Сёння разам з айцом дамініканінам Мацеем Зембам ОР мы разважаем пра шматлікія значэнні свята Ахвяравання Пана.

Свята Ахвяравання Пана, год С (02.02.2025)

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.

Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

(Лк 2, 22–32)

Дзеля свабоды

Свята Ахвяравання Пана ажно «пераліваецца» шматграннасцю сваіх значэнняў. Яно сведчыць пра пакору Бога, які падпарадкоўваецца правілам Запавету — святы Лука ажно чатыры разы падкрэслівае, што Святая Сям’я выконвае прадпісанні Закону. Гэтае свята таксама паказвае пабожнасць і сціплы статус Юзафа і Марыі: пілігрымка да святыні была неабавязковаю, а туркавак ахвяроўвалі тыя, хто не мог дазволіць сабе ахвяраваць ягняці. Свята Ахвяравання Пана нагадвае нам таксама пра вялікую любоў да Бога з боку Сімяона і Ганны, усё жыццё якіх было цярплівым чаканнем, бо «любоў доўгацярплівая». Аднак гэтае свята гаворыць і пра рэальную прысутнасць зла ў свеце, дзе Дабро часам мусіць быць «знакам супраціўлення», а боль праніжа сэрца Каралевы спакою. Свята Ахвяравання Пана сведчыць пра далікатную прысутнасць Бога, пра тое, што трэба вызваліцца ад шуму і гаму нашай мітуслівай штодзённасці, каб сустрэць Яго.

«У вялікім гомане мноства людзей, занятых сваімі справамі: святароў, левітаў з іх чэргамі паслугі, шматлікіх пабожных вернікаў і пілігрымаў, — гаварыў Бэнэдыкт XVI, — ніхто з іх не ўсведамляе, што адбываецца… Толькі двое старэнькіх людзей, Сімяон і Ганна, адкрылі вялікую навіну». Дзякуючы гэтаму сцэна ахвяравання сведчыць таксама пра вызваленне, пра свабоду, бо праведны і пабожны Сімяон, узяўшы Хрыста на рукі (паводле Арыгена), сказаў: «Пакуль я Цябе не ўзяў, я быў у вязніцы і не мог вызваліцца ад сваіх путаў».

Хрыстус вяртае нам свабоду. Ахвяраванне Пана — гэта таксама свята свабоды. Таму Касцёл сёння адзначае таксама Дзень кансэкраваных асобаў. Пасвячэнне, складанне манаскіх абяцанняў — гэта і вызваленне, і знак супраціўлення перад ненасытнасцю гэтага свету, зняволенага жаданнем задавольваць незлічоныя капрызы. Сярод іх — нячыстасць (у шырокім значэнні), пажадлівасць і прага грошай, якія займаюць у свеце «пачэснае месца». Манаскія абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці — гэта акт вызвалення, бо «дзеля свабоды Хрыстус вызваліў нас».


Мацей Земба ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней