Duc in altum – Адплыві на глыбіню

Сёння разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра тое, на чым павінна будавацца нашае жыццё, каб мы маглі плысці на глыбіню.

V Звычайная нядзеля, Год С (06.02.2022)

Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.

Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

(Лк 5, 1–11)

Duc in altum - Адплыві на глыбіню

Сёння ў евангельскім чытанні мы чуем заклік Пана Езуса «адплыві на глыбіню». З гэтымі словамі Хрыстус звяртаецца да апостала Пятра падчас рыбнай лоўлі, і апроч даслоўнага значэння ў іх ёсць і духоўны сэнс. Папа Ян Павел ІІ ужыў гэтыя словы ў сваім апостальскім лісце Novo Millennio ineunte («На пачатак новага тысячагоддзя»), які выйшаў у 2000 годзе. У раздзеле «Пачаць нанова з Хрыста» Папа сцвярджае, што не трэба старацца і шукаць новую душпастырскую праграму на трэцяе тысячагоддзе, бо гэтая праграма ўжо ёсць. Гэтая праграма — душпастырскія прыярытэты, і Папа пералічвае сем такіх прыярытэтаў. Гэта: 1) святасць, 2) малітва, 3) нядзельная Эўхарыстыя, 4) сакрамэнт паяднання, 5) першынство ласкі, 6) слуханне Божага слова, 7) абвяшчэнне Божага слова.

Гэтая прапанова, гэтыя сем напамінаў зусім не новыя для Каталіцкага Касцёла. Пералічваючы іх, Ян Павел ІІ да кожнага дае кароткі каментар, па-новаму асвятляючы гэтыя пастулаты, дазваляючы паглядзець на іх з іншай кропкі гледжання. Я не буду пісаць пра гэта падрабязна, а заклікаю вас прачытаць азначаны ліст Novo Millennio ineunte, пункты 29–41. Аднак хачу падрабязней разгледзець той пункт, дзе ўжытыя словы «плыві на глыбіню». Папа робіць гэта ў пункце 5, разважаючы аб першынстве ласкі ў нашым жыцці. Ён падкрэслівае, што калі ў нашым жыцці і душпастырскіх дзеяннях не дамінуе ласка, тады ўсе нашыя справы скончваюцца паразаю, пакідаючы ў сэрцы «бяссілле і пачуццё фрустрацыі». Вырашэннем жа з’яўляецца «вера, малітва і дыялог з Богам, каб сэрца адкрылася для струмянёў ласкі, а слова Хрыста змагло з усёю моцаю прасякаць нас: Duc in altum».

Святы Тамаш Аквінскі нагадвае пра гэтае правіла словамі gratia supponit naturam, што значыць «ласка ўдасканальвае (узвышае) прыроду». Гэтая думка адпавядае адной з шасці праўдаў веры, указаных у катэхізісе: «Божая ласка абавязкова патрэбная для збаўлення». Нашыя прыродныя разумовыя здольнасці і воля даюць нам вялікія магчымасці, але, каб чалавек мог жыць дзеля Божай славы і выконваць Божую волю, нашым розуму і волі патрэбныя надпрыродныя дары — ласкі. Словы Папы «плыві на глыбіню» — гэта запрашэнне для нас у служэнні Богу і бліжняму пайсці яшчэ далей, свядома прыняць заклік жыць у святасці, паглыбляючы малітву, лепей спавядаючыся, паўней прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі і звяртаючыся да Святога Пісання ў духу вядомай старажытнай методыкі Lectio divina. Мне гэта нагадвае пра «пяць камянёў Давіда», з якімі той выйшаў на бой з Галіяфам. Гэтыя практыкі прапануюцца ў санктуарыі Маці Божай у Меджугор’і. Гэтыя «пяць камянёў» — Эўхарыстыя, споведзь, Святое Пісанне, малітва і пост. Яны вельмі блізкія да тых сямі прыярытэтаў, што назваў Ян Павел ІІ. Пішучы ў лісце на трэцяе тысячагоддзе пра малітву, Папа падкрэсліў, што «малітве трэба заўсёды вучыцца нанова». Падаецца, што гэтак жа заўжды нанова, просячы ласкі ў Духа Святога, трэба вучыцца жыць і «пяццю камянямі Давіда». Гэта крыніцы ласкі, падобныя да ствалоў шахты — чым глыбей мы спускаемся, тым больш каштоўных скарбаў нам адкрываецца.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней