Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра захапленне вераю ў нашым пазнанні Бога і яе ўмацаванне ў руцінным штодзённым жыцці.

ІІІ Звычайная нядзеля, год С (26.01.2025)

Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны. <...>

Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат ў сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:

«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана».

Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».

(Лк 1, 1–4; 4, 14–21)

Сябар Божы

Вось бы мець магчымасць пачуць так пра Бога ўпершыню!.. Пачуць і захапіцца, дазволіць цалкам паглынуць сябе нечуванаму дагэтуль аповеду пра вызваленне і благаслаўленне, узнесці рукі і з радасцю ўсклікнуць: «Амэн, амэн!» Я крыху зайздрошчу асаднікам, якія з Нээміем і Ездрам вяртаюцца з бабілёнскай няволі, адбудоўваюць з руінаў Ерузалем і змучаныя, але шчаслівыя, сярод рыштаванняў з захапленнем слухаюць адшуканую нанова Кнігу Закону. А калі «дастойны Тэафіл», якому святы Лука адрасуе сваё Евангелле і Дзеі Апосталаў, быў катэхуменам, або новаахрышчаным, то і яму я зайздрошчу: сталець у часы няпэўнасці, з цяжкасцю плысці па моры экзістэнцыйных пытанняў, змагацца ў пошуках сэнсу, каб урэшце раптам знайсці адказ — Бога. Знайсці і паверыць. Такі Тэафіл-неафіт мог бы з энтузіязмам заспяваць сёння разам з псальмістам:

«Закон Пана дасканалы, умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, яно дае мудрасць простым.
Загады Пана справядлівыя і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, прасвятляе вочы» (Пс 19, 8–9).
Вось бы мець магчымасць пачуць так пра Бога ўпершыню!..

Аднак не кожны нехрысціянін задае пытанні пра канчатковы сэнс чалавечага існавання, не кожны, хто чуе Евангелле ўпершыню, з ахвотаю прымае яго, не кожны, хто быў ахрышчаны ў дарослым узросце, гадамі захоўвае захапленне «мядовага месяца» свайго навяртання. Вера — нашмат больш складаная рэчаіснасць. Часцей, чым у моманты ўсеагульнага захаплення, як гэта было падчас адбудовы Ерузалема, вера можа ўмацоўвацца ў цяжкія і малаэфектыўныя гады «ўшчыльнення» гарадскіх сценаў і «расчысткі» вуліцаў. А калі глядзець на сваю веру, якую ў большасці выпадкаў мы атрымалі ў дзяцінстве і якая была з намі заўсёды, то часам мы непакоімся з-за адсутнасці эфектных парываў і містычных перажыванняў. Аднак мы не павінны засмучацца: грэцкае імя Тэафіл азначае «той, якога любіць Бог», «той, які любіць Бога», або проста «сябар Бога». Евангелле напісана для нас, тэафілаў — для тых, каго любіць Бог і хто спрабуе неяк адказаць на гэтую любоў; для сяброў Божых, адораных еднасцю Цела, «ці юдэяў, ці грэкаў, ці нявольнікаў, ці свабодных», ці захопленых, ці тых, хто не перажывае захаплення.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней