Сёння разам з айцом дамініканінам Кшыштафам Паплаўскім ОР мы разважаем пра тое, як моманты Божага аб’яўлення ўмацоўваюць нас і дапамагаюць перажыць жыццёвыя выпрабаванні.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана, год В (06.01.2024)

Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус? Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

„І ты, Бэтлеем, зямля Юды,
нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
бо з цябе выйдзе Правадыр,
які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля“».

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

(Мц 2, 1–12)

Убогія месцы

Аб’яўленне — гэта адкрыццё таямніцы Бога і чалавека для таго, каб мы, умацаваныя гэтым досведам, ішлі далей па жыццёвых шляхах. Так выглядаюць сустрэчы з Богам: хвіліны ласкі і святло ўваходзяць у нашую штодзённасць. Усё адбываецца ў звыклых абставінах. У сённяшнім Евангеллі — у доме пасля з’яўлення на свет Дзіцяці, «нованароджанага Караля Юдэйскага» (пра гэта нагадае Пілат, змясціўшы на крыжы надпіс: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі»). Мудрацоў гэта не здзіўляе, бо іх вера абапіраецца на веданне, што ўбачанае імі крые ў сабе вялікую таямніцу. Святы Мацвей паказаў гэта праз сімвалічнае значэнне дароў: золата — знак каралеўскай годнасці Езуса, кадзіла — знак Яго Боскай натуры, а міра — знак чалавечнасці і прадвесце мукі на крыжы. І гэтая хвіліна аб’яўлення, адкрыцця таямніцы, для мудрацоў, бацькоў і іншых сведкаў была ўмацаваннем на далейшыя жыццёвыя выпрабаванні. Мудрацы вырушылі ў сваю айчыну, а бацькі разам з Езусам праз пэўны час мусілі ўцякаць у Егіпет.

Нават калі Бэтлеем — убогае месца, то не найгоршае, бо з яго выходзіць найвышэйшы Пастыр. Мы жадаем быць як мага далей ад усяго нікчэмнага. Відавочна, гутарка ідзе пра матэрыяльнае вымярэнне, але ж нас таксама адольвае слабасць, грэх, цемра, перспектыва смерці. І дзякуючы гэтаму Дзіцяці, народжанаму ва ўбогім месцы, мы верым, што Пан Бог у гэтых нашых убогіх месцах заўсёды з намі. Гэтае ж Дзіцятка праз хвіліну забрудзіць тое, што служыць яму за пялюшкі, і будзе паспешліва ссаць грудзі Маці, а ноччу будзе пракаць, і бацька, трымаючы Яго на руках, будзе хадзіць і гушкаць з надзеяй, што такім чынам супакоіць свайго Сына. А можа, Дзіцяці перадаецца неспакой і няўпэўненасць бацькоў у заўтрашнім дні, таму яно не можа заснуць? Ва ўсім гэтым ёсць Бог, Бог з намі і для нас. І ў гэтым наша надзея. І крыніца адвагі, каб стаць перад Ім і аддаць Яму ўсё, асабліва самае нікчэмнае, і рушыць далей па жыцці.


Айцец Кшыштаф Паплаўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней