Разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра тое, як Бог любіць нас і якою славаю жадае нас адарыць.

VІІ Велікодная нядзеля, Год С (29.05.2022)

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету. Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

(Ян 17, 20–26)

Любоў і слава

Тэма славы — гэта лейтматыў Евангелля паводле святога Яна. Яшчэ ў першым яго раздзеле мы чытаем, што вучні ўбачылі славу, якую Адзінародны Сын атрымаў ад Айца. У другім раздзеле, дзе апісваецца вяселле ў Кане Галілейскай, мы чытаем, што Езус аб’явіў сваю славу вучням. І ў наступных раздзелах гэты матыў пастаянна з’яўляецца ў тэксце. І ў апошняй святарскай малітве, якая гучыць падчас сённяшняга чытання, Хрыстус шмат разоў гаворыць пра славу. Што такое слава? Слава звязаная з аб’яўленнем Божага Сына. Хрыстус аб’яўляе сваю славу тым, хто ў Яго верыць. Гэта азначае, што слава — нейкае іншае вымярэнне, іншы бок праўды аб тым, Хто такі Божы Сын. Хто Ён такі — ведае Айцец і аб’яўляе гэта свету. Толькі Бог ведае праўду пра свайго Сына. Тое самае датычыцца і праўды пра нас: толькі Бог ведае, кім мы насамрэч з’яўляемся. Толькі Бог ведае нас цалкам. Нягледзячы на тое, што людзі пра нас гавораць, што мы самі пра сябе думаем, праўда пра нас напісана ў Божым сэрцы.

Калі слава і ідэнтычнасць, то бок праўда пра гэтую Асобу, — гэта адно і тое ж, як сцвярджае святы Ян, тады становіцца зразумела, чаму еднасць Касцёла залежыць ад таго, ці прымем мы хвалу Божага Сына. Калі мы разам бачым тое, Хто такі Хрыстус, прыходзім да Яго і становімся адзіным Касцёлам, тады паміж намі няма падзелаў, бо мы разам пазнаем Хрыста. Трэба паверыць, што Ён быў умілаваным Сынам Айца да пачатку вякоў, і гэта найглыбейшая праўда пра Яго. Звернем увагу, што сёння Езус моліцца, каб Яго слава прабывала ў нас, каб мы паверылі, што ад стварэння свету сталі ўмілаванымі дзецьмі Айца, што Айцец сапраўды палюбіў нас. Таму напрыканцы фрагмента мы чытаем, як Езус моліцца, каб у нас прабывала Божая любоў, каб у нас жыла любоў Айца. Давайце дазволім Богу праявіць гэта ў нас. Давайце дазволім Богу вызначыць межы таго, кім мы насамрэч з’яўляемся, каб мы маглі прыняць любоў, якою Ён палюбіў нас. Давайце паглядзім на сябе не праз прызму таго, што самі пра сябе думаем, а праз прызму таго, як Бог любіць нас.


Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.

Паводле матэрыялаў youtube-канала Dominikanie Poznań

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней