра Яго: праз метафары, вобразы, намаляваныя словам. Мне дапамагае ў гэтым уяўленне. Вачыма ўяўлення я бачу (!), што Ён рабіў, што казаў, які быў. А быў Ён такі, як казаў. Чалавек, злучаны з Богам, а Бог — з чалавекам. Праз чалавека я бачу Бога. Бог ёсць сам як чалавек (Homo verus). Я бліжэй да таго, што ёсць. Здараецца, што я не бачу, нічога не бачу! Але найчасцей я бачу «праз люстэрка, цьмяна», і ёсць абяцанне, што ўбачу «тварам у твар» (1 Кар 13, 12). Бачанне робіць шчаслівым.
Паглядзі на бліжняга… як на сябе самога. Якім чынам ты глядзіш на сябе самога? Чыімі вачыма? Сваімі вачыма, вачыма маці, бацькі, сваякоў, сяброў, настаўнікаў, святароў, калегаў, дзяржавы, Касцёла..? З воднага люстра трэба прыбраць шмат лістоў, паламаных галінак і пылу, каб убачыць твар. Таму паглядзець на сябе праз вочы Богачалавека карысна. А лепш за ўсё паглядзець сваімі вачыма. Так ці інакш, глядзі…
Айцец Тамаш Галонка ОР
Паводле матэрыялаў партала wdrodze.pl