Канфлікт аўтарытэтаў

Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год В (21.11.2021)

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?» Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль». Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».

(Ян 18, 33–37)

Канфлікт аўтарытэтаў

Нам часам здараецца перажываць канфлікт аўтарытэтаў. Гэта звычайная справа для чалавека ўжо з самага пачатку жыцця: дзіця чуе, як мама нешта забараняе, а тата дазваляе ці наадварот. Вядома, дзіця выбірае, каго яму выгадней паслухаць, але ў той жа час вучыцца не давяраць аўтарытэтам. Ужо значна пазней, у дарослым жыцці, гэта праяўляецца ў яго стаўленні, напрыклад, да працы: начальства кажа адно, правілы — іншае, а я зраблю па-свойму. Як захаваць у такіх умовах еднасць, узаемаразуменне, атмасферу дыялогу? Нам трэба нанова вучыцца распазнаваць тых, хто мае сапраўдную ўладу і прыкладаць усе намаганні, каб быць ім паслухмянымі.

У такім кантэксце вельмі актульнаю становіцца размова Езуса з Пілатам. Езус на пытанне аб сваёй каралеўскай годнасці таксама адказвае пытаннем: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?». Што з таго, што хтосьці займае высокае становішча, жыве ў палацы, мае багацце і камфорт, але не прызнаны народам? Такім уладаром быў Пілат: яго баяліся але не шанавалі. Валадарства Хрыста не абапіраецца на ўсе гэтыя знешнія «атрыбуты ўлады». Ён — фактычны Уладар, Ён — Бог.

І тут варта звярнуць увагу на тое, што датычыць непасрэдна кожнага з нас. Ці прызнаем мы Хрыста сваім Уладаром, ці аддамо сваё жыццё дзеля служэння Яму, або, наадварот, будзем мітусіцца паміж зямнымі ўладарамі, прагнучы займець хоць маленькую ўладу над іншымі? Адно можна сказаць пэўна: мы не ў стане быць уладарамі над самімі сабою. Дастаткова прыпомніць, як разбіваюцца ў дробны пыл усе нашыя добрыя інтэнцыі і пастановы, калі мы хочам ажыццявіць іх толькі сваімі сіламі.

Дык хто ж з’яўляецца ўладаром майго жыцця?


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней