
Сёння разам з айцом дамініканінам Рафалам Ярэчкам ОР мы разважаем пра нашу ўнутраную барацьбу ў наследаванні Хрыста.
XХ Звычайная нядзеля, год С (17.08.2025)
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».
(Лк 12, 49–53)
Наперад!
«Поўны наперад!» — гэтыя словы, верагодна, паходзяць з часоў першых параходаў, калі капітан, выбраўшы мэту рэйсу, загадваў, каб увесь пар і моц матораў былі скіраваныя на турбіны, што прыводзяць у рух судна. Гэты вокліч мне вельмі нагадвае сітуацыю з сённяшняга Евангелля. Прагненне Пана Езуса, каб агонь «ужо разгарэўся», выказваецца з незвычайнаю страсцю. Настаўнік не пакідае сумненняў: поўная аддача ў жыцці з Богам не будзе прынятая воплескамі самых блізкіх. Жаданне абвяшчаць Евангелле сутыкаецца з супраціўленнем атачэння, а таксама з маім уласным супраціўленнем. Менавіта ўва мне змагаюцца «трое супраць дваіх і двое супраць траіх».
Гэтаксама з імкненнем да дабра. Ледзь мае пастановы паспеюць нарадзіцца, ужо выяўляецца, што «ўсё не так проста», «дагэтуль было ўсё інакш», і, несумненна, гэта «небяспечна для майго здароўя», урэшце, «што падумаюць суседзі?» Хоць адразу распачынаецца такі крытычны дыялог, не трэба на сябе злавацца. Ён часта ўзнікае, калі я супрацоўнічаю з Божаю ласкаю ў кірунку навяртання. Так адбываецца таксама, калі я пасля доўгіх гадоў занядбання пачынаю клапаціцца пра здароўе, калі стараюся ажывіць адносіны, якія ўжо даўно не падтрымліваліся, калі нагадваю сабе пра неабходнасць адпачываць або пра важнасць малітвы. Як бачна, навяртанне патрэбнае не толькі ў пабожных сферах майго жыцця, бо Хрыстовае «поўны наперад!» датычыць мяне цалкам.
Ва ўсім гэтым падтрымлівае нас святы Павел словамі: «Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса…» (Гбр 12, 1–2).
Айцец Рафал Ярэчак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».