Сяргей і Вольга Галушкі ў шлюбе ўжо 13 гадоў і маюць чацвёра дзяцей. Пазнаёміліся яны ў мінскім Чырвоным касцёле, куды хадзілі на святыя Імшы і сустрэчы моладзі, якія праводзіў кс. Пётр Шарко. Сёння яны і з’яўляюцца каардынатарамі руху «Сужэнскія сустрэчы», праводзяць сустрэчы для сем’яў, якія шукаюць паглыблення любові ў сям’і, дыялогу і ўзаемаразумення. Аб тым, як распачаўся іх шлях у якасці аніматараў і чым жыве іх сям’я Галушкаў, Вольга і Сяргей распавялі для чытачоў часопіса «Ave Maria».
— Адразу такое важнае для кожнай пары пытанне: як вы зразумелі, што створаны адно для аднаго?
Сяргей: Гэтае разуменне прыйшло, калі мы з Вольгаю першы раз загаварылі, а гэта было ў нядзелю пасля Імшы ў Чырвоным касцёле, дзесьці ў гадзіну па абедзе. Мы пачалі размаўляць у сакрыстыі, а потым пайшлі шпацыраваць па Мінску і размаўлялі да вечара. Гэта быў пачатак верасня. Да гэтага не ведалі адно аднаго. Воля, мабыць, ведала, бо існуе ж такая думка, што на самай справе выбірае менавіта жанчына. Яна хадзіла на хор, а я нейкі час быў міністрантам. Для мяне было важна, каб мая дзяўчына была з каталіцкага асяроддзя. Сустракаліся мы год з паловаю.
Вольга: Прапанова рукі і сэрца была вельмі лагічнаю. Нам было 24 і 25 гадоў — самы прыдатны ўзрост. Абое з касцёла. Сустракаліся амаль кожны дзень. І аднойчы, калі ішлі разам у касцёл, Сяргей сказаў мне: «Давай ажэнімся, народзім чацвярых дзяцей, а пятага ўсынавім. Я адказала: «Давай».
— Як вы пачалі ўдзельнічаць у «Сужэнскіх сустрэчах»?
Вольга: Пра сужэнскія сустрэчы мы даведаліся толькі праз 7 гадоў нашага жыцця ў шлюбе, калі ўжо мелі траіх дзяцей. Сустрэчы сталі вельмі прыемным момантам у нашым жыцці, бо раней мы жылі, нібы плывучы па цячэнні. Хадзілі ў касцёл, да споведзі і не задумваліся над тым, што можам дапамагаць адно аднаму.
Сяргей: Вольга мяне паклікала на трохдзённыя рэкалекцыі ў Ляскоўку–Бараўляны. Не скажу, што пасля тых выходных у мяне ўзніклі нейкія пачуцці: да мяне гэта ўсё доўга даходзіла — гады чатыры. Мы хадзілі на рэкалекцыі і сустрэчы, і паступова я зразумеў, што ў маёй жонкі растуць крылы, што ёй гэта трэба.
Каталіцкае асяроддзе — вельмі добрая глеба, бо мы маем зносіны з людзьмі, блізкімі па духу, а яшчэ там вельмі шмат такіх жа людзей, як і мы, — шматдзетных, і нашыя дзеці могуць стасавацца з дзецьмі з іншых каталіцкіх сем’яў.
— Як вы сталі каардынатарамі гэтага руху?
Сяргей: Пасля першага ўікэнду мы ўдзельнічалі ў малых групах у Чырвоным касцёле, потым у нас быў сумесны адпачынак у Латвіі, у Вентспілсе. Паступова мы падрыхтавалі некалькі тэм у Чырвоным касцёле. Гэта быў вельмі цікавы вопыт для нас, і ўжо праз некалькі гадоў сталі аніматарамі. Нам прапанавалі весці групу ў сваёй роднай парафіі, у Чырвоным касцёле.
Вольга: Ад гэтай дзейнасці ёсць сапраўды вялікая аддача. А зусім нядаўна нас выбралі ў праўленне: мяне — скарбнікам, а Сяргея — членам праўлення, і мы ўдзячныя за аказаны нам давер. Нам сапраўды ёсць да чаго імкнуцца, бо мы вельмі любім, каб усё было дакладна і па планах. Бог, вядома, паказвае, што мы мізэрныя, і нашыя планы Ён карэктуе вельмі моцна, але так хочацца, каб дзейнасць «Сужэнскіх сустрэч» прыносіла плён як мага большай колькасці людзей.
— Кажуць, што сям’я — гэта як маленькая дзяржава, дзе кожны выконвае свае абавязкі. Як у вас?
Сяргей: Яны таксама размеркаваныя. Воля адказвае за «тыл», а я іду наперад. Ну а дзеці — па флангах.
Вольга: Дзяцей мы стараемся выхоўваць у духу дэмакратыі. У нас заўсёды бывае дыялог на тэму адпачынку або планаў на выходныя. За ўдакладненне ўсіх нюансаў адказная я. Сяргей жа адказвае за тое, каб прынесці грошы ў дом, а я, каб нам хапіла на ўсё, што нам патрэбна.
Дзеці ўжо трохі падрастаюць, і я вельмі радуюся, што яны таксама чымсьці могуць дапамагчы: скласці посуд у посудамыйку, прыбраць крыху за сабою.
— А ў дзяцей ёсць таксама размеркаванне абавязкаў?
Вольга: Не, у дзяцей ёсць разуменне, што тэлевізар стаіць у асобным пакоі і мульцікі яны ўбачаць толькі тады, калі будуць зробленыя ўрокі і прыбраныя пакоі. Бывае, што яны кажуць: «Гэта не я раскідаў, а меншы». Але меншы ўсё не складзе, таму мы дзейнічаем па прынцыпе: або вы разам усё прыбіраеце, або разам нічога не глядзіце. Вось гэта ўжо не дэмакратычна, але такі метад дзейнічае.
— Як звычайна праходзіць вашая нядзеля?
Вольга: Суботні дзень у нас заняты, бо дзеці, усе трое, займаюцца ў музычнай школе. Іх патрэбна развесці, прывесці і зрабіць урокі на наступны тыдзень. А ў нядзелю мы звычайна ўсе разам ходзім у касцёл на дзіцячую святую Імшу. У трох старэйшых дзяцей ёсць заняткі ў нядзельнай школе, пасля якіх пры добрым надвор’і мы арганізоўваем штосьці накшталт пікніку. Часцей за ўсё, прыходзім у парк або наладжвавем штосьці падобнае дома. Нядзеля — гэта дзень, цалкам прысвечаны сям’і, калі мы не прымаем гасцей і нікуды не ходзім самі.
— У каталіцкай сям’і малітве ў ідэале аддаецца час штодзённа. Як у вас?
Вольга: Мы молімся разам кожны вечар — або «Ойча наш», «Вітай, Марыя...» і «Хвала Айцу...», або таямніцу Ружанца ці літанію. Да гэтага заўсёды дадаем малітвы падзякі і просьбаў. Дзякуем Богу і складаем Яму свае просьбы. Акрамя таго, мы заўсёды молімся з запаленай свечкаю перад ежаю.
— Ці маглі б вы даць нейкую параду тым, хто ўжо хоча стварыць сям’ю?
Сяргей: Даць параду — гэта заўжды вельмі складана. Нам таксама часам патрэбна парада. Але для гэтага і існуюць «Сужэнскія сустрэчы»!
Няма такога досведу, каб мы камусьці казалі: «Слухай, гэта не так, рабі так і так». Мы можам толькі на ўласным вопыце сказаць: «У нашай сям’і была такая сітуацыя, і мы паступілі вось так».
Вольга: Галоўнае, мабыць, у «Сужэнскіх сустрэчах» — разумець, што ідэальных сем’яў не бывае: усе сутыкаюцца з цяжкасцямі.
Для нашай сям’і вельмі важна, што ёсць малітоўная падтрымка ў розных цяжкасцях. Верасень заўжды цяжкі месяц, бо ў нас ёсць вялікая праблема ў школе, але, калі я пасылаю пытанне іншым сем’ям і атрымліваю нейкі адказ, мне лягчэй, нават калі нехта проста піша: «Я за вас памалюся», гэта дае вялікую падтрымку. Праблема не вырашаецца адразу, але ёсць спакой і разуменне, што з Божаю дапамогаю яна абавязкова вырашыцца.
— Якім дэвізам жыве вашая сям’я?
Вольга: Дэвіз — гэта коратка. Я, мабыць, скажу шырэй. Нам вельмі хочацца ўсім разам, блізка адно да аднаго, ісці цвёрдым крокам да Бога.
Размаўляла Марына Валасар.
Фота аўтара.