Разам з айцом дамініканінам Радаславам Венцлаўкам ОР мы разважаем пра шчасце быць Божым «няўдачнікам».

ІV Звычайная нядзеля, Год А (29.01.2023)

Шукайце Пана, усе пакорныя зямлі, якія выконваеце Яго пастановы. Шукайце справядлівасці, шукайце пакоры; можа, вам удасца схавацца ў дзень гневу Пана.
Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны,
і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана.
Ацалелыя з Ізраэля не будуць чыніць беззаконне,
не будуць гаварыць няпраўду,
і не знойдзецца ў іх вуснах язык падманлівы,
бо яны будуць пасвіцца і адпачываць,
і ніхто не спалохае іх.

(Саф 2, 3; 3, 12–13)

Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат высакародных.

Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.

Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога, і справядлівасцю, і пасвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана: Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану.

(1 Кар 1, 26–31)

Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

(Мц 5, 1–12а)

Божыя «няўдачнікі»

У грэцкай мове ёсць прынамсі тры словы, з дапамогай якіх можна перадаць сэнс паняцця «шчасце»: eudaimonía, eutyhía і makariótēs. Першае азначае «мець добрага (eũ) духа ахоўніка (daímōn)» — так апісваецца стан, у якім нас падтрымлівае вышэйшая сіла. Значэнне другога слова блізкае да нашага паняцця «шанцаванне» — спрыяльны лёс (týhē). Калі паспрабаваць з дапамогаю гэтых словаў патлумачыць думку святога Паўла з сённяшняга другога чытання, можна сказаць, што сярод хрысціянаў мала тых, каму ўласцівыя «еўдэймонія» або «эўтыхія». Апостал наўпрост гаворыць: «Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат высакародных» (1 Кар 1, 26). Лідарамі сваёй супольнасці Езус выбраў не кіраўнікоў Ізраэля або кніжнікаў. Ён зрабіў стаўку на людзей з правінцыі, рыбакоў і выгнаннікаў. Ён называе іх — гэтак жа як убогіх, засмучаных, пераследаваных — словам makárioi, ад якога паходзіць вышэйзгаданае слова makariótēs. Хрыстус у сённяшнім Евангеллі абяцае шчасце васьмі групам «няўдачнікаў». Але гэта не тое шчасце, якое можна выйграць у латарэі або атрымаць дзякуючы заступніцтву нейкага боства, напрыклад, абмінуўшы хваробу. За гэтым словам хаваецца асалода тых, хто сілкуецца нектарам і амброзіяй. Шчасце, уласцівае багам, вызначалася менавіта словам makariotēs. Восем благаслаўленняў сведчаць, што незалежна ад таго, дзе мы нарадзіліся і ў якіх абставінах жывем, Езус хоча даць нам Боскае шчасце. Гэта не значыць, што мы будзем спажываць амброзію або піць нектар. Ён хоча падарыць нам шчасце, якое з’яўляецца ўдзелам Яго самога. Шчасце таго, хто быў бежанцам, хто вырас у маленькім бедным мястэчку і быў забіты людзьмі, якія павінны былі б Яго каранаваць. Шчасце Хрыста — быць побач з Айцом. Рэцэпт гэтага шчасця дае нам Казанне на гары, якое пачынаецца з абяцання Боскай асалоды для «няўдачнікаў».


Айцец Радаслаў Венцлавэк OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней