Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра адзіны спосаб вызваліцца ад віны — пра Адкупленне.

V Нядзеля Вялікага посту, год С (06.04.2025)

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

(Ян 8, 1–11)

Пісаў на зямлі

Шмат важных справаў выслізне з-пад нашай увагі, калі мы будзем зазіраць Хрысту праз плячо, каб прачытаць, што Ён пісаў на пяску. Што ж такога мог пісаць Настаўнік, які не пакінуў пасля сябе ні доўгага трактату, ні сціплага збору выслоўяў? Імёны абвінаваўцаў, іх грахі, цытата з Кнігі Другазаконня, на якую спасылаліся габрэі?.. А можа, нічога не пісаў? Толькі вымалёўваў завіткі, вадзіў пальцам па пыле, які пакрываў дзядзінец? Што б там ні было, гэта развеяў вецер або затапталі пілігрымы. Нягледзячы на лаканічнасць апісання, у Евангеллі ёсць усе важныя падрабязнасці. Яно захавалася, не паддаючыся завірусе гісторыі.

Месія схіліўся і пазбягае адказу. Ён не збіраецца ні выносіць канчатковага прысуду, ні станавіцца на абарону жанчыны. Ён не аспрэчвае словаў Торы і не тлумачыць іх. Хрыстус піша на пяску, ігнаруючы настойлівасць натоўпу. З тлумам немагчыма весці дыялог. Трэба спачатку падзяліць яго на часткі. Вылучыць з яго асобных людзей. Бо абвінаваўцы «абраслі тлушчам». «Апрануліся» ва ўяўную сілу і праведнасць. Схаваліся перад уласнаю сапсаванасцю. Знайшлі вінаватую, таму самі ўжо нібыта выглядаюць лепшымі за яе, больш годнымі пашаны і прызнання. Жанчына — толькі «ахвярны казёл» для іх. Абвінаваўцы змогуць вызваліцца ад пачуцця віны, кідаючы ў яе камянямі. Гэта самы прымітыўны спосаб справіцца са сваім грахом — знайсці яшчэ больш вінаватага. Спосаб, вынайдзены людзьмі, якія не ведалі Адкупіцеля.

Хрыстус не аспрэчвае відавочнай віны чужаложніцы. Ён бачыць жанчыну ва ўсёй супярэчлівасці годнасці і прыніжэння, зла і дабра, недахопаў і вартасцяў. Парадаксальна, але, нягледзячы на тое, што Хрыстус возьме на сябе яе грэх і на крыжы аддасць жыццё дзеля яе збаўлення, Ён не з’яўляецца «ахвярным казлом». На Яго немагчыма спіхнуць віну. Трэба прасіць, каб Ён прыняў яе. Гэта можна зрабіць толькі ў тым выпадку, калі мы прымем асабістую адказнасць за зло. Тады мы заўважым, як моцна зрасліся з віною. Немагчыма аддзяліць яе ад самога сябе, таму грэх можна аддаць у рукі Адкупіцеля толькі праз даручэнне Яму самога сябе. Бо Хрыстус адкупіў не толькі правіны — Ён адкупіў чалавека.


Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней