Аднойчы ў нядзелю на Патмасе

Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра дзень Пана, нараджэнне Касцёла і дух спакою.

ІІ Велікодная нядзеля, год С (27.04.2025)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

(Ян 20, 19–31)

Аднойчы ў нядзелю на Патмасе

Была нядзеля. На маленькім грэцкім востраве у Эгейскім моры ў трэцім або чацвёртым годзе 227-й Алімпіяды (адпаведна ў 95 або 96 годзе пасля Н.Х.) не ведалі яшчэ календара з сямідзённым тыднем, у якім нядзеля была б вольным ад працы днём. Для ўсіх гэты дзень мог быць такім, як і кожны іншы, але для Яна, які знаходзіўся тут у ссылцы «з-за Божага слова і сведчання Езуса», гэта быў перш за ўсё дзень Пана. Дзень, які цыклічна вяртаў да першакрыніцы і асабістай веры Яна, да таго аповеду, якім ён змог ужо запаліць сэрцы жыхароў прынамсі сямі гарадоў Апакаліпсісу. І менавіта ў гэты дзень Ян перажыве захапленне, пачуе магутны голас і зноў убачыць Таго, Хто памёр, але вось Ён жывы на векі вечныя! Мне б такую нядзелю…

Пётр праходзіць, яго цень падае на хворых, адбываюцца «знакі і цуды», як напісана ў Дзеях Апосталаў. Бэда Вялебны праз некалькі стагоддзяў заўважыць у гэтым вобразе прадвесце Касцёла: думаючы пра нябесныя справы, Касцёл ідзе па гэтым свеце, а яго цень — сакрамэнты і цяперашнія знакі вечнай рэчаіснасці — аднаўляюць тых, каго ён вядзе да неба. Мне б у такі Касцёл…

Езус паказаў Апосталам прабітыя рукі і бок — доказ мукі, якая на самай справе адбылася, але не стала апошняю кропкаю. «Спакой вам! <...> Прыміце Духа Святога». Узрадаваліся вучні, бо ўбачылі Пана, — але не Тамаш, бо яго там не было. Потым ён прагне зразумець, спазнаць тое, што і яны, каб таксама паверыць — і атрымлівае свой шанц: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой». Зайздрошчу Тамашу. Мне б такі шанец…

Дзень Пана, Касцёл, дух спакою… Можа, я ўсё ж маю больш, чым мне здаецца? Рэчаіснасць святкавання і сакрамэнтаў… Праз іх я магу дакранацца да жывога Бога-чалавека, які ўсцяж носіць раны ад мукі; праз іх я напаўняюся Яго спакоем, які пастаянна суцішвае мой неспакой… Сэрца, якое ўпадае ў грэх, і гэтая прастора Касцёла, у якой дастаткова шмат месца для пытанняў, пошукаў, для бясконца аднабаковага руху ад недаверу да веры — усё гэта я ўжо маю. А гэта зусім не мала.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней