Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра таямніцу Божага паклікання.

V Звычайная нядзеля, год С (09.02.2025)

Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чоўна.

Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

(Лк 5, 1–11)

Імянны білет

Білет з адкрытай датай, зонавы імянны білет, а можа, адзіны праязны білет? У Швейцарыі выбар білету — гэта «ініцыяцыя» ў свет цягнікоў, якія ўюцца па краіне, пачтовых (!) аўтобусаў, якія ўздымаюцца на горныя перавалы, і панарамных чыгунак, якія адважна раскінуліся на горных вяршынях. Гэта выбар шляху…

Пакліканне — гэта таксама выбар. Аднак яго сэнс не зводзіцца да самога выбірання, як мы прызвычаіліся меркаваць, прызнаючы магчымасць свабоднага выбару найвялікшаю каштоўнасцю. Гэта штосьці большае, чым бясконцая разнастайнасць чыгуначных тарыфаў ці лыжкавых ёгуртаў.

Пакліканне — гэта свабодны выбар, але гэта не свабода ў тым сэнсе, што мы можам выбіраць то адно, то другое… Хутчэй, гэта вернасць выбару: напрыклад, бацькамі мы застаемся штодзённа, не выключаючы выходных дзён. Я — прэзбітэр, і я не магу выключыць са свайго прэзбітэрства, напрыклад, спавяданне, хоць яно бывае для мяне траўматычным.

Пакліканне — гэта не выбар самога сябе. Хутчэй, гэта выбар цяжкай праўды пра мяне, праўды пра тое, што я не варты свайго выбару. І нават — о жах! — гэта выбар на карысць таго, каб пераступіць праз самога сябе і, напрыклад, правесці суботу з сям’ёю. А калі гаварыць пра мяне як святара, то гэта выбар на карысць таго, каб усё ж такі спавядаць. У рэшце рэшт, толькі Бог можа быць маім выбарам, усё астатняе — толькі спосаб крочання з Ім і да Яго. Калі ж я, уступаючы ў манаскі ордэн, выбраў габіт, супольнасць ці тамізм, гэта значыць, выбар паклікання ўсё яшчэ перада мною...

Выбіраючы Яго, я выбіраю Невядомасць. І свядома давяраю Яму весці мяне. Мае вусны такія ж нячыстыя, як вусны Ісаі або Пятра. І я таксама нягоднымі, але ачышчанымі вуснамі прамаўляю сваё «так», не ведаючы, што для мяне будзе азначаць лоўля людзей і куды я буду пасланы.

Пакліканне — гэта не білет на ўсе напрамкі, не «адзіны праязны білет», а «зонавы імянны білет» на мой асабісты маршрут. Можа, я пранясуся «бесперасадачным экспрэсам». Можа, паеду «пасажырскімі цягнікамі». А можа, мне давядзецца рабіць «перасадкі». Аднак паўсюль будзе клапатлівы Кандуктар. Важна, каб у дарозе я не згубіў багажа, які прыняў ад Яго, — Евангелля. А паколькі я з Божай ласкі ў сваім пакліканні той, хто ёсць, то на пытанне пра скарб, які я вязу ў сваім багажы, я магу пачаць распавядаць табе, мой шаноўны спадарожнік, пра Кандуктара, пра якога ўжо многія стараліся скласці аповед. У тыя часы…


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней