
Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра тры этапы ўзрастання ў веры.
Нядзеля Уваскрасення Пана, год С (20.04.2025)
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
(Ян 20, 1–9)
Убачыў і паверыў
Уваскрасенне Хрыста — гэта сапраўдны «гейм-чэнджэр» для чалавецтва. Езус — першы чалавек, які пераступіў мяжу смерці і вярнуўся да жыцця, а менавіта да жыцця вечнага. Мы верым, што разам з Ім можам прайсці той самы шлях. З гэтаю праўдаю ў сэрцы веруючы чалавек па-іншаму глядзіць на сваё зямное жыццё, па-іншаму ўспрымае свет. Найважнейшае — не згубіць Уваскрослага і правільна распазнаць знакі, якія Ён нам пакідае. <...>
Распавядаючы ў Евангеллі пра раніцу ўваскрасення, апостал Ян ужывае ажно тры розныя дзеясловы, каб падкрэсліць: калі мы ўваходзім у таямніцу веры, змяняецца наш спосаб успрыняцця рэчаіснасці.
Першы этап веры — гэта прыход да магілы. Марыя Магдалена бачыць (βλέπει) адсунуты камень, а «другі вучань» зазірае (βλέπει) унутр магілы. Аднак абое застаюцца звонку. Некаторыя вернікі ў нядзелю ходзяць у касцёл, але не «ўваходзяць» у яго. Само прабыванне паблізу таямніцы адпавядае іх актуальным рэлігійным патрэбам. Яны глядзяць на справы веры гэтаксама, як на ўсе іншыя справы свайго жыцця.
Другі этап — гэта ўваход унутр. Пётр уваходзіць у магілу і бачыць (θεωρεῖ) палотны і хусту. Ужыты дзеяслоў азначае рэфлексіўны позірк, і ад яго паходзяць запазычаныя словы «тэорыя» і «тэатр». Гэта этап тэарэтычнай веры. Чалавек ходзіць у касцёл і можа мець глыбокія веды на тэму рэлігіі, але не ў стане бачыць больш за тое, што яму падказваюць пачуцці.
Трэці этап — гэта духоўнае сузіранне. Чалавек уваходзіць у таямніцу веры не толькі целам, але і духам. Мы чуем, што другі вучань «убачыў (εἶδεν) і паверыў». Убачыў не толькі ўнутраную прастору магілы, але таксама і Божае дзеянне. Зразумеў: пустая магіла азначае, што Езус сапраўды паўстаў з мёртвых, як Ён прадказваў гэта раней прынамсі тройчы. Такі самы духоўны позірк спадарожнічае вучням падчас кожнай сустрэчы з Уваскрослым. Як бачым, з дапамогаю ўжытых словаў Ян паказвае нам, што вера — гэта ўменне заўважаць прысутнасць і дзеянне Хрыста, які вядзе нас праз зямное жыццё і смерць да ўваскрасення і вечнага жыцця ў небе.
Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».