2 жніўня пасля доўгай хваробы ва ўзросце 89ці гадоў памёр былы арцыбіскуп Мітрапаліт Кракаўскі, кардынал Францішак Махарскі — адзін з самых шаноўных дзеячаў Каталіцкага Касцёла, вялікі шанавальнік культу Божай міласэрнасці, мудры пастыр, уражлівы на патрэбы абяздоленых і пакінутых.
Кардынал Францішак Махарскі нарадзіўся 20 мая 1927 г. у Кракаве. Скончыў ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй імя караля Яна ІІІ Сабескага. Нягледзячы на тое, што навукоўцы прарочылі маладому Францішку ўніверсітэцкую кар’еру, ён у 18 гадоў паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Кракаве і распачаў вывучэнне тэалогіі ў Ягелонскім універсітэце. У 1950 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук кардынала Адама Сапегі, які хацеў накіраваць маладога святара на вучобу ў Швейцарыю, аднак зза нежадання супрацоўнічаць з органамі Дзяржаўнай бяспекі ён змог выехаць на вучобу толькі падчас «адлігі» ў 1956 годзе, а дагэтуль працаваў у вясковай парафіі ў Козах каля БельскаБялай. У Швейцарыі кс. Францішак атрымаў ступень доктара тэалагічных навук і, вярнуўшыся ў Кракаў, пачаў выкладаць у духоўнай семінарыі, дзе праз 8 гадоў стаў рэктарам.
Калі кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам Рымскім, сваім наступнікам у Кракаве ён прызначыў кс. Махарскага. Біскупскую сакру кс. Францішак атрымаў 6 студзеня 1979 г. у Рыме, а праз паўгода стаў кардыналам.
Кардынал Махарскі займаў важныя пасады ў Каталіцкім Касцёле: ён быў сябрам Рады кардыналаў і біскупаў, кіраўніком Камісіі па справах епіскапату, членам чатырох ватыканскіх кангрэгацый: Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі (па справах навучальных установаў), Кангрэгацыі па справах духавенства, Кангрэгацыі па справах Біскупаў і Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
Біскупскім дэвізам Францішка Махарскага былі словы «Езу, давяраю Табе!». Папа Францішак у лісце да кардынала Станіслава Дзівіша (наступніка спачылага кардынала) адзначыў: «Цяпер, у Юбілейны Год Міласэрнасці, гэты дэвіз стаў выразным сведчаннем таго, што ён выканаў справу, якую Пан даверыў яму ўжо падчас хросту… а потым разам з дарам святарства, калі пасылаў яго з заданнем асвячаць людзей словам і ласкаю сакрамэнтаў». Кардынал Махарскі вельмі актыўна спрычыніўся да пашырэння культу Божай міласэрнасці. Сімвалічна тое, што менавіта праз заступніцтва святой Фаўстыны Кавальскай з ім адбыўся цуд аздараўлення ад злаякаснай пухліны горла, пра што распавядаецца ў кнізе Эвы К. Чачкоўскай «Цуды святой Фаўстыны». Пасля пераадолення гэтай хваробы кардынал пражыў яшчэ 25 гадоў, хоць пухліна была вялікаю і дактары не давалі надзеі на тое, што святар выжыве…
Супрацоўнікі і сябры памерлага кардынала ўспамінаюць пра яго як пра чалавека сціплага, з нязломнымі прынцыпамі, які вельмі шмат патрабаваў ад самога сябе, надзвычай мудра паводзіў сябе ў адносінах з уладамі падчас ваеннага становішча ў Польшчы і праяўляў незвычайны клопат пра развіццё дабрачынных справаў.

Кардынал Францішак Махарскі пахаваны ў вавельскай катэдры побач са сваімі вялікімі папярэднікамі.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле gosc.pl, niedziela.pl, tygodnikpowszechny.pl

