З Пастырскага паслання
мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
з нагоды святкавання 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў


Дарагія браты і сёстры!

Юбілей будслаўскага абраза, які мы адзначаем у Год веры, — гэта яшчэ адна нагода зрабіць рахунак сумлення адносна нашай веры з мэтай ажывіць яе  і сведчыць у штодзённым жыцці. Марыя ў гэтым працэсе з'яўляецца для нас прыкладам. Яна была з намі ў цяжкія часы пераследу веры. Яна застаецца з намі і ў новыя часы, калі, з аднаго боку, мы цешымся свабодаю веравызнання, а з іншага — самі адступаем ад прынцыпаў веры.

Юбілей будслаўскага абраза мы адзначаем пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры». Тая, якая паверыла, сёння хоча падтрымаць нашу веру і ў шматлікіх яе выпрабаваннях даць надзею, што вера і ў наш час патрэбна, што яна можа квітнець, што на яе падмурку мы можам будаваць нашу будучыню і што яна мае эсхаталагічнае вымярэнне і вядзе нас да вечнага шчасця (пар. Флп 3, 20).

Святкаванне сёлетніх будслаўскіх урачыстасцяў будзе ўзбагачана прысутнасцю легата Яго Святасці Папы Рымскага Францішка, якім прызначаны Яго Эмінэнцыя кардынал Жан-Луі Таран — старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Дарэчы, менавіта ён меў гонар аб'явіць свету аб выбары новага Пантыфіка — Францішка. У яго асобе сярод нас будзе прысутнічаць сам Папа. Праз яго мы пачуем голас Святога Айца, вялікага прыхільніка Маці Божай, абаронцы і абвяшчальніка веры.

Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Беларусі і з-за мяжы прыняць удзел у гэтых юбілейных урачыстасцях, якія адбудуцца ў Будславе 5–6 ліпеня 2013 г. (асабліва ў святой Імшы 6 ліпеня, якую ўзначаліць кардынал Жан-Луі Таран).

Запрашаю таксама ў пілігрымкі да гэтага святога месца, каб яны сталі яшчэ адным «інструментам» так патрэбнай у наш час новай евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры.

Да цябе, Марыя — Маці нашай веры — звяртаюся! Благаславі апошні этап падрыхтоўкі да будслаўскіх урачыстасцяў, благаславі пілігрымаў, благаславі ўдзельнікаў, благаславі Беларусь, каб яна заўсёды заставалася краінай моцнай і непахіснай веры! Благаславі нас, каб мы паверылі і былі шчаслівымі, як была шчаслівай Марыя! (пар. Лк 1, 45). Благаславі, каб будслаўская святыня сапраўды ўбачыла новы век пабожнасці і рэлігійнасці нашага народа, як піша папа Францішак у Лісце да свайго пасланніка на юбілейныя ўрачыстасці кардынала Жана-Луі Тарана!

Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай на час падрыхтоўкі і ўдзелу ў юбілейных урачыстасцях, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.


Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 19 мая 2013 г.
Урачыстасць
Спаслання Святога Духа

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней