
Прапануем чытачам размову з сёстрамі Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, якіх называюць яшчэ сёстрамі шарыткамі паводле французскага слова «charite», «міласэрнасць». Сёлета кангрэгацыя адзначае 25-годдзе служэння на Беларусі.
— Сёстры шарыткі служаць на Беларусі ўжо 25 гадоў. Як бы Вы ахарактарызавалі шлях, які прайшла за гэты час вашая кангрэгацыя, і свой асабісты шлях?
— С. Алена: Мы працавалі на гэтых землях яшчэ ў 1890–1904 гадах, у Віленскай правінцыі. Калі сюды прыйшла імперская царская ўлада, сёстры былі вымушаныя выехаць. У нашых архівах захаваліся дакументы пра тое, як сёстры працавалі ў Мінску на Залатой Горцы, здымалі там дом, мелі шпіталь і аптэку. Вярнуліся мы на Беларусь толькі ў 1991 годзе: сястра Барбара і сястра Юзэфа прыязджалі катэхізаваць у Брэст на некалькі месяцаў — рыхтавалі дзяцей да прыняцця сакрамэнтаў. Пасля яны засталіся стала працаваць у парафіі. Сёстры распавядалі, што калі яны прыехалі, людзі пазіралі на іх са здзіўленнем.
— С. Наталля: Гэта быў пачатак 90х гадоў, Савецкі Саюз яшчэ жыў у людскіх галовах...
— С. Алена: Адразу, калі сёстры прыехалі, ксёндз сказаў ім: «Хутка пераапранайцеся ў свецкае». А сёстры ў адказ: «Мы так не дамаўляліся». Яны распавядалі, што калі ішлі па горадзе, аўтобусы спыняліся, людзі разглядалі іх адзенне, многія рабілі знак крыжа.
Пры парафіі сёстры займаліся дзецьмі, моладдзю, беднымі людзьмі. І так мы працуем ужо 25 гадоў: супольнасць у Брэсце — з 1991 года, у Шуміліне — з 2000 года, у Мінску — з 2011 года.
— Як бы Вы па ўласным досведзе ацанілі развіццё супольнасці за гэты час?
— С. Наталля: Ва ўмовах Беларусі мы пакуль не можам адкрываць свае шпіталі або ўстановы для сіротаў і састарэлых. Але наша харызма — служэнне Хрысту праз бедных — азначае бедных у шырокім сэнсе, не толькі ў матэрыяльным плане. Гэта, безумоўна, заўсёды мае перавагу, але цяпер многім патрэбна не толькі матэрыяльная дапамога, але і духоўная. Святы Вінцэнт казаў, што найбольшая беднасць — гэта няведанне Бога. З самага пачатку існавання кангрэгацыі мы катэхізавалі, наведвалі бедных, хворых і пакінутых. Святы Вінцэнт казаў таксама, што служыць трэба і целу, і душы чалавека, заспакойваць і матэрыяльны, і духоўны голад.
— С. Алена: Супольнасць на Беларусі заўважна развіваецца: у нас ужо тры кляштары, 8 пакліканняў. Ужо 3 супольнасці ёсць за 25 гадоў. Расце колькасць хворых людзей і дзяцей, якімі мы апякуемся. Я здолела атрымаць працу ў мінскім шпіталі.
— У чым жа складанасць працы ва ўмовах нашай краіны? Гэта звязана з юрыдычнымі пытаннямі ці людзі не гатовыя прыняць падобнае служэнне не як сацыяльную службу, а як служэнне Богу праз бедных?
— С. Наталля: Людзі да нас вельмі адкрытыя: кожны ахвотна прыме дапамогу, калі яна патрэбная яму. Наша характэрная рыса, наша пакліканне ў тым, што мы — першая ў гісторыі Касцёла адкрытая жаночая манаская кангрэгацыя. Да нас манашкі, нават працуючы з хворымі, мелі шпіталі пры сваіх кляштарах, не выходзячы за іх сцены, а мы першыя сталі выходзіць да людзей, у іх дамы, каб там служыць ім.
— Рэвалюцыя ў манастве!
— С. Наталля: Так! З гэтым звязана шмат цікавых гісторый. Святы Вінцэнт казаў: «Не называйце сябе манашкамі, а кажыце, што вы простыя бедныя дзяўчаты, якія хочуць дапамагчы бедным, бо вас заклікае да гэтага вашая вера». Сёстры спачатку не мелі габітаў і ніякіх прыкметаў манаскага жыцця, каб ніхто не здолеў закрыць іх у клаўзуру. Яны ішлі туды, куды ніхто не ходзіць, да тых людзей, якія не могуць папрасіць дапамогі самі. Ужо пазней сёстры сталі працаваць у шпіталях, дамах састарэлых, псіхічна хворых, у сіроцкіх прытулках. У Беларусі гэта пакуль немагчыма, але тут мы служым так, як вялося ў кангрэгацыі ад самага пачатку — ідзем да людзей. Як сказаў нядаўна папа Францішак, мы выходзім на перыферыю, туды, дзе гэтай дапамогі няма і ніхто яе нават не чакае, бо шмат людзей жыве там, дзе ніхто не бачыць іх патрэбы ў дапамозе.
— Рэвалюцыйная місія супольнасці ўсё адно застаецца актуальнаю...
— С. Алена: Так, гэта бескарыслівае служэнне людзям. Спачатку яны нават палохаюцца і здзіўляюцца, што мы нічога не хочам узамен, а пазней ужо не ўяўляюць, як жыць без нас, хочуць, каб мы былі побач, кажуць, што Бог паслаў ім нас, распавядаюць пра нас іншым. Напрыклад, мы даглядалі бабулю ў вёсцы пад Шумілінам. Яна памерла годна, прыняўшы намашчэнне, Камунію — мы заўжды імкнемся, каб людзі мелі духоўную апеку. Пазней, трапіўшы ў шпіталь, яе старэнькі муж распавядаў там пра нас, і яго пачуў цяжкахворы Саша, малады чалавек гадоў 30, які зламаў пазваночнік у аварыі і быў увесь у пролежнях, не мог рухаць нават рукамі. Мы з сястрою Ядвігай прыйшлі наведаць дзядулю, і гэты хлопец папрасіў нашай дапамогі. Яго выпісалі дамоў паміраць, далі 2 тыдні жыцця. Мы пачалі апекавацца ім. Там, дзе ён жыў, быў сапраўдны прытон: у кватэры жылі яшчэ два браты Сашы, алкаголікі. Мы былі ў хворага па 2 гадзіны кожны дзень, рабілі перавязкі, кармілі. Праз два месяцы дактары здіўляліся, як ён яшчэ не памёр. Прайшло ўжо 10 гадоў, а Саша жыве, можа сам перавярнуцца, сесці. Ён і ўся яго сям’я вельмі ўдзячныя сёстрам, хоць спачатку прымалі нас варожа. У гэтай сям’і бачнае вялікае дзеянне Божага Провіду не толькі для іх, але і для ўсіх навакольных людзей — усё Шуміліна пра гэта гаварыла.
— С. Наталля: У нашым грамадстве найперш цэніцца здаровы працаздольны чалавек, і людзей часта «спісваюць», выпраўляюць паміраць. Часам нашае ўмяшальніцтва змушае суседзяў, дактароў, іншых людзей задумацца пра тое, што кожны чалавек павінен мець шанец і права жыць і змагацца за сваё жыццё, кожны мае годнасць, і гэта вельмі важна! Мы з сёстрамі — прадстаўнікі Касцёла, якіх Бог пасылае для таго, каб узняць годнасць нікому не патрэбнага чалавека і нагадаць іншым пра гэтую годнасць, змяніць іх думкі.
— Такія гісторыі — гэта ўжо сацыяльная справа, пачатак грамадскіх зменаў...
— С. Наталля: Часам абмеркаванне падобных праблемаў (жыцця інвалідаў, сіротаў) усплывае ў грамадстве, але часцей, асабліва ў маленькіх мястэчках, гэта замоўчваецца. А мы апякуемся такімі людзьмі і заступаемся за іх, нас, як прадстаўнікоў Касцёла, паважаюць і па нашым прыкладзе пачынаюць паважаць і гэтых людзей.
— С. Алена: Яшчэ мы распаўсюджваем цудоўны медалік, які святая Кацярына Лябурэ атрымала ад Маці Божай у 1830 годзе. Дзева Марыя сказала, што тыя, хто будзе насіць медалік, атрымаюць шмат Божых ласкаў, і мы імкнемся даваць яго ўсім хворым, нават калі яны не вераць. Праз яго Марыя таксама спрыяе людзям — яны прыходзяць да Бога. Гэтым медалік — нашая зброя і місія.
— Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу ў шпіталі. Мне распавядалі, што Вы спачатку не хацелі вучыцца медыцыне.
— С. Алена: Я працую медсястрою ў прыёмным аддзяленні дзіцячага шпіталя. Медыцына — воля Божая, якую я ўспрыняла ад настаяцеляў, так гэта называецца ў нашай кангрэгацыі. Усе ведалі, што я вельмі баюся крыві, уколаў і зусім не хачу нічым падобным займацца. Два тыдні я змагалася з сабою і з Богам. Аднойчы, седзячы ў капліцы, я сказала: «Пане Езу, калі Ты мяне сюды паслаў, дык цяпер сам вучыся ў медвучэльні». І Ён сапраўды вучыўся разам са мною! Без дапамогі Хрыста я б не здолела справіцца з вучобаю. Цяпер я так удзячная Богу і не ўяўляю, што магла б быць кімнебудзь іншым, а не медсястрою! Праца ў шпіталі ў Мінску — гэта цуд, бо многія адмаўлялі мне, бо я законніца, палохаліся габіта і дыплома, атрыманага ў Польшчы. Я працую ўжо 3 гады, і ўсе цешацца маёй прысутнасці і нават просяць, каб прыйшлі працаваць яшчэ іншыя сёстры! Для мяне гэта каштоўны досвед — працаваць з людзьмі, большасць з якіх далёкія ад веры. Для іх — таксама. Супрацоўнікі дзеляцца са мною сваімі перажываннямі і цяжкасцямі, бо ведаюць, што я не буду пляткарыць, яны адкрываюць мне таямніцы сваёй душы, а я слухаю. Гэта дае магчымасць маліцца за іх. Гэта цяжкая праца, але і вялікая радасць, бо я магу прынесці туды Хрыста. Не я, сястра Лена, ёсць там, але праз мяне там ёсць Хрыстус, і я бачу, як Ён дзейнічае.
— Распавядзіце, калі ласка, пра сваю працу, сястра Наталля.
— С. Наталля: Я катэхізую дзяцей у парафіі айцоў кармэлітаў у Мінску. Тады ж, у аб’яўленнях, у 1830 годзе, Марыя прасіла заснаваць асацыяцыю дзяцей Марыі, якім Яна будзе ўдзяляць сваю ласку, каб яны пазнавалі і наследавалі Яе і Яе цноты, выхоўваліся ў духу святога Вінцэнта, каб бачыць у іншым чалавеку, асабліва ў бедным і пакутным, Хрыста. Такія асацыяцыі нашыя сёстры засноўваюць там, дзе працуюць, фармуючы дзяцей і моладзь у гэтым духу служэння, каб яны вучыліся не быць абыякавымі, а дапамагаць людзям.
— А ці робіце з дзецьмі якія-небудзь дабрачынныя акцыі?
— С. Наталля: Акцыі — вельмі гучнае слова, мы толькі пачынаем працаваць. Важна найперш навучыць дзяцей быць адкрытымі на патрэбы іншых. Гэта агульнахрысціянская каштоўнасць, бо мы павінны быць такімі, як Бог, — міласэрнымі. Сёстры шарыткі вучаць быць больш адкрытымі і адважнымі на гэтым шляху.
— А хацелі б арганізоўваць нешта шырокамаштабнае ў перспектыве?
— С. Наталля: Я бачу, што патрэба ў такіх акцыях існуе і гэта карысна ў выхаванні. Мы імкнемся далучаць дзяцей да справаў міласэрнасці, напрыклад, прыводзіць іх да старога адзінокага чалавека і паказваць, што яны могуць там зрабіць: паразмаўляць, паспяваць, проста пабыць там і аддаць іншаму чалавеку свой час і сваю душу. Мы адкрытыя і на арганізацыю маштабных мерапрыемстваў, калі з’явіцца магчымасць.
— С. Алена: Мы ходзім з моладдзю да людзей, якімі апякуемся, далучаем моладзь да служэння іншым: прыбраць, дапамагчы, схадзіць па прадукты. Гэта дае радасць і спакой сэрцу, бо маюць значэнне канкрэтныя справы міласэрнасці, а не словы.
— Дзякуй вялікі за размову! Магчыма, прачытаўшы інтэрв’ю, нехта яшчэ зацікавіцца ў арганізацыі разам з вамі вялікай дабрачыннай акцыі, сапраўднай справы міласэрнасці.
Размаўляла Юлія Шэдзько.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (261) 2016.
Адрасы супольнасцяў
сясцёр шарытак у Беларусі:
Брэст: +375 162 41 42 16
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Шуміліна: + 375 230 4 10 68
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Мінск: +375 17 29 13 469
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.