ХХХІІІ Звычайная нядзеля, Год B (14.11.2021)

Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.

(Мк 13, 24–32)

Надзейная апора

Сённяшняе евангельскае чытанне — гэта адзін з фрагментаў Святога Пісання, які можа нас асабліва непакоіць. Мы шукаем у свеце апоры, надзейнасці. Неба, сонца, зоркі, зямля здаюцца нам самымі надзейнымі, і вельмі часта мы шукаем у гэтых апорах бяспекі. Але сёння Пан Езус паказвае нам, што бяспека ў гэтых справах — гэта ілюзія.

Кожны з нас, з аднаго боку, гэта ведае: ведае, што некалі будзе канец свету, і хутчэй за ўсё (Езус, дарэчы, гаворыць, што мы не ведаем ні дня, ні гадзіны) мы пакінем гэты свет раней. Усё гэта — зямля, сонца, зоркі — не дадуць нам гэтай поўнай, канчатковай бяспекі. Пан Езус сёння, можна сказаць, пазбаўляе нас гэтай ілюзіі, але сённяшні евангельскі ўрывак нясе добрую вестку: Пан Езус гаворыць, што гэты свет скончыцца, наша жыццё ў ім закончыцца, але напрыканцы ўсяго мы сустрэнемся з Ім, убачым Яго перамогу.

Перамога Хрыста непадобная да перамогі зямных уладароў — палітыкаў і лідэраў, — якая можа несці нешта добрае для нас, але ўсё адно яе трэба баяцца. Перамога Хрыста — гэта перамога дабра, перамога Божага Валадарства. Канешне, з аднаго боку мы адчуваем занепакоенасць, бо не да канца жывём як дзеці гэтага Валадарства, але з іншага — ведаем, што мы ўсе пакліканыя і выбраныя, усе любімыя Божыя дзеці. І таму з надзеяй можна чакаць сустрэчы з Хрыстом, бо знікнуць сонца і зоркі, але яшчэ хутчэй знікне зло, якое адбываецца ў свеце з маім удзелам. Гэтае зло не з’яўляецца часткаю маёй сутнасці, мая сутнасць любімага і выбранага Божага дзіцяці будзе захаваная, але з яе ўжо знікнуць смерць, хваробы, памылкі, брыдоты…

Калі гэты часовы свет скончыцца — увогуле ці асабіста для мяне — я сустрэну Хрыста, які дае мне ўдзел у сваім жыцці, і гэтае жыццё, гэтае Валадарства насамрэч з’яўляецца адзінаю надзейнаю апораю.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней