Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Здаецца, так даўно скончылася лета. Але такі ўжо гэта яркі, насычаны і радасны час, што ўспаміны пра яго грэюць нават падчас восеньскай слоты і асвятляюць змрочныя непагодныя дні. Вось і наша пошта напоўнена гэтымі ўспамінамі. Адкрываеш канверт і апынаешся побач з аўтарамі — у пілігрымцы, падарожжы, на фэсце...

Цэлы дзённік сваёй пілігрымкі ў Будслаў даслала нам дзяўчына з Мёраў, якая, на жаль, не назвалася, толькі сціпла пазначыла на канверце «І.С.» І гэта атрымалася нават сімвалічна, бо пад тымі старонкамі маглі б падпісацца многія — і не толькі мёрскія — пілігрымы. Пачуцці і перажыванні, якія апісвае І.С., знаёмыя ўсім, хто хадзіў у пілігрымкі. Шмат людзей могуць расказаць пра шлях ад сваёй малой радзімы да мэты падарожжа — і пра дожджык, і пра спёку, і пра абед ды начлег у гасцінных вёсках; і пра святыні, у якіх укленчылі па дарозе... І ў той жа час кожны раскажа пра гэта ўсё па-свойму. Да прыкладу, у запісах дзяўчыны з Мёраў чамусьці запомніліся камары, «якія пракусвалі нават кеды».

Часлава Тамашэўская з Наваполацка таксама праз наш часопіс хоча «выказаць радасць, што атрымала падчас летніх пілігрымак, у якіх не перашкаджалі ні дажджы, ні спякота». Вось што яна піша: «Пілігрымку да Віцебска ва ўрачыстасць
Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста я чакала вельмі доўга. Сустрэча з Езусам напоўніла ўсе мае пачуцці. З Наваполацка мы вырушылі ў дарогу разам з сёстрамі змёртвыхпаўстанкамі Зоф’яй і Магдаленай, просячы ў супольнай малітве шчаслівага шляху. Праз некаторы час у гэтым падарожжы мы завіталі ў касцёл Святога Духа. Ён яшчэ не адбудаваны да канца, але Дух Святы там ужо прысутнічае, і Ён ахінуў усіх нас сваім цяплом, нягледзячы на халоднае надвор’е… Пасля была працэсія за Езусам да новай віцебскай катэдры. Дарога перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам была ўсыпана кветкамі. Мне было так прыемна ступаць па ёй, бо там засталіся сляды Езуса. Я падымала кветкі і прытуляла іх да сябе, нібы дакраналася да адзення Езуса, як тая жанчына з Евангелля, што хварэла дванаццаць гадоў на крывацёк і толькі дзякуючы аднаму дотыку да вопраткі Хрыста атрымала аздараўленне. “Мілы Пане Езу, прытулі мяне да сябе”, — з гэтымі думкамі я ўвайшла ў катэдру, дзе найперш убачыла фігурку Езуса, прыбітага да крыжа. Ён нібы абняў нас усіх сваімі распасцёртымі рукамі і сказаў: “Прыходзьце да Мяне, не бойцеся! У Маіх руках — шмат ласкаў, толькі наблізьцеся і вазьміце іх”. У мяне з вачэй пацяклі слёзы ўдзячнасці за тое, што да сённяшняга дня Езус прабачае нашы грахі і аддае сваё Цела ў Эўхарыстыі дзеля ратавання людскіх душаў».

Але ж лета, хоць і здаецца нам такім кароткім, насамрэч доўгае, калі маеш намер многае паспець і калі Пан Бог табе дапамагае. «Мэтаю маёй наступнай пілігрымкі, — піша спадарыня Часлава, — быў Будслаў. Шлях да Маці Божай Будслаўскай – самы шчаслівы ў маім жыцці. Калі прыходзіш у Яе санктуарый, забываешся пра ўсе клопаты і бачыш толькі ласкавыя вочы Маці. Яна сустракае сваіх заблукалых дзяцей, прытуляе кожнага пілігрыма, бачыць немачных, хворых і калекаў. Прыйшоўшы ў Будслаў, я моўчкі стала на калені і толькі сэрцам прамаўляла словы сваёй малітвы. Падышла да алтара і адчула прысутнасць Марыі. Усіх нас, пілігрымаў, яднала радаснае хваляванне. Гэта трэба перажыць кожнаму…» І гэта яшчэ не ўсё. «Пілігрымка ў Росіцу – асаблівае падарожжа. Яно вядзе да магілаў пакутнікаў, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста. Я ўпершыню пілігрымавала да росіцкай святыні. Пры набліжэнні да яе муроў у мяне моцна стукала сэрца, нібы рыхтавалася ўбачыць гэтых мучанікаў. Але нас сустрэлі шэрыя сцены, якія памятаюць людскія слёзы, малітвы, роспач і надзею на паратунак. Я не магла зварухнуцца, калі ўбачыла алтар, за якім цэлебравалі набажэнствы мужныя святары Юрый і Антоній… Мы павінны кожны год прыходзіць у трагічную Росіцу на гэты жалобны пляц і яднацца з імі ў непахіснай веры. Вечны адпачынак дай ім, Пане…»

Дзеці з Новалукомля і Чашнікаў гэтым летам адпачывалі ў Польшчы. Вось што піша пра іх вандроўку наша чытачка Зося Мацкевіч з Новалукомля: «Дзеці наведалі касцёлы св. Андрэя Баболі і св. Юзафа ў Гдыні, св. Антонія ў Руме, уважліва ўслухоўваліся ў Божае слова на Імшы, што гучала на братняй польскай мове. У час Імшаў мясцовыя святары маліліся за нашых маленькіх пілігрымаў, за братэрства і еднасць беларускіх і польскіх католікаў. Асаблівае ўражанне засталося пасля наведвання Марыяцкага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гданьску. Дзецям дазволілі падняцца на самую вежу, а там — 408 прыступак! Але ці ж гэта перашкода для маленькіх гарэзаў, каб убачыць усё з вышыні птушынага палёту! Пасля вяртання дадому бацькі і дзеці сабраліся для прыемных успамінаў і прагляду слайдаў. А ў час „салодкага стала“ ўручаліся прызы ў незвычайных намінацыях: самаму дысцыплінаванаму, самаму цярпліваму, самаму ўважліваму… Ніхто не застаўся без падарункаў. Але галоўным падарункам была магчымасць убачыць кавалачак свету, яго асаблівасць і непаўторнасць, адчуць сябе часцінкай вялікай супольнасці, еднасці і моцы нашай веры, якая заўсёды будзе дапамагаць у падарожжы больш працяглым, чым гэта цудоўная пілігрымка».

Іна Сняжкова расказала пра фэст у лучайскай парафіі: «Дзень святой Ганны ў Лучаі традыцыйна пачаўся са святой Імшы, у якой прынялі ўдзел сотні вернікаў з самых розных парафій. Столькі католікаў у касцёле св. Юды Тадэвуша сустрэнеш нячаста — усяго тры разы на год, калі праходзяць адпустовыя ўрачыстасці ў гонар святых Андрэя Баболі, Ганны і Тадэвуша. Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі, бралі ў ёй удзел таксама святары з Сянно і Дунілавічаў. Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне чарговых новых барэльефаў, якія ствараюць унікальнае Евангелле ў абразах вакол святыні. Размяшчаюцца яны ў нішах 300-гадовай агароджы касцёла. Усяго плануецца стварыць больш як шэсцьдзесят барэльефаў, каля паловы з іх ужо гатовыя. Іх выканаўца — мастак з-пад Мінска Леў Аганаў…»

Ёсць у нашай пошце і традыцыйны ліст-падзяка. Ад імя вернікаў з Маладзечна Часлаў Рабушка напісаў пра іх былога святара. «Ужо больш за год таму пакінуў парафію св. Казіміра ў Маладзечне айцец капуцын Тадэвуш Кавальскі — яго накіравалі ў Верхнядзвінск. У многіх парафіянаў і жыхароў горада засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра гэтага святара і чалавека з вялікай літары. Мы заўсёды памятаем яго ў сваіх малітвах і жадаем на яго святарскай дарозе ўсяго самага добрага: моцнай веры, спагадлівых людзей, цярплівасці, вялікай Божай ласкі і благаслаўлення нашага Пана. Няхай на яго жыццёвым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі. Няхай ён будзе спагадлівым да ўсіх: да здаровых і хворых, да бедных і багатых, да старых і малых, да веруючых і няверуючых…»

Шмат лістоў прыйшло да нас апошнім часам з розных куткоў Беларусі, але невялікі аб’ём часопіса не дазваляе надрукаваць іх цалкам. Дзякуй вам усім! Спадзяемся, што расповеды нашых чытачоў натхнілі некага ўзяцца за пяро і расказаць нам пра падзеі ў сваёй парафіі, толькі ўжо не летнія, а тыя, што адбываюцца цяпер. Будзем чакаць.

На гэтым мы развітваемся з вамі. Да новых сутрэч. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч


Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней