
Сёння разам з айцом дамініканінам Якубам Блюем ОР мы разважаем пра вернасць Бога і нашу асабістую руплівасць аб збаўленні.
XХІ Звычайная нядзеля, год С (24.08.2025)
Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».
(Лк 13, 22–30)
Мае сцежкі
Якая прыгожая візія падаецца ў Кнізе прарока Ісаі! Яна ахоплівае ўвесь свет Божым абяцаннем. Усе народы і мовы будуць сабраныя, а значыць, яны пераадолеюць падзелы, якія ўзніклі падчас будаўніцтва Бабілёнскай вежы. І гэта не канец абяцання: ёсць народы, якія яшчэ больш аддаленыя і якія ніколі не спазналі Божых цудаў, нават не чулі пра існаванне Бога. Прадстаўнікі гэтых народаў будуць «прынашэннем Пану», стануць Яго ўласнасцю і братамі Ізраэля, а некаторыя з іх будуць прызначаныя «святарамі і левітамі».
Псальміст заклікае ўсе народы да праслаўлення Бога па дзвюх прычынах: Яго ласка (hesed) — магутная, а Яго вернасць — вечная. Вернасць Бога (Яго абяцанне, дадзенае нам) такая моцная, што становіцца Яго сутнасцю (пар. 2 Цім 2, 13). Гэта не тая вернасць, якая не прабачае памылак ці нашай нявернасці, — Яна сатканая з Яго міласэрнасці.
Божая міласэрнасць і вернасць праяўляюцца часам так, што нам нялёгка іх прыняць. Пасланне да Габрэяў паказвае, што некаторыя цяжкія выпрабаванні — быццам педагагічны інструмент, які дапамагае нам сталець у адносінах з Богам. Нягледзячы на расчараванні і цяжкасці («апаўшыя рукі і аслаблыя калені») мы пакліканыя даваць сведчанне сваім жыццём («простыя сцежкі»), каб іншыя, асабліва слабыя, маглі браць з нас прыклад. Ці не вядуць мае сцежкі на бездарожжа? Ці яны паказваюць шлях да аздараўлення?
У Евангеллі хтосьці пытаецца ў Езуса: «Няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» Такое пытанне нясе ў сабе рызыку маргіналізацыі асабістай актыўнасці. Таму адказ Езуса пераносіць пытанне ў іншую плоскасць, якая патрабуе ад кожнага з нас большай руплівасці. А прыпавесць, якую Ён распавядае, павінна выкрыць у нас фальшывае пачуццё бяспекі: знешне можна быць блізка, а на самай справе — вельмі далёка, бо пры ўваходзе на гасціну ў Божым Валадарстве вырашальнымі будуць не славесныя дэкларацыі, а блізкасць жыцця з Ім ужо цяпер.
Айцец Якуб Блюй ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».