Унутраная малітва. Што гэта такое? Яна даступная толькі выбраным, асабліва адораным, альбо ўсё ж і кожны вернік можа ўвесці яе ў практыку свайго духоўнага жыцця? І што яна дае яму? Вось што на гэтую тэму кажа доктар тэалогіі айцец Анджэй Мушаля з Кракава.
Чым па сутнасці з’яўляецца малітва ў цішы?
Гэта — дотык да Бога праз веру.
Гэта — сустрэча з Тройцай, якая жыве ў хрысціяніне…
Таму што Бог ЁСЦЬ.
Ён ёсць у кожным чалавеку, нават у няверуючым.
Гэта — праўда, з якой пачынаецца ўнутраная малітва. Бог знаходзіцца ў самым цэнтры душы чалавека, на яе дне — і там мусіць шукаць Яго каханая (пар. Пп 5,6). Не дзесьці далёка. Гэта першае «Нішто» на шляху яднання з Ім.
Паспрабуем сёння разам дакрануцца да Бога нашай верай, нашай любоўю… Выправімся ў шлях, на глыбіню, туды, дзе Ён знаходзіцца заўсёды…
Калі ты заплюшчыш вочы і засяродзішся, ты адкрыеш у самім сабе таямнічую ПРЫСУТНАСЦЬ. Бог жыве ў табе ва ўсёй поўні свайго жыцця. Гэта немагчыма адчуць, бо гэта здзяйсняецца ў самых глыбінных пластах чалавечай душы, там, куды не дасягаюць ніякія спосабы ўспрыняцця — ні знешнія, ні нават самыя духоўныя.
Дзеля таго, каб апісаць рысы Божага Валадарства, Хрыстус выкарыстоўваў простыя вобразы і прыпавесці. Мы таксама пойдзем гэтым шляхам, каб усвядоміць ТОЕ, што несупынна адбываецца ў нас саміх.
* * *
Бог адзіны ў ТРОЙЦЫ. Гэта азначае: ЖЫЦЦЁ — нараджэнне-паміранне-уваскрасенне.
Ён — ЛЮБОЎ. Гэтая Любоў пульсуе ў кожнай душы.
Найважнейшым унутраным органам чалавека з’яўляецца сэрца. Яно безупынна б’ецца, дзясяткі разоў у хвіліну, ад самага пачатку, г.зн. ужо на стадыі зародка, з другога месяца пасля зачацця. І так будзе працягвацца заўсёды, да самай смерці. Сэрца ў сярэднім робіць 60 удараў у хвіліну, а значыць у гадзіну — 3 600 удараў, за суткі — 86 400, за месяц — 2 592 000, за год — 31 104 000. У сямідзесяцігадовага чалавека сэрца зрабіла ўжо больш за два мільярды ўдараў. Без перапынку, без адпачынку. Б’ЕЦЦА… Кожную секунду яно выштурхоўвае з сябе кроў, якая потым разыходзіцца па ўсім арганізме, каб жывіць яго, несці яму кісларод і ўсё неабходнае для жыцця. Яно б’ецца заўсёды і ніколі не спыняе сваёй працы. Якая машына можа вытрываць такое? Дакраніся цяпер да свайго пульсу і падумай пра таго нябачнага сябра, якому ты абавязаны сваім жыццём. Гэты сябар — тваё сэрца — выконвае для цябе гіганцкую працу. Задарма… Ці бачыў ты калі-небудзь сваё сэрца? Гэты вельмі сціплы орган чалавечага цела, заўсёды ўтоены, проста робіць сваю справу — тое, што ён павінен рабіць. А цяпер заплюшчы вочы і «паглядзі» на сваё сэрца…
Сэрца — гэта вобраз Айца. Ён ёсць у табе, хоць ты гэтага і не ўсведамляеш. Нябачны, сціплы, пакорны… Айцец «пульсуе» ў табе, гэта значыць — кожнае імгненне «выштурхоўвае» з сябе Сына. Тысячу разоў у секунду, а дакладней, па-за часам — ВЕЧНА — нараджае Яго і шэпча пры гэтым: «Ты Сын Мой; Я сёння спарадзіў Цябе» (Пс 2,7). Спараджаючы, дае ўсяго сябе. Нічога не пакідае сабе, але ўсё перадае Сыну: усю сваю прыроду, Боства, сваю сутнасць, сваё жыццё — УСЁ… «Усё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё» (Ян 17, 10). Ён ніколі не перастане спараджаць Яго… Нішто не можа перашкодзіць Яму ў гэтым.
Кроў потым дасягае ўсіх частак цела, нават самых аддаленых. Не прапускае ніводнай клеткі, але пранікае ў іх, каб там «памерці» – г.зн. аддаць усё, што мае: кісларод, спажыўныя рэчывы, мінералы. Аддае, не пакідаючы нічога для сябе, бо ведае, што менавіта дзеля гэтага і існуе. Дзеля таго, каб аддаваць самае каштоўнае, каб клеткі маглі жыць («Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё, і мелі ў дастатку»; Ян 10,10). А пазней кроў, пазбаўленая кіслароду, вяртаецца ў сэрца — туды, адкуль выйшла.
Кроў — вобраз Сына. Ён выходзіць з улоння Айца, каб ісці да кожнага чалавека і паўтарыць у ім тое, што некалі здзейснілася ў Вялікую пятніцу: аддаць сябе без рэшты і памерці ў ім. Так, Сын аддае чалавеку ўсё, не спыняецца нават перад тым, каб аддаць уласнае жыццё. І, паміраючы, кажа: «Гэта Кроў Мая, якая за вас праліваецца». Дзякуючы гэтай смерці душы людскія могуць жыць. Пасля памерлы Сын вяртаецца ва ўлонне Айца. А Айцец? Ён «выштурхоўвае» Яго з сябе і аддае Духу Святому, каб Той наноў удыхнуў у Яго жыццё.
І так, як пазбаўленая кіслароду кроў вяртаецца ў лёгкія, каб там наноў «ажыць», насыціўшыся жыватворным кіслародам, так цяпер Езус давяраецца Святому Духу, Які з’яўляецца жыватворным дыханнем і ўваскрасеннем.
Лёгкія — гэта вобраз Духа, Які калісьці насіўся над водамі (пар. Быц. 1, 2), а цяпер пранікае ў Сына, абуджаючы Яго ад смяротнага сну. Уваскрослы ж Сын вяртаецца ва ўлонне Айца, але не дзеля таго, каб там застацца і супакоіцца, але каб адтуль зноў быць пасланым у клеткі, зноў ажыўляць іх і аддаваць ім усё, што атрымаў. І гэтак безупынна ўсё працягваецца.
Хрыстус у табе несупынна ЖЫВЕ, ПАМІРАЕ і ЎВАСКРАСАЕ.
Спіш альбо працуеш, адпачываеш альбо молішся, ведаеш пра Ягонае дзеянне альбо не, Ён здзяйсняе ў табе сваю справу — справу ПАСХІ, — ведучы цябе праз смерць да сапраўднага жыцця. Найсвяцейшая Тройца пульсуе ў табе і ніколі не перапыняе сваё ўнутранае жыццё.
* * *
Гэта ўсё толькі вобраз.
Вобраз духоўнай рэальнасці, рэальнасці самай сапраўднай, якая ажыццяўляецца і ў гэтае самае імгненне, калі ты чытаеш гэтыя радкі…
Да такога Бога ты дакранаешся ва ўнутранай малітве. Да Бога ЖЫВОГА. Да Бога, які ЁСЦЬ у самым цэнтры тваёй душы. З такім Богам яднае цябе малітва, асабліва малітва ўнутраная, скіраваная на сустрэчу з Ім, каб магчы дакрануцца да Яго сваёй верай і любоўю, а дакрануўшыся, цалкам акунуцца ў Яго. Бо, як піша святы Ян ад Крыжа, «любові ўласціва імкненне звязацца, з’яднацца, зраўняцца і зрабіцца падобным да аб’екта сваёй любові» («Цёмная ноч», ІІ, 13,9).
Таму прашу цябе ў наступныя дні думаць у часе малітвы толькі пра гэта. Пастарайся засяродзіцца на гэтай праўдзе.
Адно што час ад часу вымаўляй слова: «Веру!..»
Паўгадзіны штодня.
Мы разам там будзем у Богу…
Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле сайта terramariana.org