Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» — найбуйнейшая каталіцкая арганізацыя ў свеце, якая дапамагае людзям у патрэбе. У нашай краіне яна існуе ўжо 25 гадоў. Пра тое, чым жыве арганізацыя сёння, распавядае дырэктар Нацыянальнага «Карытаса» кс. Віталій Дабраловіч.
— Ксёндз Віталій, Вы з’яўляецеся дырэктарам Нацыянальнага «Карытаса» толькі год. Ці можаце падвесці ўжо вынікі за гэты год?
— Я не магу сказаць пра нейкія дасягненні за мінулы год, бо зазвычай планую штосьці на перспектыву. Да ўсяго — я не стараюся зрабіць хуткую акцыю, дзе можна паказаць вялікую дзейнасць, бо не гэта самае важнае. Я толькі некалькі месяцаў у Нацыянальным «Карытасе», бо доўгі час выконваў абавязкі дырэктара «Карытаса» Гродзенскай дыяцэзіі. Таму тое, што за гэты год зроблена, зроблена на фундаменце працы папярэдняга дырэктара. Лічу, што было б няправільным рабіць рэвалюцыю, трэба працягваць тое, што ёсць. Маё заданне — далей арганізоўваць яшчэ больш актыўную працу саміх супрацоўнікаў, а таксама пашыраць дзейнасць адукацыйных праектаў.
Пасля нядаўняй Міжнароднай сустрэчы супрацоўнікаў і партнёраў «Карытаса» больш актыўна распачаты абмен інфармацыяй з «Карытас Еўропа». Цяпер у нас ёсць свой дэлегат у гэтай арганізацыі, а раней яго не было.
— Наколькі ўдалося рэалізаваць адукацыйную праграму для супрацоўнікаў «Карытаса», планаваную арганізацыяй у 2011 годзе?
— Я не магу казаць аб практычнай дзейнасці, але ведаю, што супрацоўнікі «Карытаса» Гродзенскай дыяцэзіі прымалі актыўны ўдзел у адукацыйных сустрэчах на ўзроўні Нацыянальнага «Карытаса». Такіх сустрэчаў было вельмі шмат. Гэтая праграма была скіраваная не столькі на адукацыю супрацоўнікаў, колькі на развіццё валанцёрства ў нашай краіне. Праходзілі сустрэчы і з прадстаўнікамі «Карытаса» з іншых краінаў, семінары ў Аўстрыі і Германіі, якія дапамагаюць пашырыць разуменне сваёй дзейнасці і канкрэтна дзейнасці ў справах «Карытаса».
— На якім узроўні цяпер знаходзіцца праца з валанцёрамі «Карытаса»?
— У кожнай дыяцэзіі ёсць свой сталы рух валанцёрства, арганізоўваюцца сустрэчы каардынатараў, якія пастаянна гэтым займаюцца, а таксама два разы на год ладзяцца адукацыйныя сустрэчы для тых, хто хоча сапраўды ўдзельнічаць у дыяцэзіяльных праектах «Карытаса». Казаць пра школу валанцёрства як інстытут мы не можам, але нам удалося наладзіць сталую валанцёрскую працу. Мы марым пра тое, каб калісьці было штосьці падобнае да інстытуту валанцёрства, але, з іншага боку, не трэба «вынаходзіць ровар», калі ўжо на ўзроўні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ўзятая такая ініцыятыва: гаворка ідзе пра афіцыйна адкрытую Каталіцкую Акадэмію, дзе будуць вырашацца ўсе справы.
— А як на дадзены момант арганізавана праца парафіяльных «Карытас»?
— Я думаю, Вы добра разумееце, што недастаткова ініцыятывы зверху. Ініцыятыва павінна сыходзіць таксама і ад пробашча. Ведаю парафіі, якія не маюць ніякай падтрымкі зза мяжы ці дыяцэзіяльнага «Карытаса», але арганізоўваюць свае акцыі на Божае Нараджэнне, на Вялікдзень, дзе збіраюцца пэўныя сродкі, каб дапамагчы найбяднейшым у сваёй парафіі. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што гэта рабіць можна ў кожнай парафіі, толькі трэба, каб захацеў святар, а людзі сапраўды маюць вялікія сэрцы для дабрачыннасці. Таму там, дзе ёсць жаданне пробашча, гэтая ініцыятыва цудоўна дзейнічае.
— Як супрацоўнічае «Карытас» з тэрытарыяльнымі сацыяльнымі цэнтрамі?
— Кожны дыяцэзіяльны «Карытас» супрацоўнічае з сацыяльнымі цэнтрамі, але гэтае супрацоўніцтва вельмі хаатычнае. Кантакт ёсць, але мы не маем такіх фінансавых магчымасцяў, каб гэта было пастаянным і нязменным. Такія цэнтры — дзяржаўныя арганізацыі. Яны маюць сталы бюджэт, і калі нават уваходзяць у нейкае супрацоўніцтва, то неабходны двухбаковы ўклад, што сёння проста немагчыма.
«Карытас» удзельнічае ў асобных акцыях. Сацыяльны цэнтр дае сваіх супрацоўнікаў, якія маюць інфармацыю пра тых, хто жыве ў патрэбе, але сацыяльныя цэнтры таксама абмежаваныя пэўнымі правіламі. Ёсць людзі, якім сапраўды патрэбная дапамога, але, паводле закону, яны не могуць яе атрымаць, і тады, каб дапамагчы такім людзям, ужо далучаецца «Карытас».
— Наколькі я ведаю, «Карытас» шмат чаго зрабіў для бежанцаў. Ці працягваецца гэтая праца цяпер?
— Гэта праект пад назваю «Зімовая дапамога», які працягваецца ўжо пяты год. Распачынаючы яго, мы не думалі пра Украіну. Гэты праект быў спланаваны для людзей, якія жывуць у вёсках, для старэйшых людзей, якія сапраўды не маюць апекі сваіх дзяцей.
Першапачатковым заданнем гэтай акцыі была арганізацыя для іх ацяплення — нарыхтоўкі дроваў, дастаўкі брыкету, рамонту печак ці электрычнасці, а пасля падзеяў ва Украіне мы вырашылі ўключыць украінскіх бежанцаў у гэты праект, каб дапамагчы ім таксама. У яго арганізацыі была двухбаковая зацікаўленасць — і з нашага боку, і з боку нашых заходніх ахвярадаўцаў. Вядома, мы не мелі магчымасці купляць бежанцам кватэры або аплаціць жыллё, але маглі арганізаваць пасілкі і забяспечыць адзеннем. Фактычна, кожны, хто прыходзіць, атрымлівае дапамогу.
— Вы рэалізоўваеце шмат праектаў. Мяне зацікавіў праект «Кухня на колах». Распавядзіце пра яго падрабязней.
Ёсць стацыянарныя сталоўкі для бедных, а там, дзе няма магчымасці арганізаваць пастаяннае месца для харчавання, яно арганізоўваецца дзесьці ў сясцёр у кляштары або валанцёры «Карытаса» выязджаюць туды, дзе збіраюцца бяздомныя. Такія сталоўкі звычайна арганізоўваюцца ў зімні перыяд і называюцца «Кухня на колах». Найбольш актыўна яны дзейнічаюць у Гродзенскай дыяцэзіі.
— Вельмі добры праект! А ці плануеце вы стварыць таксама праект для маці, якія чакаюць дзіця, або праект у абарону ненароджаных дзяцей?
— У Гродзенскай дыяцэзіі цяпер будуецца Дом самотнай маці. Калі яго ўдасца пабудаваць, то, думаю, будзе наладжана супрацоўніцтва паміж ім і «Карытасам». Як паказвае практыка, аднаму чалавеку і адной арганізацыі цяжка рэалізаваць свае задумы. Мы павінны супрацоўнічаць. Лічу, што найбольш плённым было б, каб гэтым займаліся законныя сёстры, бо гэтая дзейнасць найбольш падыходзіць іх харызме.
— Якія планы развіцця «Карытас» мае на бліжэйшыя гады?
— Галоўнае заданне Нацыянальнага «Карытаса» — арганізацыя і дапамога ў розных адукацыйных сустрэчах, у фармацыі супрацоўнікаў і валанцёраў, бо, па-першае, мы разумеем, што час вельмі хутка змяняецца і мы не можам спадзявацца на тое, што ведаем цяпер. Заўсёды трэба ведаць наперад. Па-другое, я лічу, што ў нас не хапае ведаў на ўзроўні парафіяльных «Карытас». Нашае заданне — праводзіць розныя адукацыйныя сустрэчы не толькі на ўзроўні дырэктараў ці намеснікаў дырэктараў, але выйсці далей і больш глыбока ўключыць у справу святароў, сясцёр і валанцёраў у парафіях, бо, калі там будзе павышацца ўзровень харытатыўнай дзейнасці, тады можна будзе сказаць, што «Карытас» развіваецца і сапраўды мае будучыню.
— «Карытас» — арганізацыя, якая дапамагае людзям у патрэбе. Але што, на Ваш погляд, цяпер найбольш патрэбна людзям?
— Найбольш патрэбна ўсведамленне, што іх жыццё не заканчваецца, калі штосьці страчваецца. Трэба проста ўзяць сябе ў рукі і прымусіць стаць на ногі. І гэта магчыма. Кажу гэта не толькі як дырэктар «Карытаса», але як чалавек, які ў пэўны момант апынуўся на парозе сапраўднай беднасці.
На працягу доўгіх гадоў усё было добра, але, калі не стала бацькі ў сям’і, засталося або апусціць рукі, або рабіць так, як мая маці: яна не баялася пайсці да суседкі і пазычыць тое, што патрэбна, каб накарміць сваіх дзяцей. Таму я лічу, што кожны, калі возьме сябе ў рукі, зможа дапамагчы сабе сам.
Можна трапіць на самае дно і страціць сапраўды ўсё, але ведаю шмат людзей, якія нават у такой сітуацыі ўмелі ўстаць і адбудаваць сваё жыццё. І вельмі цудоўна адбудоўвалі! Я бачыў людзей, якія страцілі сям’ю, дом, трапілі ў турму, выйшлі праз некалькі гадоў, і ў іх у руках была толькі маленькая торба з простымі рэчамі, пару капеек, і на гэтым усё. Але людзі знаходзілі працу, вядома, не ўсе, але тыя, хто больш моцны духоўна.
Разлічваць на дапамогу іншых — значыць разлічваць на іх добрыя сэрцы, але трэба і самому нешта думаць. У вялікай колькасці бедных сем’яў іх беднасць — вынік іх бяздзейнасці! Часта здаровыя людзі, якія могуць працаваць і сапраўды штосьці зрабіць, не ў стане зрабіць самых простых рэчаў дома. Нават прыбраць, а гэта ўжо пачатак! Калі я не магу навесці парадак у сваім уласным пакоі ці на кухні, то што я магу зрабіць у сваім жыцці? Таму людзям патрэбна ў першую чаргу ўсведамленне, што кожны мае магчымасць нешта зрабіць. Няма паняцця: «У мяне такі лёс!». Мой лёс у маіх руках, наколькі я даверуся Богу. А Бог благаслаўляе кожнага, хто працуе, не пакладаючы рук.
— А ці аказваецца ў «Карытасе» псіхалагічная дапамога?
— Сталай псіхалагічнай дапамогі няма, але кожны дырэктар — гэта святар, а кожны святар — гэта ў пэўным сэнсе псіхолаг!
І да кожнага дыяцэзіяльнага дырэктара прыходзіць вельмі шмат людзей не для таго, каб ім толькі далі грошы, бо часам пасля размовы людзі разумеюць, што і грошы ім не патрэбныя.
Аднойчы да мяне прыйшла жанчына, у якой дзіця захварэла на рак. І яна папрасіла: «Дазвольце мне толькі ўсё Вам распавесці». Яна распавядала, можа, паўтары гадзіны. Я запытаўся, чым я магу дапамагчы. Яна адказала: «Ведаеце, Вы ўжо мне дапамаглі. У нас дастаткова грошай, але гэтыя грошы не вылечаць нашае дзіця. А вельмі цяжка, калі нават няма каму выплакацца».
Часам людзі маюць фінансавыя сродкі, але ім патрэбна духоўная і малітоўная падтрымка. Тое, што можа зрабіць святар, не зробіць ні адзін псіхолаг! Гэта не толькі справа «Карытаса», але справа душпастырскай дзейнасці ўсяго Касцёла.
— «Карытас» — арганізацыя міласэрнасці. У Касцёле ўжо заканчваецца Год Міласэрнасці. Што Вы пажадаеце вернікам на заканчэнне гэтага году?
— Зразумець, што значыць міласэрнасць. Гэта мілае сэрца! Таму пажадаю, каб кожны змог зразумець, што значыць мець мілае сэрца. Трэба заўсёды вучыцца быць цёплай усмешкай для іншых, бо дапамога распачынаецца не тады, калі да нас прыйшлі па грошы, а тады, калі ёсць усмешка і дабрыня сэрца. Калі ты заўважыш бабульку, якая цягне вялікую торбу, а ты, малады, праходзіш збоку, хоць можаш запытацца, ці патрэбная дапамога, то ці добры ты? Гэта простыя рэчы, але ў іх праяўляецца сапраўдная міласэрнасць.
Міласэрнасць — гэта калі я штосьці чыню па добрай волі, нават у выпадковых сітуацыях, калі проста бачу, што чалавеку патрэбна дапамога. Часам, калі сядаеш у аўтобус і бачыш засмучаны твар, дастаткова сказаць некалькі добрых словаў. Здаецца, што ты не зрабіў нічога незвычайнага, а чалавек ужо ўсміхаецца. Таму я лічу, што заданне кожнага — сапраўды мець мілае сэрца.
— Дзякуй вялікі за размову! Плёну ў працы і Божага благаслаўлення!
Размаўляла Марына Валасар.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (261) 2016.