«Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася…»

Сёння айцец дамініканін Раман Шульц ОР прапануе разам з ім паразважаць над словамі святой Уршулі Ледухоўскай пра тое, што ўсё добрае ў чалавеку належыць Богу.

ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана, Год С (02.01.2022)

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».

(Ян 1, 1–18)

«Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася…»

Шаноўныя браты і сёстры, варта ўважліва прачытаць і паразважаць над маленькім, але глыбокім каментарыем да сказа з сённяшняга евангельскага ўрыўка. Гэта каментар з кнігі святой Уршулі Ледухоўскай «Скарб любові». Хай думкі святой Уршулі стануць у нас рэчаіснасцю. Недастаткова толькі прачытаць іх.

Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася...

Пра гэта я заўсёды павінна памятаць. Бог стварыў мяне, без Яго я — нікчэмнасць, толькі ў Ім я маю жыццё, якое будзе працягвацца ўсю вечнасць... Бедны чалавечы розум такі слабы, што, як толькі прыйдзе нейкі поспех, прызнанне, пахвала — ён ужо становіцца больш пыхлівым, ужо думае, што мае права ўзвышацца над іншымі, што мае нейкую сваю вартасць. А гэта неразумна.

Трэба аддаць Богу тое, што Ягонае, гэта значыць, усё, што ўва мне ёсць добрага, бо гэта Божае! Аднаму Богу належыць за гэта хвала і падзяка, а не мне... Бог стварыў мяне для сябе і паводле ўсялякай справядлівасці я належу Богу.

Пане мой, злітуйся нада мною, дай мне прызнаць усё сваё ўбоства, дай мне пакору!


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней