
Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра тое, чаму Пётр тройчы адрокся ад Езуса перад Яго мукаю.
ІІІ Велікодная нядзеля, год С (04.05.2025)
Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закінце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
(Ян 21, 1–19)
Збаўчы смутак
Чаму Пан тройчы пытаецца ў Сымона пра тое, ці любіць ён Яго? Аналогія з трохразовым адрачэннем ад Езуса невыпадковая. Аднак я не лічу, што тут ідзе гаворка пра «адпакутаванне» ранейшай правіны. Святы Павел піша, што Хрыстус адразу пасля свайго ўваскрасення аб’явіўся Пятру (1 Кар 15, 5). Хоць у Евангеллях не апісваецца гэтая сустрэча, памяць пра гэта засталася ў Касцёле. Пан найперш адшукаў вучня, які быў у роспачы, каб прабачыць яму.
Езус з Назарэта — выключна таленавіты Педагог. Да таго ж з моманту ўваскрасення Ён не хавае сваёй Боскай натуры. Таму пытанні, зададзеныя на Тыберыядскім моры, маюць іншую мэту — павучыць. Недахопам Сымона не была баязлівасць. Ён адрокся ад Езуса не таму, што яго ахапіў страх. Наадварот, ён кіраваўся адвагаю, калі дастаў меч у Аліўным садзе, калі ўваходзіў на дзядзінец рэзідэнцыі першасвятара і ўрэшце тады, калі ў водбліску агня стаў сярод слугаў Каяфы. Яго адважнасць межавала з бравадаю. Да падзення яго прывялі спрытнасць і ўпэўненасць, што ён справіцца. Як прадпрымальнік, ён мусіў умець самастойна спраўляцца. Часы былі няпростыя. Мала таго, што трэба было плаціць падвойныя падаткі, дык яшчэ хцівыя зборшчыкі спрабавалі выхапіць для сябе тое, што атрымалі. Каб вытрываць на рынку, трэба было лавіраваць. Дробная хлусня, якая нікому не шкодзіць, ці невялікае махлярства павінны былі адносіцца да арсеналу штодзённых сродкаў кожнага, хто хацеў атрымаць поспех на рынку. Пётр спраўляўся, і вельмі нядрэнна. На дзядзінцы Каяфы ён таксама спрабаваў сам справіцца. Каб быць як мага бліжэй да Езуса, ён звярнуўся да асвоеных метадаў. Лавіраваў. І не заўважыў, што адрокся ад Настаўніка. Калі памяць пра здраду ўжо прыцьмілася, а з’яўленне ўваскрослага Пана вылечыла згрызоты сумлення, разам з гэтым знікла памяць пра заганы. Пытанні Хрыста дазволілі Пятру вярнуцца да рэальнасці. Толькі на трэці раз ён зразумеў, што Пан ведае, у чым заключаецца загана яго характару. Сымон не хоча памятаць пра тое, што можа яго загубіць. Пытанні Езуса можна было б звесці да наступнага: «Ці любіш ты Мяне як грэшнік?» Гэта важна, каб сумленна адказаць: «Ты ведаеш, што я люблю Цябе як грэшнік». Толькі тады грэшнае можа быць збаўлена.
Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».