З кошыкам у пустыню

Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра сэнс саракадзённага посту.

І Нядзеля Вялікага посту, год С (09.03.2025)

Майсей прамовіў да народа, кажучы: «Святар возьме кош з рук тваіх і паставіць яго перад ахвярнікам Пана, твайго Бога. А ты будзеш адказваць і гаварыць перад Панам Богам тваім: „Мой бацька, вандроўны арамеец, прыйшоў у Егіпет і часова пасяліўся там з невялікаю колькасцю людзей, але там ён стаўся вялікім, магутным і шматлікім народам.

Егіпцяне дрэнна абыходзіліся з намі і прыгняталі нас, абцяжарваючы нас цяжкой працай. Мы ўсклікалі да Пана, Бога айцоў нашых, і пачуў нас Пан, і ўбачыў нашае прыніжэнне, нашую нядолю і ўціск. І вывеў нас Пан з Егіпта моцнаю рукою і распраўленым плячом, у вялікім страху, сярод знакаў і цудаў. Ён прывёў нас у гэтае месца і даў нам гэтую зямлю, што сочыцца малаком і мёдам. І вось цяпер я прынёс пачаткі пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Пане“.

Тады пакладзеш іх перад абліччам Пана, твайго Бога, і паклонішся перад Панам Богам тваім».

(Дрг 26, 4–10)

Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaну, i Дух вывеў Яго ў пустыню, дзе на працягу сарака дзён д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. I скaзaў Яму д’ябaл: «Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм». I aдкaзaў яму Езус: «Нaпiсaнa: Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек».

Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў у імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму: «Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Кaлі Ты пaклoнiшся мне, усё будзе Твaё». У адказ Езус скaзaў яму: «Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць».

Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем i пaстaвiў нa версе святынi, i скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз. Бo нaпiсaнa: Анёлaм свaiм зaгaдaе наконт Цябе, кaб ахоўвалі Цябе, — i: яны нa рукaх пaнясуць Цябе, кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень сваёй нaгою».

Езус скaзaў яму ў адказ: «Скaзaнa: Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго».

I скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары.

(Лк 4, 1–13)

З кошыкам у пустыню

У сённяшнім Евангеллі Езус перажыў ужо сорак дзён у пустыні. Мы ж толькі адпраўляемся ў яе. Пра тое, навошта туды выбірацца (хаця б у метафарычным значэнні, як у нашым выпадку), гаворыцца ў сённяшнім чытанні.

Відавочна, невыпадкова ўжо на пачатку чытання з Кнігі Другазаконня з’яўляецца вобраз кошыка — многія з нас па прыкладзе старажытных ізраільцянаў праз сорак дзён пойдуць з ім у святыню і пакладуць яго перад алтаром Пана. Аднак ці не падманвае мяне памяць, як падманвала ізраільцянаў: якія «пачаткі пладоў зямлі» я прыношу Пану? Змесціва кошыкаў вельмі моцна адрозніваецца (непрымальныя для сыноў Якуба каўбасы!), а «змесціва» сэрцаў — напэўна, не так моцна… Таму ўжо цяпер, калі ў цябе наперадзе яшчэ сорак дзён, падрыхтуй сэрца не да «сакрамэнту кошычка» (сямі сакрамэнтаў, устаноўленых Езусам, цалкам дастаткова), а да падзякі, праслаўлення і вызнання: «„І вось цяпер я прынёс пачаткі пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Пане“. Тады пакладзеш іх перад абліччам Пана, твайго Бога, і паклонішся перад Панам Богам тваім» (Дрг 26, 9–10).

За сорак дзён да чарговай Пасхі, чарговага здзяйснення Яго ўваскрасення мы адмаўляемся ад кулінарных ці іншых далікатэсаў не таму, што яны дрэнныя. Мы адмаўляемся ад іх менавіта таму, што яны добрыя! І таму таксама праз сорак дзён прыносім іх як ахвяру падзякі. Справа не толькі ў традыцыі, а ў чымсьці большым: у поўным прыняцці Хрыста як свайго Пана — сэрцам і вуснамі, духам і ўчынкамі: «Калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены» (Рым 10, 9). Усё ад Яго паходзіць, і нішто не павінна застацца па-за асвячальным святкаваннем Яго Пасхі: ні агонь і вада, ні час і вечнасць, ні каўбасы і паштэты.

Аднак перш чым гэта настане, я выходжу ў пустыню, каб там па прыкладзе Пана вучыцца дзякаваць за тое, што маю, і быць вольным ад гэтага; каб адкласці далікатэсы і вызваліць месца для яшчэ большага дабра; каб вучыцца чуйнасці на шэпт звысоку і на шыпенне знізу; каб па прыкладзе Езуса сэрцам і вуснамі, духам і ўчынкамі даваць экзістэнцыйнае вызнанне веры. Пан адолеў пустынны шлях… Ну што, ідзеш?


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней