Геніяльны кампазітар Ёган Себасцьян Бах быў шостым дзіцем у сям’і, мастак Альбрэхт Дзюрэр — сёмым. Аўтар перыядычнай табліцы хімічных элементаў Дзмітрый Мендзялееў быў сямнаццатым па ліку, а Фёдар Дастаеўскі меў шэсць братоў і сясцёр. Марыя Кюры, двойчы ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй, была пятаю дачкою. Раней шматдзетнасць была нормаю, у нашыя ж часы можна пачуць мноства каментараў адносна колькасці дзяцей у сям’і — з боку сродкаў масавай інфармацыі і медыкаў, якія зусім не суцяшаюць і не натхняюць. І, як часта здараецца, большасць нават не спрабуе даследаваць гэтае пытанне, а яшчэ лепш — проста паразмаўляць з членамі такіх сем’яў (з бацькам, маці, з самімі дзецьмі), аднак пры гэтым абараняе ўстойлівую адмоўную пазіцыю ў ацэньванні шматдзетнасці. У гэтым інтэрв’ю будзе закранутая не толькі тэма шматдзетнасці, але і іншыя два актуальныя і важныя пытанні: што рабіць, калі ў сям’і нараджаецца асаблівае дзіця (у нашым выпадку — з сіндромам Даўна) і як павесці сябе, калі падчас цяжарнасці медыкі ставяць маці цяжкі дыягназ. Мы размаўляем з Ірынаю і Віктарам — бацькамі трох дачок: Рэнаты (7 гадоў), Юлі (5 гадоў) і Насты (2 гады).
— Як вы лічыце, якія моцныя і слабыя бакі шматдзетных сем’яў?
— Моцных бакоў, зразумела, больш, а слабыя я нават не здолею адразу назваць. Моцныя — гэта ўзаемадапамога, ты заўжды адчуваеш сям’ю сваім апірышчам. У вялікай сям’і амаль заўсёды весела. Вялікая сям’я дае больш упэўненасці ў будучыні. Добра, калі ёсць сястрычкі і брацікі, блізкія па ўзросце, бо бацькі, на жаль, не вечныя. У вялікай сям’і менш увагі звяртаеш на дробязі і праблемы, бо няма калі думаць пра благое і накручваць сябе. А шматдзетная мама мімаходзь займаецца штодзённым самаўдасканаленнем, прысвячаючы час дзецям.
— Ірына, як Вы ставіліся да шматдзетных сем’яў у дзявоцтве і як цяпер змянілася Вашае стаўленне?
— Да шлюбу я баялася шматдзетнасці. У класе, дзе я вучылася, былі вучні з сям’і з васьмю дзецьмі, і гэта здавалася мне нечым страшным, але ўсе яны вельмі ладзілі, былі вялікімі сябрамі. Тады было шмат сем’яў з трыма дзецьмі, і гэта было звыклым. Абапіраючыся на свой цяперашні досвед, я магу сказаць, што існуюць, зразумела, цяжкасці, але вялікая колькасць плюсаў іх цалкам перакрэслівае.
— З якімі цяжкасцямі вы сутыкаліся?
— Асноўная цяжкасць у тым, што няма з кім пакінуць дзяцей, калі трэба некуды выйсці.
— А як вы наогул спраўляецеся?
— Усё само сабою ідзе, мы проста не задумваемся пра гэта. Спачатку гэта страшна нават уявіць. Цяжка, калі дзеці хварэюць. Дзівіць, калі іншыя бацькі наракаюць, што і з адным дзіцем складана, і спачуваюць, што ў нас трое. Часам і праўда ўсё няпроста, а часам ідзеш па вуліцы і ганарышся — гляньце, як нас шмат! А каму цяпер лёгка — і без дзяцей людзям таксама цяжка...
— А вам дапамагае нехта?
— На лета я з дзецьмі еду да бацькоў на вёску, а тут, у Віцебску, дапамагае адна вельмі добрая жанчына, Ірына Мікалаеўна. Мы пазнаёміліся трынаццаць гадоў таму, калі я толькі прыехала ў горад вучыцца ва ўніверсітэце і першы час жыла ў іх сям’і.
Божая дапамога адчуваецца паўсюль і заўсёды. Здаецца, што ўсё будзе больш складана, чым аказваецца насамрэч, а Бог дае цярплівасць і сілы.
Дзеці ніколі не былі для нас прычынаю «прагуляць» нядзельную Імшу. Калі яны былі зусім маленькія, мы дамаўляліся адно з адным і хадзілі ў касцёл па чарзе. Заўжды не стае часу на ўсе справы, але мы ведаем, што трэба чэрпаць сілы з невычэрпнай крыніцы — Хрыста.
— А ці хапае любові на ўсіх? Як вы размяркоўваеце ўвагу?
— Зразумела, што любові на ўсіх хапае, а калі ёсць жаданне, можна для кожнага знайсці час. Важна прысвяціць кожнаму дзіцяці хаця б 10 хвілін у дзень, але яму асабіста: паразмаўляць, аб чым яно хоча, абмеркаваць нейкую праблему. Часам бывае складана, калі трэба пазаймацца з некім асобна, тады просім адно аднаго забраць астатніх дзяцей у іншы пакой.
— Ці маеце вы вольны час, і як вы яго бавіце?
— Вольнага часу мала, для саміх сябе яго практычна няма. Мне здаецца, што муж ад гэтага пакутуе больш, бо, калі дзеці маленькія, цішыня бывае рэдка.
— Ці здольная зрабіць жанчыну шчасліваю сучасная тэндэнцыя, скіраваная на кар’ерызм жанчыны, яе імкненне ні ў чым не саступаць мужчыну? Ці справядлівае меркаванне, што жанчына, якая траціць час толькі на сям’ю і сядзіць з дзецьмі, нечага пазбаўленая і «выпадае» з грамадства? Ці хацелі Вы самі калі-небудзь пабудаваць сваю кар’еру?
— Пытанне кар’еры мяне дакладна не турбуе! Я лічу, што кар’ера і сям’я несумяшчальныя, таму што ў гэтым выпадку дзецям немагчыма даць патрэбнай увагі. Я ніколі не імкнулася стаць лідарам. Магчыма, пасля нараджэння першага дзіцяці, калі яшчэ вучылася ва ўніверсітэце (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), я спрабавала рэалізаваць сябе як мадэльер, шыла калекцыі адзення, але мне было складана, бо існаваў заўсёдны канфлікт паміж сям’ёй і працай. Пануе агульнае меркаванне, што ўсе сілы трэба ўкладаць у працу, а ў мяне тады ўжо было дзіця. Але калі нарадзілася другая дачка, а пасля і трэцяя, я канчаткова вызначылася. Я разумею, што менавіта ў сям’і атрымліваю самарэалізацыю і радасць. Да таго ж... усё наперадзе, дзеці падрастуць, і нейкія свае планы я паспею рэалізаваць. Я ўпэўненая, што Божыя законы вельмі мудрыя і да іх варта прыслухоўвацца. Жанчына створаная для сям’і, яна ахоўвае і беражэ сямейны асяродак, і ў гэтым — вялікае шчасце. Наўрад ці можна стаць цалкам шчаслівай па-за сям’ёю, а сумяшчаючы сям’ю і кар’еру, не рэалізуешся ні ў тым, ні ў гэтым. Я чула шмат гісторый пра тое, як пакутуюць жанчыны, зрабіўшы вы-бар на карысць працы, калі была магчымасць нарадзіць дзіця.
І калі б можна было павярнуць час назад, яны абавязкова зрабілі б іншы выбар.
— Як вы адважыліся на шматдзетнасць?
— Гэта не мы вырашылі, гэта Бог так вырашыў, а мы паслухаліся Яго волі і не шкадуем.
— Ці плануеце вы мець яшчэ дзяцей?
— Калі будзе цяжарнасць, будзе і дзіця. Але цяпер мы праходзім перыяд узнаўлення і не загадваем наперад. Калі пачыналася цяжарнасць, я адчувала цалкавітую ўпэўненасць у тым, што гэта новае жыццё, і ніякія прычыны не здолелі б мяне пераканаць у адваротным. Дзіця нараджаецца, і ты яго любіш і думаеш: вось глупства — усе гэтыя твае сумневы і боязь! Пасля нараджэння дзіцяці знікаюць усе страхі.
— Ірына, а Вас не палохала, што роды могуць негатыўна паўплываць на Вашую прывабнасць?
— Былі такія думкі. Але я ў цудоўнай форме, і такіх праблем у мяне няма. Мне здаецца, што цяжарнасць і роды — гэта натуральна для жанчыны. І са здароўем у мяне ўсё добра.
— Віктар, як Вы сябе адчуваеце ў ролі бацькі вялікай сям’і?
— Добра, але складана. Больш цяжка таму, што не стае цярплівасці, але я шчаслівы і люблю сваіх дзяцей. Жанчыны больш трывалыя ў гэтым плане.
— А якім павінен быць бацька ў вялікай сям’і?
— Думаю, што адказным з самага пачатку, ад заключэння шлюбу. Патрэбны «вагон» цярплівасці! Неабходна аддаваць нямала часу сям’і, бо жанчына стамляецца з дзецьмі, ёй патрэбная дапамога і падтрымка. Патрэбная ўважлівасць да жонкі і дзяцей.
— У вас не проста трое дзяцей, старэйшая дачушка — асаблівае дзіця. Калі вы пра гэта даведаліся?
— Гэта было нечакана. Мы даведаліся, што Рэната хварэе на сіндром Даўна, калі ёй быў ужо год. Усе здзіўляліся, нават медыкі. Быў жудасны стрэс, мы доўга не верылі дыягназу, і знешне ён слаба праяўляўся, таму думалі нават ехаць у Мінск, каб рабіць паўторныя аналізы. Задавалі сабе пытанне, чаму гэта здарылася з намі... Найбольшая праблема і страх былі ад таго, як да такіх дзяцей ставіцца грамадства. Але чым больш часу мінае, тым спакайней мы ставімся да ўсяго, бо дзіцятка ў нас цудоўнае! Рэната ходзіць і размаўляе, пачала вучыцца ў спецыялізаванай школе, дзе ўсе яе хваляць. Бываюць цяжкасці, але ўсё вырашаецца. Ёсць пэўны дыскамфорт з прычыны грамадскага меркавання. Грамадства найлепш прымае здаровых, моцных, паспяховых. Рэната — сонечнае дзіця, вельмі ласкавае.
— Што можна параіць маці, якія даведаліся, што чакаюць асаблівага дзіцяці?
— Думаю, што сама працэдура скрынінг-ультрагукавага даследавання вельмі ненадзейная, бывае шмат памылак, а інфармацыі мала. Мне прагназавалі рызыку 1/900. Але я ў любым выпадку выбіраю жыццё. І хоць добра разумею ўсе цяжкасці, якія гэта можа выклікаць, думаю, што калі Бог дае такое дзіця, у гэтым ёсць сэнс. Рэната дапамагла нашай сям’і многае пераасэнсаваць, інакш паглядзець на многія рэчы. Думаю, што верніку лягчэй прыняць такое дзіця.
— Як Вы адважыліся нарадзіць астатніх дзяцей?
— Не дала напалохацца вера. Хоць мы і здаровая сям’я, без дрэнных звычак, але ніхто не застрахаваны. Праўда, калі пачалася другая цяжарнасць, мне зрабілі амніяцэнтэз (аналіз каляплодных водаў, які дазваляе выявіць прыроджаныя паталогіі дзіцяці). Тады я яшчэ не разумела, як гэта небяспечна, толькі пазней даведалася. Але падчас трэцяй цяжарнасці аніякіх аналізаў мы ўжо не рабілі, а ўсю боязь пераадольвалі, давяраючы Пану Богу.
— Што дапамагае ў такой сітуацыі?
— Вера. Ты разумееш, што ўсё не проста так. Некаторыя ўспрымаюць такія рэчы як пакаранне за грахі, але мы ніколі не ўспрымалі гэта як пакаранне, хутчэй, як выпрабаванне. І здаровыя дзеці маюць розны лёс.
— А як дзеці ладзяць між сабою?
— У іх добрыя ўзаемаадносіны. І чакаюць адна адну, і сварацца часам. З досведу свайго атачэння можам сказаць, што цяжэй тым, у каго адно дзіця, якое можа вырасці эгаістам.
— Сярод вашых знаёмых ёсць шматдзетныя сем’і?
— У нашым доме, дзе 80 кватэр, пяць шматдзетных сем’яў, але блізка пазнаёміцца з імі не стае часу, сустракаемся ў асноўным на дзіцячай пляцоўцы.
— Ірына, Вы згодзіцеся, што ў шматдзетных сем’яў вельмі шмат бытавых і матэрыяльных праблемаў? Як Вы з імі спраўляецеся?
— Зусім нядаўна я чытала, што ў развітых краінах, дзе дабрабыт большы і ёсць больш магчымасцяў, нараджальнасць меншая. Насамрэч, заможнасць не ўплывае на колькасць дзяцей у сям’і, заўжды знойдзецца, у што іх адзець і абуць. Пытанне ў іншым: у імкненні бацькоў апрануць дзіця па апошняй модзе, набыць як мага больш цацак. Мы з матэрыяльным пытаннем спраўляемся, ды і бацькі дапамагаюць.
— А калі з’яўляюцца пытанні ў выхаванні, дзе шукаеце парадаў?
— У часопісах, кнігах, бацькі даюць парады. Дапамагае досвед, атрыманы пасля нараджэння першага дзіцяці.
— Ці важна развіваць сужэнскія ўзаемаадносіны?
— Зразумела! Я яшчэ падчас першай цяжарнасці пачула мудрыя словы: галоўны ў сям’і — муж, а дзеці павінны стаяць на другім месцы, бо яны вырастуць і сыйдуць. Я імкнуся прытрымлівацца гэтага правіла, хоць і не заўсёды атрымліваецца.
— А ці ёсць у вас браты і сёстры, і як гэта паўплывала на ваш выбар на карысць шматдзетнасці?
— Віктар з двухдзетнай сям’і, я — з трохдзетнай. Мне гэта дапамагае, я вельмі цешуся, што маю брата і сястру, да якіх магу звярнуцца ў любы час, і яны мяне падтрымліваюць.
— Што можа стаць для жанчыны стымулам да шматдзетнасці?
— Сродкі масавай інфармацыі, змены ў чалавечым менталітэце, бо цяпер з усіх бакоў чуваць толькі пра цяжкасці і праблемы. З аднаго боку, я магу сказаць, што немагчыма быць мудрымі «наперад», бо калі дзіця нараджаецца, яго ўжо любіш і не ўяўляеш жыцця без яго.
Для жанчыны вельмі важная падтрымка мужа ў гэтым пытанні, а таксама прыклад іншых шматдзетных сем’яў, які можа развеяць многія міфы. Вельмі важная дапамога і падтрымка блізкіх і сяброў, матэрыяльная падтрымка дзяржавы, ільготы на будаўніцтва кватэры.
— Пра што Вы марыце сёння?
— Мае мары пакуль звязаныя найбольш з дзецьмі і з тым, каб мець больш вольнага часу для рэалізацыі творчых ідэяў. Мы марым праводзіць больш часу ўдваіх, разам хадзіць у тэатр і кіно.
Размаўляла Анастасія Кавалеўская.