Пахвалёны Езус Хрыстус!
Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»! Звяртаюцца да вас вернікі з парафіі Святой Тройцы ў Клецку.
Парафія наша заснава-ная, дакладней сказаць, адноўленая, у другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя малітвамі і намаганнямі вернікаў, многіх з якіх ужо няма з намі. У1996 годзе ў Клецк пасля многіх дзесяцігоддзяў адсутнасці святара і касцёла быў накіраваны на душпастырскую паслугу місіянер Кангрэгацыі Святой Сям’і кс. Эрвін Вячорэк. З дапамогаю ахвярадаўцаў узняў свае вежы прыгожы, утульны, цёплы касцёл — дом Божы. Але галоўнае — пачалося духоўнае адраджэнне. Удзячнасць Богу і кс. Эрвіну перапаўняе нашыя сэрцы.
З лютага 2012 года па кастрычнік 2013 года ў нашай парафіі служыў кс. Адам Самсэль MSF, які таксама пакінуў у парафіянаў і ўсіх, хто хоць раз сустрэўся з ім па той ці іншай справе, самыя цёплыя ўспаміны. Ён унёс вялікі ўклад у духоўнае сталенне парафіі.
18 лістапада 2013 года па волі Божай у Клецку распачаў сваю працу кс. Павел Слука MSF. Ён родам з Ліды. У свой час, адказаўшы на заклік Езуса Хрыста, паступіў у духоўную семінарыю Кангрэгацыі Святой Сям’і ў польскім Казімежы Біскупім. Пасля паспяховага заканчэння вучобы ў 2006 годзе быў накіраваны ў Беларусь.
Ён працаваў вікарыем у Новым Свержані, па даручэнні біскупа займаўся аднаўленнем адной з парафій у Мінску. Каля 5-ці гадоў нёс душпастырскую службу ў Лагойску ў парафіі св. Ка-
зіміра. Дзе б малады, але руплівы святар ні працаваў, ён усюды пакідаў добры след. Былыя парафіяне памятаюць яго, тэлефануюць яму, віншуюць і нават наведваюць.
Кс. Павел Слука — гэта добразычлівы, камунікабельны, энергічны, цудоўны чалавек і святар. Адкрыты на людзей, прынцыповы, адказны, не пазбаўлены пачуцця гумару. Ён вялікі псіхолаг, бо знаходзіць патрэбныя словы для кожнага чалавека, мае асаблівы падыход да дзяцей, моладзі і міністрантаў.
{gallery}254-04{/gallery}
Казанні кс. Паўла — глыбокія, змястоўныя — адначасова з’яўляюцца своеасаблівымі катэхезамі, разважаннямі над словам Божым.
19 мая 2016 года спаўняецца 10-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння кс. Паўла Слукі. З гэтай цудоўнай нагоды мы жадаем нашаму шаноўнаму пробашчу добрага здароў’я, шчодрых Божых ласкаў на кожны дзень, апекі Святой Багародзіцы, новых планаў, задумак і магчымасцяў для іх выканання. Няхай Езус Хрыстус надалей застаецца галоўнай каштоўнасцю на яго святарскім шляху. Нашыя сэрцы напоўнены ўдзячнасцю Святой Марыі і праслаўленнем Добрага Бога за дар жыцця і паклікання кс. Паўла, за тое, што кожны з нас мае шчасце ведаць яго, з яго вуснаў слухаць слова Божае, з яго рук прымаць святыя сакрамэнты і разам ісці да святасці.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому!
З павагаю — вернікі з парафіі Св. Тройцы ў Клецку.
Фота з архіва парафіі.