ІІІ нядзеля Адвэнту, Год С (12.12.2021)

Радуйся, дачка Сіёна!
Трыумфуй, Ізраэль!
Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!
Адмяніў Пан прысуд над табою,
прагнаў ворага твайго!
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе:
ужо больш не ўбачыш зла.
У той дзень скажуць Ерузалему:
Не бойся! — і Сіёну:
Няхай жа не слабнуць рукі твае!
Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!
Будзе вельмі радавацца табе,
узрушаны ў любові сваёй,
будзе цешыцца табою ў  весялосці,
як у святочны дзень.

(Саф 3, 14–18а)

Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам. І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

(Флп 4, 4–7)

І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

(Лк 3, 10–18)

Радуйся!

Сёння — трэцяя нядзеля Адвэнту, якая называецца Gaudete. «Gaudete» значыць «радуйцеся» — радуйцеся таму, што блізка вашае збаўленне. У літургічных чытаннях гэтай нядзелі заклік да радасці з’яўляецца некалькі разоў. Першае чытанне з кнігі прарока Сафоніі поўнае радасці: «Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль». Яшчэ больш мяне кранаюць словы святога Паўла ў пасланні да Філіпянаў: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям». Вось сувязь паміж радасцю і лагоднасцю — чалавек, поўны надзеі, які не мусіць баяцца, які бачыць сэнс свайго жыцця і дабро ў сваім жыцці становіцца таксама лагодным. Насамрэч мы заўсёды хочам раздзяляць з іншымі нашую радасць, хочам даваць яе іншым, перамяняць іх, каб яны мелі ўдзел у нашай радасці, у нашым пачуцці гармоніі і збаўлення. Сапраўды радасны чалавек, у чыім сэрцы пануюць мір і надзея, будзе суцяшэннем для іншых і прычынаю іх радасці.

Гэта вельмі заўважна ў сённяшнім евангельскім урыўку. Розныя людзі прыходзяць да Яна Хрысціцеля, вельмі аскетычнага чалавека, прарока, які сваёю суровасцю можа нават выклікаць страх. Прыходзяць тыя, каго грамадства лічыла вялікімі грэшнікамі: жаўнеры і мытнікі, і Ян Хрысціцель дзеліцца з імі сваёй надзеяй і радасцю, не адкідвае іх, а паказвае, як трэба жыць. Калі прыходзяць мытнікі, ён раіць: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце», калі прыходзяць жаўнеры, ён кажа ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва». Ён раіць усім людзям дзяліцца: аддаваць адну вопратку бліжняму, калі маеш дзве, і г.д.

Радасцю ў сэрцы і досведам збаўлення проста неабходна дзяліцца, у гэтым іх сутнасць. Гэтая евангельская сцэна, калі да Яна Хрысціцеля прыходзяць нават тыя, каго грамадства адкідвала як апрыёры дрэнных людзей, паказвае, што кожны з нас можа прыняць удзел у радасці збаўлення, кожны з нас можа чакаць Месію, бо прапанова жыцця ў гармоніі, лагоднасці, шчасці і сапраўднай радасці — датычыць кожнага з нас.

Важна, каб цяпер, у сярэдзіне Адвэнту, мы прынялі ў сябе слова «Радуйся!» Радуйся — таму што Збаўца прыходзіць у тваё жыццё, у жыццё кожнага чалавека. Радуйся — бо Месія неабыякавы да твайго жыцця, да тваіх праблем і слабасцяў, і сярод ночы, слабасці і граху Ён хоча распаліць святло радасці.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней