Біскупы Еўропы павіншавалі католікаў Беларусі з 25-годдзем аднаўлення структураў Касцёла
27.05.2016|№ 5 (254) 2016

Рада Біскупскіх Канфе­рэнцый Еўропы павіншавала католікаў Расіі, Беларусі і Казахстана з 25-й гадавінай аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў гэтых краінах. Аўтары спецыяльнага ліста, накіраванага на імя старшыняў епіскапатаў, нагадалі, што гэтае рашэнне было прынятае 13 красавіка 1991 г. св. Янам Паўлам II.

Гадавіна стала магчымасцю не толькі «аб’яднацца з вашай радасцю», але і ўзга­даць «многіх асобаў, якія захавалі веру, нават коштам свайго жыцця», гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным 13 красавіка 2016 года. Пасля дзесяцігоддзяў пераследу рэлігійная свабода дазволіла Каталіцкаму Касцёлу развівацца і прыносіць веру і надзею, якія на працягу многіх гадоў, здавалася, былі знішчаныя.

«Касцёл у Еўропе дыхае двума лёгкімі, і Каталіцкі Касцёл у Расіі і ў Беларусі мае вырашальнае значэнне для будучыні Касцёла ва ўсёй Еўропе», — гаворыцца ў лісце. Яго аўтары лічаць, што юбілей павінен стаць для ўсіх католікаў узгаданых краінаў магчымасцю аднавіць сваю надзею на Хрыста і місійную дынаміку, а інстытуцыйныя адносіны з дзяржавай, з Праваслаўнай Царквой, з іншымі біскупскімі канферэнцыямі Еўропы пакліканыя прычыніцца да будавання міру і паяднання дзеля агульнага дабра.

Ліст завяршаецца запрашэннем працягваць агульную працу абвяшчэння Евангелля. «У сучасным свеце многія людзі да гэтага часу не ведаюць Бога. Будзем працаваць не перастаючы, каб усё чалавецтва змагло пазнаць і палюбіць Бога праўдзівага».

Паводле інфармацыі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Ад рэдакцыі:
святкаванні 25-й гадавіны
аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
працягваюцца і адбудуцца таксама падчас урачыстасцяў у Будславе.

Цэтлікі: Падзеі, Віншуем

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней