
Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра любоў да ворагаў.
VІІ Звычайная нядзеля, год С (23.02.2025)
Езус сказаў сваім вучням: «Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
(Лк 6, 27–38)
Хлеб для ворага
Любіць тых, хто нас ненавідзіць, праклінае, ачарняе, хто дае аплявухі і «адбірае плашч»? Гэтых заўзятых ворагаў? Рабіць ім дабро і пазычаць, не спадзеючыся звароту?
Езус не першы заахвочваў быць спагадлівымі да ворагаў. У Кнізе Зыходу ёсць наказ дапамагаць згубленаму валу ці аслу непрыяцеля; бабілёнская мудрасць сцвярджала: «Не адплочвай злом чалавеку, які сварыцца з табою, лагодна адкажы таму, хто чыніць табе зло, усміхніся свайму ворагу». У Кумранскіх скрутках напісана: «Ніводнаму чалавеку не адплачу злом», а крыху старэйшы за Езуса Сенека пісаў: «Калі хочаш наследаваць багоў, рабі дабро таксама няўдзячным; бо сонца ўстае над злымі, а мора адкрытае для піратаў». Напэўна, былі розныя матывацыі для гэтай высакароднай, але цяжкай пазіцыі: дапамагчы нават ворагу ў яго фундаментальнай жыццёвай патрэбе, не паддацца злу, быць «па-над гэтым». Можна таксама спрабаваць шакаваць дабром і выправіць злачынцу: «Рабі так, каб мы здабылі злога чалавека: напаўняй яго жывот сваім хлебам, каб ён насыціўся і засаромеўся» (егіпецкая мудрасць).
Але ў Евангеллі паводле святога Лукі гутарка вядзецца пра штосьці большае, чым толькі пра паказ сваёй маральнай вышэйшасці або пра стратэгічнае прысаромліванне, разлічанае на тое, што злы чалавек зменіць свае паводзіны. «Будзеце сынамі Найвышэйшага», бо Ён менавіта такі — міласэрны і добры да няўдзячных і злых. Быць як Бог — гэта мэта, ніяк не менш! Акрамя таго, важна ўсведамляць праўду пра тое, што непрыяцель, які ненавідзіць нас, праклінае, ачарняе, — таксама сын Айца.
Гэты тэкст не адказвае на пытанне аб практычных межах прынцыпа любові да ворага… Нам застаецца распазнаваць гэта ў кантэксце ўсяго вучэння Езуса, які ў адказ на ўдар слугі першасвятара прамовіў: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?» (Ян 18, 23) Пры гэтым варта памятаць, што любоў да ворагаў — не толькі наш уласны этычны праект, а справа Езуса ў нас. Як піша святы Павел, «будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану» (1 Кар 15, 58).
Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».