СТОЛ БОЖАГА СЛОВА

Трэцяя нядзеля Адвэнту, год С (16.12.2012)
Чытанні: Саф 3, 14–18а; Іс 12, 2–3.4bcd. 5–6; Флп 4, 4–7
Евангелле паводле святога Лукі 3, 10–18

«Ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго». Пры чым тут сандалі, і чаму Ян Хрысціцель кажа, што не варты развязаць на іх раменьчык? Можа, гэта сімвал пакоры, прыніжэння? Але не. У тыя часы дзеля пацвярджэння права ўласнасці чалавек, набываючы пэўную рэч, атрымліваў у дадатак адзін з сандаляў папярэдняга ўласніка. Вось што азначаюць вышэйузгаданыя словы: Езус — гэта Валадар, і Ян Хрысціцель не мае права на Ягоную ўласнасць, і нават кажа не проста «не маю права», а «я не варты» — не варты гэтай уласнасці.

Што з’яўляецца ўласнасцю Езуса? Варта ўзгадаць, што падзеі адбываюцца ў атмасферы чакання, што Ян Хрысціцель скажа, што з’яўляецца Месіяй. Месіі ж належыць увесь Ізраэль, Месія — Валадар Ізраэля. Езус — уласнік сандаляў, Ён — Месія. Езус — Валадар, і Яму належыць Ізраэль.

Як жа мы можам дастасаваць гэтыя словы да свайго жыцця? Езус — Валадар, якому належыць усё. Мы ж не маем нічога. Мы нават не вартыя, каб валодаць нечым. Словы «я нічога не маю» здольныя прывесці чалавека ў роспач. Аднак зірнем на гэта з пазіцыі абавязкаў. Валадар адказны за ўсё і за ўсіх сваіх падданых. Езус адказны за тое, што адбываецца ў маім жыцці! Езус адказвае за нашае жыццё, а не мы!

Але будзьце ўважлівыя: Езус адказвае за нашае жыццё толькі тады, калі Ён з’яўляецца яго Валадаром, калі мы аддаем Яму ўсё без умоваў: свае планы, мары, жыццёвыя задумы і намеры. Запытаймася ў сябе: «Ці з’яўляецца Езус Валадаром майго жыцця? Што я працягваю трымаць у сваіх руках і ніяк не выпускаю? Што яшчэ я не аддаў Езусу?»

Айцец Тамаш Міка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней