Дарога малітвы

Пілігрымаванне. Часам думаецца: «Усё роўна ж усюды не паспееш, ва ўсе цікавыя месцы не даедзеш — дык мо й не варта кідацца пры любой нагодзе няхай сабе і ў цікавае падарожжа? Бо Пан Бог чакае нас усюды». Ды некуды раптам падзеліся гэтыя аргументы, калі я пачула пра магчымасць наведаць некалькі цікавых мясцінаў у напрамку Балканаў… Сяброўка, якая ездзіла тымі шляхамі ў 90-я гады, адразу папярэдзіла: «Будзь гатовая да няпростай дарогі..».

Наш аўтобус з пілігрымамі з Полацка, Наваполацка, Мінска і Глыбоччыны вырушыў у дарогу 6 мая, якраз за дзевяць дзён да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Таму распачалі навэнну да Духа Святога. І з’явілася ўпэўненасць, што Ён, Дух Святы, добра павядзе па гэтай дарозе, пакіруе нашымі сэрцамі, дасць натхненне на ўспрыняцце Божых таямніцаў. Ксёндз Мікалай Ціхановіч, які ласкава згадзіўся суправаджаць нас у дарозе і разам з сястрой Магдаленай карміць нас духоўнай стравай на працягу 10-ці дзён пілігрымкі, нагадвае, вучыць распазнаваць Божыя знакі на нашым шляху тут, у пілігрымцы, і ўвогуле — у жыцці.

У першы дзень — святая Імша ў польскай Сакулцы, адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, падзяка за тое, што не стамляецца Ён нагадваць нам, вернікам, пра сваю святую прысутнасць.

На другі дзень, ужо разам з нашым гідам, нястомным Анджыем Бацяноўскім, якога мы з маёй суседкай Гэленай неўзабаве паціху жартаўліва назвалі па-нашаму — Буслоўскім — едзем праз усю Польшчу і шчасліва не мінаем Чэнстаховы. Пан Анджэй папярэдне дамовіўся, і нашаму ксяндзу дазволілі цэлебраваць для нас Імшу ў адной з капліцаў чэнстахоўскай святыні. Імша ў маі перажываецца неяк па-асабліваму. Пасля яе молімся яшчэ колькі хвілінаў перад цудоўным абразом, і так хочацца падоўжыць гэты час, але нас чакае далейшы шлях...

У дарозе супольна молімся святы Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, чытаем Божае слова. Сястра Магдалена назапасіла некалькі хрысціянскіх фільмаў, і для тых, хто любіць глядзець іх у дарозе, час бяжыць хутка. Я ж за гады маіх пілігрымскіх дарог так і не прызвычаілася глядзець у аўтобусе, няхай сабе і добрае кіно. Мабыць, я занадта люблю дарогу, каб прамяняць яе сузіранне на экран тэлевізара. А дарога ў маі, у раскошнай квецені бэзу — гэта штосьці асаблівае!..

Адвячоркам спыняемся ў невялічкім чэшскім гарадку на начлег. Мы з Гэленай выбягаем купіць чаго на заўтрашні дзень і пачынаем разумець, што з чэхамі нам не надта лёгка дамовіцца. Ды нарэшце ўсё ж знаходзім супермаркет, кошты якога пакусваюцца...

Наш трэці дзень пралятае таксама ў дарозе, сярод прыгожых краявідаў Аўстрыі, Славеніі і, нарэшце, — Харватыі. Горы, пакручастая дарога, часта над такімі абрывамі, што займае дых. Пілігрымшчыца Вера прызналася потым, што яна, мабыць, ніколі раней гэтак шчыра не малілася на ружанцы. Плён пілігрымкі такім чынам ужо ёсць.

Раны ад нядаўняй вайны тут яшчэ не зажылі і час ад часу нагадваюць пра сябе разбуранымі дамамі. Пры выглядзе гэтых руінаў прыўзняты настрой неяк адразу спадае. Суровы напамін пра нядаўняе мінулае гэтай зямлі вяртае да горкай рэальнасці. І што ж мы, людзі, такія злосныя? Пры гэткім вось харастве наўкола?..

Кіруемся ў Быстрыцу — у галоўны марыйны санктуарый Харватыі. Тут, у санктуарыі Маці Божай, Каралевы Харватыі, нам неспадзявана шчасціць — мясцовы пробашч дазволіў ксяндзу Мікалаю цэлебраваць святую Імшу непасрэдна перад галоўным алтаром. Ён так і сказаў: «Вам пашчасціла!». Такое здараецца тут вельмі рэдка.

Ды вось мы зноў у аўтобусе. Паціху апускаецца вечар… Сястра Магдалена распачынае Літанію да Маці Божай… Потым ксёндз Мікалай моліцца навэнну да Духа Святога… Як жа ціха й светла на душы ў гэтыя хвіліны!.. Нібы ты не ў аўтобусе, за вокнамі якога мільгаюць нязвыклыя для вока краявіды, а кленчыш разам з мілымі сэрцу суседзямі з роднага Гойдышава на Глыбоччыне перад абразом Маці Божай — у роднай хаце. Нібы побач з табою — твае мама з татам, падлеткі сыны… Гэта робіць малітва. Яна яднае час, месца, жывых і памерлых. Яднае ў Богу...

Чацвёрты дзень аказаўся надзвычай багатым на ўражанні. Мы трапляем у старажытны горад Далмацыі — Спліт. Галоўная ягоная знакамітасць — палац Дыяклецыяна, таго самага, які праславіўся ўмацаваннем Рымскай імперыі і жорсткім пераследам хрысціянаў. Палац уражвае агромністымі памерамі. Гэта й не проста палац у нашым разуменні, а міні-горад з прадуманымі да дробязяў пабудовамі, магутнымі вежамі, сценамі неверагоднай таўшчыні. У ім вельмі лёгка было б заблудзіцца, калі б не пан Анджэй, які чувае над намі, нібы квактуха над пісклятамі. Амаль подбегам праходзім з ім па вузкіх вулачках, не паспяваючы разгледзець як след, што тут прапануюць мясцовыя гандляры. Ды паспяваем за гэты час пабыць на міні-канцэрце мужчынскай групы ў адным з былых залаў палаца. Аказваецца, мужчынскі харавы спеў — адметная рыса Харватыі, бо калі мужчыны на доўгі час хадзілі ў мора, яны шмат спявалі — так і працаваць вёсламі ямчэй, і весялей. Таму ў Харватыі мужчыны вельмі прыгожа спяваюць. Дзіва што і мы заслухаліся. Ды пан Анджэй не даў нам доўга лавіць тутэйшых варон — едзем на мора!

Курортны горад Оміс. Мой Божа! Шэра-зялёныя горы зблізу ўражваюць сваёй непрыступнай, загадкавай прыгажосцю. Адрыятыка! Тэмпература вады — 18о...

 

Ці ведае хто, што ў Харватыі таксама ёсць Люрд? А вось жа ёсць! Не толькі ж у Беларусі быць Парыжу! Гэты «Люрд» з’явіўся тут клопатам харвацкага кардынала. Даволі мілы: каплічка Маці Божай — у скале...

Позна ўвечары наш аўтобус адолеў мяжу з Босніяй і Герцагавінай. Пад’язджаем да Меджугор’я. Спыняемся ў прыватным пансіянаце, гаспадыня якога на вячэру ў гонар нашага прыезду паставіла да смачных страваў яшчэ і чырвонае ды белае віно. Сапраўднае — вінаграднае, харвацкае...

Пяты дзень. Гара Крыжэвац. Яе нельга не заўважыць, набліжаючыся да Меджугор’я. Калі пан Анджый сказаў, што заўтра мы падымемся на яе вяршыню, некаторыя з нас падумалі, што ён жартуе. Ад падножжа гары да тае вяршыні — 500 метраў. А калі ўлічыць, што дарога камяністая, выслізганая тысячамі і тысячамі ног, то можна ўявіць, што адчулі мы, апынуўшыся пры яе падножжы. Таму я адразу набыла папулярныя цяпер палкі і, абапіраючыся на іх, адважна рушыла разам з усімі ў Крыжовы шлях.

Дарога малітвы… Некаторыя ідуць па ёй басанож. Кажуць, што гэта не так і цяжка. Не спрабавала. Маліліся, разважалі, плакалі… І выплакаліся ўволю пасля апошняй стацыі, на вяршыні гары, прытуліўшыся да магутнага белага каменнага крыжа, які з’явіўся на гэтай вяршыні ў 1933 годзе. У гэтым крыжы замураваны рэліквіі святога Крыжа з ерузалемскай Галготы. Таму, відаць, так хочацца тут плакаць, маліцца, думаць, давяраць Богу ўсё, што ўжо за тваімі плячыма і што яшчэ будзе. І… зусім не хочацца сыходзіць уніз.

Мясцовых жыхароў, дарэчы, вельмі лёгка пазнаць па тым, з якім спрытам яны рухаюцца па камяністых горных сцяжынах — некаторыя проста подбегам. Спускаемся і мы, хоць і не подбегам. Чамусьці нават размаўляць, дзяліцца ўражаннямі пакуль што не хочацца. Дзівосная напоўненасць малітвай…

Але нас чакае прыродны запаведнік Slap Kravica з ягонымі шыкоўнымі вадаспадамі. Пасля Крыжовага шляху апынуцца тут — надзвычайная раскоша. Пан Бог нібы ў чарговы раз нагадвае тут пра сваю веліч і ўсемагутнасць. Ажно займае дых ад гэтага хараства!

Але трэба вяртацца. Трэба паспець на міжнародную святую Імшу а 18-й гадзіне у Меджугор’і, на пляцы, побач з касцёлам святога Якуба.

Да пачатку Імшы тут моляцца дзве часткі святога Ружанца, пасля Імшы — яшчэ адну частку. Потым — гэтак званы Ружанец супакою: за спакой у нашых сэрцах, у сем’ях і паміж народамі. Ружанец супакою — тыя ж самыя сем пацераў, якія многія з нас практыкуюць з дзяцінства. Але пачатак гэтага супакою, заўважце, ляжыць у нашых сэрцах… Цікава, што гэтак шмат малітвы тут зусім не стамляе. А яшчэ тут неяк па-асабліваму шчасліва адчуваеш сваю прыналежнасць да нашага святога паўсюднага Касцёла, калі святар моліцца Ружанец па-харвацку альбо на якой іншай мове, а ўвесь прысутны Божы люд падхоплівае тую малітву на сваіх мовах: па-італьянску, французску, польску, чэшску, па-славацку, па-беларуску… Такое варта адчуць. Дарэчы, адну таямніцу супольнага Ружанца маліўся і ксёндз Мікалай па-беларуску, а люд Божы адказваў: па-харвацку, па-славацку, па-італьянску…

Позна ўвечары ідзем у летнюю капліцу адарацыі святога Крыжа — молімся, ставім свечкі… Потым — да высознай фігуры Хрыста Уваскрослага, пры якой таксама шмат вернікаў, шмат людзей на інвалідных вазках…

Непадалёк — тутэйшыя парафіяльныя могілкі, дзе спачывае і святар францішканін, які так шмат уклаў сваёй душы ў развіццё Меджугор’я, — Слаўка Барбарыч. Па дарозе чытала ягоную кнігу «Маліцеся разам радасным сэрцам». Надзвычай жывая і сапраўды радасная кніга, аўтар якой даваў сведчанне пра падзеі ў Меджугор’і ва ўсім свеце. Ягоныя кнігі перакладзены больш чым на 20 моваў народаў свету. Айцец Слаўка памёр 24 лістапада 2000 года, у 15:30, на гары Крыжэвац, пасля малітвы Крыжовага шляху… А цела ягонае спачывае на тутэйшых могілках, якія ўражваюць вялізнымі каменнымі надмагіллямі. Гледзячы на тыя надмагіллі, ніяк не скажаш, што ты знаходзішся ў далёка не багатай краіне…

Шосты дзень пілігрымкі. Большая частка нашай групы ў гэты дзень паехала на экскурсію ў сталіцу Босніі — старажытны Мостар. Кажуць, было цікава. Я засталася з тымі, хто пажадаў даўжэй пабыць у Меджугор’і. Была такая вось раскоша — памаліцца тут у цішыні…

На вуліцах Меджугор’я вельмі шмат перасоўных крамаў, шапікаў, дзе можна набыць розныя памяткі пра гэтае дзівоснае месца. У адной такой невялічкай краме працуе мужчына з сынам, якія, пачуўшы нашу гаворку, пытаюцца:

— Палякі?

— Не, — кажам, — беларусы.

Яны неяк па-асабліваму цёпла ківаюць нам і падаюць прэзэнты: каму — ружанец, каму — абразок з выяваю Маці Божай. Пра гэтую краму і шчодрасць яе ўладальнікаў ведаюць многія і рэкамендуюць адзін аднаму наведаць яе. А яшчэ кажуць, што яе гаспадары ніколі не працуюць у нядзелю...

Вера тутэйшых людзей не можа не выклікаць шчырай павагі. Ужо адно тое, што ў 1933 годзе мясцовыя вернікі ўстанавілі магутны крыж на гары Крыжэвац, выклікае захапленне. Як хтосьці з нашых заўважыў: «У той час, калі іншыя рыхтаваліся да вайны, сушылі сухары альбо рыхтавалі зброю, гэтыя людзі ўстанаўлівалі крыж…» Не дзіва, што такая вера атрымала ўзнагароду Неба.

Сёмы дзень нашай пілігрымкі. Едзем да ўскраіны Меджугор’я, да гары Падбрдо — знакамітай гары аб’яўленняў. Па сведчанні шасці візіянераў, менавіта тут 24 чэрвеня 1981 года яны ўпершыню ўбачылі жанчыну ў шэрай сукні, з чорнымі валасамі і блакітнымі вачыма. Жанчыну незвычайнай прыгажосці, якую мясцовыя жыхары ласкава называюць Госпа… Так распачалася новая старонка гісторыі Меджугор’я.

Ля падножжа гэтай гары мы дастаем ружанцы і чакаем аднаго з тых хлопчыкаў, які даўно ўжо, зразумела, узмужнеў, — Івана  Драгічавіча. Ён прыходзіць, і пачынаецца малітва. Чарговае ўзыходжанне на гару. Молімся радасную частку святога Ружанца. І зноў радасна й шчасліва адчуваем сваю прыналежнасць да нашага паўсюднага Касцёла. На вяршыні гары, пры беласнежнай фігуры Маці Божай аддаемся Яе Мацярынскай апецы. Іван гаворыць кароткую прамову. Нічога надзвычайнага. Усё так проста, але разам з тым глыбока… Як толькі ён скончыў гаварыць, адразу ж развітаўся і павярнуўся, каб ісці. Насустрач яму раптам кінулася жанчына з немаўлём на руках (як яна толькі ўзышла з такой ношай на гэтую гару?). Ды Іван не спыніўся, а хуткім крокам, амаль подбегам, рушыў па камянях уніз… Мяне гэты кароткі момант узрадаваў, бо ён сведчыць пра тое, што гэты чалавек не хоча прыпісваць сабе не сваіх правоў...

Пад праліўным дажджом кіруемся ў хрысціянскі асяродак «Чэнакала» — сусветна вядомы паратунак для залежных ад алкаголю, наркотыкаў, гульняў ды іншых спакусаў нашага тлумнага свету. Двое хлопцаў — славак і харват — распавядаюць нам пра гэты асяродак, пра свае няпростыя гісторыі. За іх плячыма, як і за плячыма кожнага, хто сюды трапляе, — вельмі балючы шлях. Але ж як радасна слухаць пра перамогі над злом, няпростае і адначасна такое змястоўнае жыццё. Напрыканцы яны прапануюць нам пакінуць свае інтэнцыі: за тых, каму патрэбна вызваленне ад якой-небудзь залежнасці...

Восьмы дзень. На світанні — апошняя Імша ў меджугорскай капліцы, і мы вырушваем у зваротны шлях…

Хтосьці, магчыма, папракне мяне, што я нічога не напісала тут пра сам змест аб’яўленняў. Знаёмства з імі яшчэ наперадзе, бо аб’яўленні ў Меджугор’і па сведчанні візіянераў яшчэ працягваюцца. Гісторыя гэтая яшчэ не скончаная. Касцёл пакуль што не выказаўся адназначна наконт праўдзівасці аб’яўленняў. Словам, цярплівасці, люд Божы!.. Але што можна смела сцвярджаць, дык гэта тое, што Меджугор’е — месца асаблівай малітвы, асаблівай размовы Божага люду са сваім Створцам. І тое, што ў Меджугор’і вернікі з розных куткоў свету штодня так шмат моляцца, што ўсе гэтыя гады пілігрымы бясконцым патокам едуць у Меджугор’е, гаворыць само за сябе...

Дарэчы, прачытала ў інтэрнэце водгук адной турысткі, якая напісана: «Нехрысціяніну тут няма чаго рабіць. Гэтыя дзве гадзіны, якія мы там былі, я не ведала куды падзецца». Але чытала таксама іншыя сведчанні: пра тое, як людзі перажылі тут сапраўднае навяртанне, адчулі сябе ўсыноўленымі сынамі і дочкамі Бога. Вось такія мы розныя…

Дзявяты дзень. Па дарозе — святая Імша ў польскіх Годлах, у марыйным санктуарыі, дзе вельмі шануецца маленькая фігурка Маці Божай з ХVI стагоддзя — Маці Божай Аздараўлення хворых… У санктуарыі — шмат пілігрымаў. Каму, скажыце, не патрэбнае здароўе: і фізічнае, і духоўнае? Дык молімся: за сябе, за ўсіх дарагіх нам людзей. Давяраем іх нашай Нябеснай Апякунцы, якая тут шануецца ў маленькай фігурцы, што даўным-даўно выкапаў мясцовы селянін, узорваючы свой надзел. Так пачыналася новая гісторыя Годлаў…

На дзясяты дзень пілігрымкі — урачыстасць Спаслання Духа Святога! Яе мы святкуем на світанні новага дня — у Кабылцы, пад Варшаваю.

Дух Святы, прыдзі да нас!
Хочаш — ветрам, хочаш — цішай…

Спяваем… Молімся… Дзякуем Богу за ўсё перажатые за гэтыя дні…

Такія вось атрымаліся нататкі. Але не напісала пра тое, што адбывалася за гэтыя дзесяць дзён у сэрцы кожнага з нашых пілігрымаў, гэта — асабістыя гісторыі кожнага чалавека. Не сумняваюся, што яны багатыя і змястоўныя. А інакш навошта было б адольваць гэты няпросты шлях?

Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней