Атрута і супрацьяддзе

Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра любоў да ворагаў.

VІІІ Звычайная нядзеля, год С (02.03.2025)

Калі тое, што тленнае, апранецца ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранецца ў бессмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?

Джала смерці — гэта грэх, а сіла граху — гэта Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.

Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будучы цалкам адданымі справе Пана і ведаючы, што не дарэмная праца ваша ў Пану.

(1 Кар 15, 54–58)

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, — калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

(Лк 6, 39–45)

Атрута і супрацьяддзе

Апостал Павел добра ўсведамляў сур’ёзнасць граху. Ён апісваў яго як джала (у літургічным перакладзе «шчэпка»). Гэтым джалам карыстаецца пачвара-смерць. Атрута, якая сочыцца праз шып, чэрпае сваю забойчую моц з Закону. Гэта метафара вобразная і жахлівая. Не трэба яе баяцца, але неабходна яе зразумець. Тады лягчэй будзе прыняць супрацьяддзе, якое дае Хрыстус.

Вернемся ў думках да лёсу Паўла з Тарса. Як руплівы фарысей, які старанна выконваў усе прадпісанні Закону (гл. Гал 1, 14), ён быў перакананы, што трэба пераследаваць секту хрысціянаў. Павел не быў фанатыкам. Бог звычайна не выслухоўвае фанатыкаў. Як патомак Абрагама, Павел глыбока верыў, што служыць Богу. Можа, у душы ён разлічваў на тое, што і яго наведае Бог, як звычайна Ён рабіў гэта ў адносінах да сваіх выбраных слугаў. Засяроджаны на выбранай мэце, Павел нават не заўважыў, што чыніць зло. Ён дапамагаў забіць Стэфана, кідаў людзей у вязніцы, «сеяў жах і дыхаў прагаю забіваць» (Дз 9, 1). Не толькі не мог сябе ні ў чым папракнуць, але і ўзрастаў ва ўласных вачах. Атрута набрала моцы, а джала ўвайшло глыбока. Ад духоўнай смерці яго захаваў Хрыстус. Шчырая руплівасць і вернае захоўванне Майсеевага закону былі тою глебаю, на якой магла адбыцца іх сустрэча пад Дамаскам. Затое гэтаму рупліваму фарысею трэба было ўстрымацца ад сваёй упартасці і перакананасці ва ўласнай нявіннасці. Хрыстус даў Саўлу тое, чаго той найбольш (хоць, напэўна, скрыта) прагнуў — аб’явіўся яму. Выканаў яго просьбу, каб ён мог стаць выбраным слугою Божым. Адначасова Хрыстус перавярнуў яго свет з ног на галаву: правёў складаную «аперацыю» на сэрцы Паўла і адначасова з пашанаю паставіўся да найглыбейшага жадання, якое хавалася ў гэтым сэрцы.

Так можа зрабіць толькі той, хто сапраўды спагадае. Мы — не Хрыстус, таму і не можам любіць гэтаксама, як Ён. Аднак дастаткова, каб мы былі добрымі хрысціянамі, якія выплакваюць бярвёны са сваіх вачэй. Скруха робіць нас уражлівымі. Дзякуючы ёй мы можам вучыцца далікатнасці, спачуванню і ўрэшце дапамагчы іншым выдаляць шчэпкі з іх вачэй.


Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней