Папа Францішак абвясціў у Касцёле Год Міласэрнасці, які пачаўся адкрыццём Святых Дзвярэй у базыліцы св. Пятра 8 снежня і завершыцца 20 лістапада 2016 года. Па некаторых падліках, ва ўсім свеце адчынена каля 10 тысяч такіх сімвалічных Дзвярэй. У Віцебскай дыяцэзіі такімі асаблівымі месцамі прызначаны віцебская катэдра і санктуарый Маці Божай у Браславе. Ці дапаможа такая акцыя ў навяртанні людзей? Паразважаем пра гэта з кусташам браслаўскага санктуарыя кс. Станіславам Мжыглудам SDS.
— Ксёндз Станіслаў, што дае вернікам адкрыццё ў нашым санктуарыі Брамы міласэрнасці?
— Першае, гэта тое, што вернікі могуць зразумець, адкрыць для сябе, чым на самай справе з’яўляецца Божая міласэрнасць, чаму Бог міласэрны і ў кожны момант гатовы дапамагчы чалавеку сваёй міласэрнасцю. Так можна зразумець таямніцу Божай міласэрнасці. Па-другое, гэта адкрывае сэрца і душу чалавека на свайго бліжняга. Бо, каб атрымаць Божую міласэрнасць, трэба быць адкрытым на іншага чалавека, бачыць чалавека каля сябе, умець дапамагчы яму, умець убачыць у ім Бога. А па-трэцяе: гэта дае магчымасць паглыбляць сваю веру, зразумець, чым насамрэч яна з’яўляецца, кім ёсць Бог у нашым жыцці.
Сам факт таго, што гэта Брама міласэрнасці ёсць тут, у Браславе, а не недзе далёка ў Рыме, дае адчуванне блізкасці міласэрнага Бога. Кожны дзень можам прыйсці, каб паглядзець на Браму, на сімволіку Году Міласэрнасці, і зразумець, што ў кожны момант жыцця можам прыйсці да Бога і атрымаць Яго міласэрнасць.
— Як Вы думаеце, ці можна ў гэты час заахвоціць непрактыкуючых хрысціянаў прыходзіць да Бога?
— Думаю, што асабліва ў гэты Год Міласэрнасці важна, каб практыкуючыя католікі казалі тым, хто адышоў ад Бога, пра тое, што распачаўся Год Міласэрнасці, што да Бога заўсёды можна вярнуцца як да Міласэрнага Айца. Думаю, што гэта заданне для кожнага хрысціяніна, які разумее гэты дар Божай міласэрнасці, казаць пра яго тым, хто побач, але забыў пра Бога і Касцёл; выпрошваць праз маліву для іх дар разумення. Казаць і падказваць дарогу да Бога.
— Ці ведаеце Вы прыклады дзейнасці Божай міласэрнасці ў вашых парафіянах?
— Ведаю некалькіх людзей, якія ўжо ў гэтым годзе адчулі на сабе Божую міласэрнасць. Былі далёка ад Бога, але прыйшлі ў дзень адкрыцця Брамы міласэрнасці і пасля гэтага, можна сказаць, навярнуліся: прыступілі да сакрамэнту споведзі (а не былі гадоў 10 ці больш) і зразумелі, што Пан Бог даў ім такую магчымасць, каб у гэтыя дні вярнуцца да Яго. Бо, як казалі яны самі, раней баяліся прыйсці. У іх сэрцах была няёмкасць прасіць прабачэння і нанава пачаць жыццё з Богам.
— Які плён Вам бы хацелася бачыць ад перажывання Году Міласэрнасці?
— Першае, што, канечне, хацелася б, каб кожны, хто будзе наведваць наш санктуарый у Год Міласэрнасці, карыстацца з адпустаў, на самай справе зразумеў, адкрыў для самога сябе, для свайго жыцця і штодзённасці, наколькі важны Пан Бог, як важна самому быць міласэрным не толькі ў гэты асаблівы перыяд, але заўсёды. Каб у чалавеку засталося разуменне і ўсведамленне таго, наколькі важна Божая міласэрнасць у кожны наш дзень, чым для кожнага асабіста з’яўляецца Божая міласэрнасць і як ён можа сам быць міласэрным да іншых у сваіх штодзённых справах.
— Ці запланаваны асаблівыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Году Міласэрнасці ў нашай парафіі?
— Самыя галоўныя — гэта агульнабеларуская пілігрымка святароў (2 чэрвеня) і агульнабеларуская сустрэча сем’яў (10-11 верасня). А для нашай парафіі – гэта Святыя місіі з 6 па 13 лістапада.
Заахвочаю ўсіх карыстацца з магчымасцяў, якія дае нам Год Міласэрнасці, не баяцца, не саромецца Бога, не думаць, што Бог карае нас за тое, што шмат гадоў не мелі з Ім зносінаў. Бог міласэрны і ніколі нікога не пакіне і не адкіне. Бог заўсёды і ў кожны момант гатовы праявіць сваю любоў і міласэрнасць, але Ён чакае кроку ад нас і нашага даверу. Калі мы забылі шлях да Бога, то першы крок павінен быць да святыні, да сакрамэнту пакаяння з просьбай аб Божай міласэрнасці.
Размаўляла Святлана Жылевіч.