Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра Божае слова, якое павінна вызначаць рытм і стыль жыцця хрысціяніна.
ІV Велікодная нядзеля, год С (11.05.2025)
Езус сказаў: «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. Я і Айцец — адно».
(Ян 10, 27–30)
Кніга ўваходаў і выхадаў
Швейцарыя — краіна гадзіннікавых майстроў. Можа, таму што кожны яе куточак цікае ўласным часам? Банкаўскія метраполіі — адкрыццём і закрыццём біржаў, горныя вяршыні — порамі года, густа заселеныя даліны — рассеянымі паміж вёскамі прамысловымі пунктамі. Дзіўна гэта выглядае: фабрычныя цэхі сярод пашаў... Індустрыяльная эпоха, у якой рытм жыцця вызначаюць не ўзыходы і захады сонца, а гукі званка, працягваецца тут на ўсю моц. Яе неад’емны элемент — завадскі прахадны пункт з кнігаю запісаў аб уваходзе і выхадзе працаўнікоў або з аўтаматычным абсталяваннем, якое прапускае працаўнікоў па картках.
Святое Пісанне — гэта таксама своеасаблівая кніга ўваходаў і выхадаў з двума найжнейшымі: Пасхаю Ізраэля, які выйшаў з Егіпта, і Пасхаю Хрыста, які ўвайшоў у чалавечую натуру і выводзіць нас да Жыцця. Гэтаксама і ў сённяшнім Божым слове. Дасягаючы краю зямлі, яно сваёю моцаю змяняе ранейшыя кірункі ўваходу і выхаду: дагэтуль габрэі, выходзячы з зямлі язычнікаў у Ізраэль, страсалі пыл з ног — цяпер апосталы страсаюць яго на кожнага, нават з выбранага народу, хто не прымае Слова, і выходзяць з Ім да язычнікаў. Яно ўсё чыніць новым!
100-ты псальм уводзіць нас у літургію. Як толькі ён скончыцца, яму «адказвае» другое чытанне пра збаўленых, што прыходзяць на літургію перад Баранкам — іх вядзе Ён сам, Баранак і Пастыр. Урэшце, гучыць Евангелле пра крочанне за Пастырам. Крочанне і перш за ўсё слуханне. Сёння мы не разумеем гэтай метафары. Як швейцарцы, мы сышлі з горных пашаў. У індустрыяльную эпоху Езус параўнаў бы сябе, магчыма, з фабрычным званком, а можа, з радыёголасам? Ці з інфлюэнсерам? Вобраз не так важны. Не так важныя нават уваход і выхад. Найважней, каб Ён быў Дарогаю. Ён, які глядзіць на тое, што ў далінах і на вяршынях. Ён, Пастыр і Майстар гадзіннікавых справаў для ўсяго існага.
Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

