Праведнікі і грэшнікі

Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра тое, што такое сапраўдная праведнасць і пакора Божага слугі.

XXХ Звычайная нядзеля, Год С (23.10.2022)

Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

(Лк 18, 9–14)

Праведнікі і грэшнікі

Для таго, каб быць насамрэч праведным, недастаткова толькі рэгулярна выконваць добрыя ўчынкі. Праведнік вызначаецца перш за ўсё ўнутранымі адносінамі да Бога і бліжняга, якія праяўляюцца ў тым, што Бог стаіць на першым месцы, а адносіны з бліжнімі будуюцца так, каб спрыяць іх шляху да Крыніцы жыцця, дабра і любові, успрымаючы ўсялякі грэх — і свой, і чужы — са смуткам, але без асуджэння.

На жаль, многія людзі, якія сапраўды робяць шмат дабра, гледзячы на недахопы, падзенні, слабасці іншых, напаўняюцца амаль што радасцю, што іх гэта, як ім здаецца, не датычыць, і з задавальненнем гавораць пра негатыў.

Гэтая вялікая небяспека часта падсцерагае нават вельмі пабожных людзей і можа зрабіць іх падобнымі да фарысея з прыпавесці. Самазадаволенасць і зларадства трэба выкараняць адразу, як толькі яны пачнуць сябе праяўляць у нашых думках. Гэта зусім не азначае, што трэба ўпадаць у іншую крайнасць — фальшывую пакору, якая на самой справе з’яўляецца адваротным бокам ганарлівасці (такі пакорны, што аж ганарыцца сваёй пакорай!) Несумненнае дабро, якое праз нас Бог рэалізуе ў гэтым свеце, не з’яўляецца нашай уласнасцю, мы не можам лічыць сябе яго аўтарамі, а толькі слугамі, якія выконваюць тое, што павінны. Удзячнасць Богу за тое, што чарговы раз мы Яго не падвялі, не можа суправаджацца параўнаннем сябе з тымі, каму гэта не ўдаецца (а можа, толькі аднойчы не ўдалося, а мы з лёгкасцю прычэпліваем да яго ярлык дрэннага чалавека, не зважаючы на добрыя ўчынкі).

З іншага боку, сапраўдны праведнік не будзе «зацыклівацца» на недахопах бліжніх, а наадварот, пастараецца іх не заўважаць (калі толькі гэта не нясе вялікай небяспекі), падкрэсліваючы добрыя рэчы ў размове пра гэтага чалавека з іншымі, але далікатна ўказваючы яму, найлепш сам на сам, як іх пераадолець. На жаль, у жыцці бывае акурат наадварот: у вочы мы гаворым толькі добрае, нават завышаючы яго рэальную вартасць, а за плячыма змешваем чалавека з балотам. Пры гэтым забываемся, што «кожны ўсё ацэньвае ў меру сваёй сапсаванасці». Міжволі мы раскрываем уласнае ўнутранае зло, падазраючы ў ім іншых. Цалкам цнатлівы і чысты чалавек не можа бачыць у іншых тое, чаго сам не мае. А калі мы бачым або нават дадумваем, гэта азначае, што на самой справе мы самі не вольныя ад той ці іншай дрэннай схільнасці. Якое ж тады права мы маем судзіць пра бліжняга? Не судзіце і не будзеце асуджаныя.

«Прыніжаць сябе» не азначае «не мець пачуцця ўласнай годнасці і самапавагі», як думаюць некаторыя. Гэтае «прыніжэнне» — прызнанне, што высокае першае месца заўсёды занятае Богам, і мы не можам самавольна заняць яго, прыніжаючы бліжніх, лічачы сябе лепшымі і больш за іх вартымі Божых дабротаў. Толькі Бог можа аб’ектыўна ацаніць кожнага і, «зважаючы на пакору слугі свайго», наблізіць таго да рэчаіснасці, у якой Ён сам прабывае, узвысіць да Божых вышыняў і дазволіць быць побач з сабой назаўсёды.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней