Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра знакі надзеі ў евангельскім апісанні мукі Пана.
Нядзеля Мукі Пана, год С (13.04.2025)
Паднялася ўся грамада старэйшынаў народу, першасвятароў і кніжнікаў, і павялі Езуса да Пілата. Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія, кароль». Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты Кароль юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш». Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку». Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль».
Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? Даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме. Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак. Задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата. У той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.
Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, сказаў ім: «Вы прывялі да Мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я пасля бічавання, адпушчу Яго». <...>
Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!» Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.
Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу. Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.
Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: „Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!“
Тады пачнуць казаць гарам: „Упадзіце на нас!“ і пагоркам: „Накрыйце нас!“ Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.
Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».
Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да дзявятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!» І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.
(Лк 23, 1–49)
Век асветы
У гэтым годзе ў Пальмовую нядзелю мы чытаем апісанне мукі Хрыста з Евангелля паводле святога Лукі. Біблісты звычайна дзеляць усё Евангелле на Янава і астатнія тры, называныя сінаптычнымі з улікам іх падабенства. Нягледзячы на гэта, апісанне мукі Езуса паводле «апостальскага доктара» вельмі адметнае. Не замоўчваючы грубасці, ганьбы крыжа, яно па-іншаму расстаўляе акцэнты, па-іншаму падбірае складнікі таго ж самага «леку» — Добрай Весткі. Толькі ў апісанні Лукі да Езуса ў садзе Аліўным прыходзіць анёл з неба, каб умацаваць Пана. Сымона Кірэнэйца не трэба змушаць несці крыж — дастаткова затрымаць яго словам, нашмат мякчэйшым за тое, што выкарыстоўваюць Марк і Мацвей. Тут ёсць «добры» злачынца, які яшчэ на крыжы перажыў уласную «беатыфікацыю». Урэшце, менавіта ў Евангеллі паводле Лукі Езус не толькі гаворыць пра сваю пакінутасць Богам (як у Марка і Мацвея), але таксама не менш уражвальна просіць Айца прабачыць кáтаў. Урэшце, Лука выкарыстоўвае вельмі паэтычны выраз у апісанні моманту, які настаў пасля змроку, што ахінуў усю зямлю, пасля ночы здрады і смерці, — гэты выраз зусім не страчвае свайго тонкага хараства, хоць здаецца, што ён зусім не на сваім месцы: «Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат» (Лк 23, 54).
Можа, патрэбна было вока ўрача; можа, патрэбна была Вартаўнічка Ранку (усё ж Лука — храніст Марыі, гэтак жа як Мацвей — храніст Юзафа), каб там, дзе іншыя бачылі толькі роспач, заўважыць першае праясненне.
«Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання. Ён прыйдзе да нас, як лівень, як веснавы дождж, які напоіць зямлю. <...> Cуд Мой заяснее, як світанне» (Ос 6, 3.5), — пісаў ужо прарок Осія.
Няпраўда, што век асветы заззяў толькі ў XVIII стагоддзі. Век асветы заззяў ужо ў той сумны ранак дня прыгатавання, калі надыходзіў шабат. Новы Шабат, якога Сонца не ведае ўжо да заходу. Не забудзь пра гэта і сёння, на парозе другой чвэрці ХХІ стагоддзя, калі хмары, якіх даўно не было відаць, зноў нібыта пачынаюць згушчацца.
Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

