З гаміліі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас жалобнай святой Імшы за памерлага кардынала Свёнтка. Мінская архікатэдра, 23 ліпеня 2011 г.
<...> Завяршылася багатае на падзеі і трагічнае жыццё першага ў сучаснай гісторыі нашай краіны беларускага кардынала.
Нарадзіўшыся ў Эстоніі, ён звязаў з нашай зямлёй усё сваё жыццё і прысвяціў яго абвяшчэнню Евангелля. Гэта быў нялёгкі шлях, на якім ён перажыў шмат цяжкасцяў, ажно да камеры смерці ў Брэсце і дзесяці гадоў лагераў у Марыінску, Варкуце, Інце. Калі начальнік лагера, пераглядаючы яго справу, спытаў: «Як магло стацца, што чалавек з такой гісторыяй застаўся жывым?», ксёндз Свёнтэк адказаў: «Так хацеў Бог!».
У гэтым заключаецца таямніца кардынала Казіміра Свёнтка — у абсалютным даверы Богу. Бо і жыццё на свабодзе не было лёгкім — трэба было бараніць веру. Трэба было навучаць дзяцей і моладзь праўдам веры, калі гэта было забаронена. Трэба было адбудоўваць касцёлы. Трэба было клапаціцца пра новыя пакліканні. Усё гэта трэба было чыніць у той час, калі «сонца атэізму» рабіла краіну духоўным Чарнобылем. Але Свёнтэк трываў, <...> каб толькі духоўна дапамагчы людзям. Ён трываў з надзеяй, што ўсё зменіцца на лепшае і краіна ажыве духоўна. І не памыліўся. Сёння я не баюся сказаць, што калі б не было святароў фармату Казіміра Свёнтка, то не было б і нас.
Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя — гэта перыяд пачатку адраджэння Касцёла ў Беларусі. Актыўная дзейнасць ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка не засталася незаўважанай у Ватыкане. І калі прыйшоў адпаведны час, благаслаўлёны Ян Павел II прызначыў яго першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З уласцівай яму энергіяй і надзеяй ён распачаў адбудову Касцёла на Беларусі. Сярод многіх праектаў падчас яго служэння прыярытэтнымі былі адбудова мінскай катэдры і адкрыццё семінарыі ў Пінску. І гэта яму ўдалося. Менавіта таму і развітанне з кардыналам Казімірам Свёнткам адбываецца ў адноўленай яго намаганнямі мінскай катэдры, за што мы шчыра дзякуем яму. Без цябе, дарагі кардынал, не было б гэтай катэдры. <...>
Асаблівым клопатам кардынала было развіццё пастырскай дзейнасці, чаму вельмі паспрыяў праведзены ім Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай і Пінскай дыяцэзій.
Клапаціўся памерлы кардынал і пра развіццё мас-медыя, пра навучанне рэлігіі. Ён заснаваў выдавецтва «Pro Christo» і Баранавіцкі катэхетычны каледж. Нямала намаганняў ён прыклаў для ўстанаўлення і развіцця дыялогу з грамадствам і будавання ў ім згоды. Шмат было зроблена ў галіне паляпшэння міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносінаў.
Прыкметнай была яго актыўнасць і ў жыцці паўсюднага Касцёла. Як вельмі дарагога госця, яго ўсюды запрашалі, бо хацелі паслухаць жывога сведку веры. Яго сведчанне было новым абвяшчэннем Евангелля ў секулярызаваным свеце.
Сучасны свет запомніў кардынала Свёнтка як выдатнага пастыра, арганізатара і абаронцу свабоды рэлігіі, якая з’яўляецца падмуркам усялякай свабоды, як навучае папа Бэнэдыкт XVI. Гэтыя яго намаганні былі адзначаны шматлікімі касцёльнымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх трэба ўзгадаць узнагароду «Fidei testis» — «Сведка веры» — і званне Камандора Ордэна Ганаровага Легіёну Францыі.
Будучы такім высокапастаўленым іерархам Каталіцкага Касцёла, кардынал Казімір Свёнтэк заставаўся простым чалавекам. У яго можна было вучыцца запальваючаму гумару, радасці святарскага служэння, энтузіязму, прастаце ў афіцыйных сустрэчах. Яго чалавечнасць была зачароўваючай, а святарства — прароцкім.
Асабліва важным з’яўляецца тое, што ў гэтым служэнні Богу, Касцёлу і людзям кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды прытрымліваўся тых словаў Евангелля, у якіх Хрыстус заклікае да чування. Ён прытрымліваўся іх сам і заклікаў да гэтага іншых. Ён ведаў добра, што наша Айчына — у небе, і сам рыхтаваўся да яе.
Адзін са святароў Пінскай дыяцэзіі пасля смерці кардынала распавёў аб наступным здарэнні. Некалькі дзён таму яму прысніўся сон, у якім ён пайшоў на чыгуначны вакзал і там убачыў кардынала Казіміра Свёнтка. Спытаў у яго, што ён тут робіць. Кардынал адказаў: «Чакаю, бо мае дакументы не гатовы». Святар хутка паехаў у бальніцу і ўмоўна ўдзяліў яшчэ раз Казіміру Свёнтку адпушчэнне грахоў. На наступную ноч ён убачыў новы сон: ізноў ён на вакзале, але кардынала ўжо няма... Праз кароткі час прыйшла вестка, што Бог паклікаў да сябе вернага свайго слугу. Кардынал «ад’ехаў» у Валадарства Божае...
Постаць памерлага пастыра Каталіцкага Касцёла ў Беларусі здзіўляе нас, і мы ёю ганарымся. Аднак прыклад жыцця, сведчання і навучання такой значнай асобы не павінен замкнуцца ў рэліквіярыі ўспамінаў. Асоба святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка павінна вучыць нас любіць Бога і бліжняга, быць моцнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем, мець надзею нават насуперак надзеі. У яго мы павінны вучыцца таму, што прыгожае і праўдзівае. Яго прыклад павінен дадаваць адвагі слабым, узнесці ўгору параненыя сэрцы і перадаваць наступным пакаленням пасланне Вялікага Папы — благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». «Бо Ён нічога не адбірае, а толькі дае», — як кажа папа Бэнэдыкт XVI.
У наш складаны час Беларусі неабходна жыць гэтымі ідэямі, каб шляхам дыялогу, прабачэння, міласэрнасці і ўзаемнай пашаны на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць шчаслівую Беларусь, чаму і прысвяціў сваё жыццё кардынал Казімір Свёнтэк.
Эмінэнцыя, сёння мы схіляем перад табой свае галовы, дзякуем табе за вернасць хрысціянскай веры і святарскаму пакліканню. Дзякуем за тваё чалавечае, святарскае і біскупскае служэнне. Дзякуем за твой прыклад.
Сваімі малітвамі на тваёй труне мы пішам пажаданні першых хрысціянаў: «Жыві ў Хрысце, бо жыццё ў Хрысце з’яўляецца жыццём у вечнай славе». А ты з акна Дому Нябеснага Айца благаславі нас. Амэн.
Падчас развітання з кардыналам Казімірам Свёнткам
у мінскай архікатэдры, 23 ліпеня 2011 г.