Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра тое, як удзячнасць вызначае месца ў чалавечым жыцці.
XXІІ Звычайная нядзеля, Год С (28.08.2022)
Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: «Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».
Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».
(Лк 14, 1. 7–14)
Заняць сваё месца
Кожны чалавек імкнецца заняць сваё месца ў жыцці. Многія пры гэтым упэўнены, што яно абавязкова павінна быць адметным, важным, бо лічаць, быццам заслугоўваюць гэтага. Аднак, калі задацца пытаннем, на чым жа асноўваецца гэтая заслуга, акажацца, што яе на самой справе амаль і няма!
Сапраўды, нельга лічыць сваёй уласнай заслугай нараджэнне ў добрым асяроддзі, у заможнай сям’і, у развітой краіне, у горадзе з вялікімі магчымасцямі. Нават фізічныя дадзеныя і здольнасці, закладзеныя Богам праз натуру і бацькоў, не мелі б належнага развіцця без удзелу іншых асобаў: тых жа бацькоў, родных, блізкіх, выхавацеляў, настаўнікаў і г.д. Гэта толькі ў казцы хлопчык Маўглі вырас сярод жывёл нармальным чалавекам! Прыклады ж рэальных «маўглі» куды больш сумныя: дзеці, пазбаўленыя чалавечага асяроддзя, трапіўшы ў яго ў больш сталым узросце, так і не могуць адаптавацца ў грамадстве… Уласная заслуга чалавека можа быць хіба ў тым, што ён не толькі не змарнаваў дадзенага яму Богам і іншымі людзьмі, але развіў гэта і памножыў на карысць бліжніх, не забываючыся пра ўдзячнасць тым, ад каго ўсё атрымаў, з чыёю дапамогаю стаў тым, кім стаў, і можа далей дасканаліцца як асоба.
Але ці шмат тых, хто памятае пра ўдзячнасць? На жаль, часцей можна пачуць скаргі дзяцей на бацькоў, што тыя чагосьці не дадалі, чымсьці не забяспечылі і г.д. Хоць слушнай магла б быць толькі адна адзіная скарга: на адсутнасць своечасовага рэлігійнага выхавання. Бо калі бацькі, маючы мінімальную магчымасць прывесці дзяцей да Бога — праз уласны прыклад і навуку рэлігіі — аднесліся да гэтага абыякава, то ім у сваю чаргу нельга скардзіцца на няўдзячнасць дзяцей, якім не далі аснову асноваў — веру, што вучыць аб годнасці Божага дзіцяці ў кожным чалавеку, якая праяўляецца ў пашане да старэйшых. У служэнні бліжнім, у жыцці паводле закладзенага ў чалавечую натуру Божага закону…
Калі ж хто лічыць, што вера перашкаджае заняць годнае месца, бо не дазваляе выкарыстання пэўных сродкаў у дасягненні мэты, то як ён можа спадзявацца на першае месца ў Божым Валадарстве? У той жа час, калі хто нават коштам адмовы ад рэалізацыі ўласных амбіцый імкнецца шчыра аддзячыць усім, хто спрычыніўся да яго з’яўлення на свет, развіцця і выхавання, ставячы Бога на першае месца, несумненна, у Яго вачах знойдзе прыхільнасць і пачуе ў вечнасці: «Дружа, перасядзь вышэй…»
Айцец Міхал Ермашкевіч OP