Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра вялікія дары Духа Святога.

Урачыстасць Спаслання Духа Святога, год С (08.06.2025)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

(Ян 20, 19–23)

Трон

Адно войска, адна валюта, адна пошта і чыгунка — прыблізна столькі агульнага маюць жыхары Швейцарскай Канфедэрацыі. Агульных словаў таксама не вельмі шмат — у чатырохмоўнай краіне нават «сотня» мясцовых грошай мае дзве розныя назвы. Але калі часам здаецца, што разнамоўныя групы існуюць проста побач адна з адной, усё ж яны працягваюць утвараць супольнасць і рознымі словамі называюць адны і тыя ж паняцці.

Хіба гэта не цуд, што можна сказаць: «Я цябе разумею. Пэўная праўда пра мяне цяпер стала тваёю, і наадварот… Больш за тое, мы разам можам стаць саўдзельнікамі праўды, большай за нас». Агульная пошта і агульная валюта — гэта ўжо шмат. Але хіба ж не з’яўляецца цудам саўдзел у Праўдзе, якая ёсць Асобаю?

Менавіта гэта адбылося ў Вячэрніку. Кожны Апостал атрымаў свой дар — гаварыць іншаю моваю, але гэтае адорванне адбылося ў супольнасці. У выніку цяпер яны сталі супольнасцю тых, хто абвяшчае найважнейшую і адзіную Праўду — пра вялікія справы Божыя дзеля збаўлення чалавека. Цябе і мяне. На той мове і на той зямлі, на якой мы жывем. Нам не трэба эміграваць і вучыць замежную мову. Вялікія справы адбываюцца тут.

На кожнага сышоў Дух Святы. У грэцкім арыгінале выкарыстоўваецца ўзвышанае слова «засеў». Засядае той, хто пануе. Засядае не на стуле, а на троне — для таго, каб кіраваць. Ты — трон Духа Святога. Такі трон — не мэбля для ўтылітарнага ўжытку, не тое, чым ты можаш ганарыцца як натуральным ці звышнатуральным дарам Духа, як вывучанымі словамі на экзамен ці малітваю мовамі. Святы Павел нагадвае: гэта дар на ўсё жыццё. На жыццё вечнае. Гэта дар тлумачэння складаных рэчаў. Ён таксама заключаецца ў тым, каб дазволіць гаварыць найважнейшай Асобе і сказаць Ёй не «Істота» ці «Энергія», але «Ойча».

Езус таксама сёння гаворыць пра супольнае вучэнне — слова (logos) Айца і Сына, якое мы павінны слухаць. Хрыстус запрашае нас да такой еднасці, якую мае з Айцом. Мы можам сесці на свае троны і мець супольнае слова з Богам.


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней