Крыніца бясконцай радасці

Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра крыніцу бясконцай радасці.

І Нядзеля Адвэнту, Год A (27.11.2022)

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

(Мц 24, 37–44)

Крыніца бясконцай радасці

Адвэнт часта называюць перыядам радаснага чакання прыходу Пана, і многія сучасныя католікі лічаць яго настолькі радасным, што ніяк не суадносяць з касцёльнай запаведдзю аб устрыманні ад гучных забаваў, тым больш што навакольны свет імкнецца палегчыць прыгнятальную атмасферу самай цёмнай пары года вясёлымі мерапрыемствамі, перадсвяточнымі рэкламамі з каляровай ілюмінацыяй, якую раней і не думалі запальваць перад святамі і г.д. Як тут устрымацца? Аднак згода на вясёлае перажыванне кароткіх снежаньскіх дзён небяспечная тым, што непрыкметна вядзе да пазбаўлення духоўнага вымярэння самога паняцця радасці, якое ўсё больш звязваецца выключна з зямнымі задавальненнямі. А яны далёка не заўсёды адпавядаюць Божым запаведзям. Напрыклад, многія дзеля задавальнення лёгка пераступаюць запаведзь «Не чужалож», хоць усім вядомыя далёка не такія прыемныя і нават трагічныя наступствы яе парушэння. І вось ужо для сучаснага грамадства сталі нормай пазашлюбныя адносіны, разводы, забойствы ненароджаных дзяцей… Паступова і многія з тых, хто лічыць сябе хрысціянамі, пачынаюць не бачыць у гэтым нічога страшнага, нават дапускаюць гэтыя грахі ў сваё ўласнае жыццё: маўляў, такія цяпер часы… А з часам трэба «ісці ў нагу»… Вось і распаўсюджваецца перакананне, што і касцёльнае жыццё трэба дастасоўваць да разумення «сучаснага чалавека» не толькі ў маральным плане, але і ў духоўным. У выніку духавенства ўдзяляе свецкім справам увагі больш, чым сваім непасрэдным абавязкам. У імя «набліжэння сучаснага свету да Бога» самога Бога выдаляюць з усіх сфераў жыцця, у тым ліку з рэлігійнай, праз дэсакралізацыю святыняў і самой літургіі, дзе часам даходзіць да прафанацыі Сакрамэнту Божай любові, у якім Бог нябачна, але рэальна прыходзіць да нас, каб падрыхтаваць да свайго канчатковага слаўнага прыйсця… Пра якую радасную сустрэчу з Тым, хто пад прыкрыццём нібыта добрых намераў быў зняважаны, могуць гаварыць няверныя хрысціяне? Святло Божай любові выявіць усю праўду і фальш, ніхто ўжо не зможа падманваць сябе і іншых перад прамяністым позіркам Даўцы сапраўднага шчасця…

Такім чынам, асновай адвэнтавай радасці з’яўляецца перш за ўсё ўсведамленне, што Бог дае нам яшчэ крыху часу для выпраўлення скажонага бязбожным сучасным менталітэтам сумлення, і што ў Яго Касцёле мы маем магчымасць аднавіць духоўныя сілы, каб пакінуць небяспечныя шляхі і крочыць толькі насустрач Збаўцы, які прыходзіць, Крыніцы бясконцай радасці, якая пераўзыходзіць усе разам узятыя зямныя задавальненні…


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней