Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра хрысціянскую цноту надзеі.

VІ Звычайная нядзеля, год С (16.02.2025)

Калі Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне, і быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона.
Тады Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне! Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце! Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце! Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія».

(Лк 6, 17. 20–26)

Надзея

Аднойчы я з братамі выбраўся на Слаўкоўскую гару. 1500 метраў у вышыню і больш за пяць гадзінаў хады манатоннаю трасаю працягласцю сем кіламетраў уверх прывяло да таго, што многія людзі вярталіся з паўдарогі. Мы дайшлі, і нашаю ўзнагародаю былі цудоўныя краявіды. Мне ўзгадалася гэтая выправа, бо словы, якія Езус прамаўляе ў сённяшнім чытанні, гучаць як прамова вопытнага альпініста, які стаіць каля падножжа гары і заахвочвае сваіх вучняў да цяжкага пад’ёму. Ён абяцае, што на вяршыні іх чакае вялікая духоўная ўзнагарода: жыццё ў Божым Валадарстве, насычэнне і радасць.

Праблема заключаецца ў тым, што часта мы забываемся пра мэту і засяроджваемся на цяжкасцях самога шляху. Таму нам патрэбная цнота надзеі, «дзякуючы якой мы прагнем Нябеснага Валадарства і вечнага жыцця як нашага шчасця» (ККК, 1817). Цнота надзеі — гэта ласка, якую Бог улівае ў нашую волю. Яе немагчыма атрымаць у спадчыну або здабыць самому, але аб ёй можна прасіць. Папа Бэнэдыкт XVI напісаў, што «першае істотнае месца, дзе вучацца надзеі, — гэта малітва» (Spe Salvi, 32). Да гэтага заахвочвае нас таксама святы Павел. Ён тлумачыць у Першым пасланні да Карынцянаў, што «мы самыя няшчасныя сярод людзей», калі звяртаемся да Хрыста толькі ў справах зямнога жыцця.

Апрача малітвы, мы павінны таксама клапаціцца пра фармаванне ў нашай душы велікадушнасці і пакоры. Паводле святога Тамаша Аквінскага, менавіта гэтыя цноты настройваюць нас на прыняцце надзеі. Велікадушнасць схіляе нас прагнуць вялікіх рэчаў. Той, хто прагне толькі ўласнай выгады і задавальнення, ніколі не ўсвядоміць, чым ёсць сапраўдная чалавечнасць і якія ёсць магчымасці для здзяйснення прыгожых і добрых справаў. Такім людзям Езус кажа: «Гора вам!..» Прарок Ерамія параўноўвае іх з дзікім кустом, які расце ў бязлюднай пустыні, а не над водным патокам, дзе нават падчас засухі ён мог бы мець зялёнае лісце і прыносіць плады. Пакора ж нагадвае чалавеку, што сам ён нічога не дасягне. Не шукайма ж лягчэйшага шляху і не спрабуйма стварыць уласнае неба на зямлі, але ўскладайма нашу надзею на Пана!


Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней