Такое пытанне, напэўна, задае сабе час ад часу кожны вернік. Задаў яго сабе аднойчы і Яраслаў Чапля, католік па веравызнанні і журналіст па прафесіі. Адказ напісаў на паперы. Што з гэтага атрымалася, можна прачытаць у яго кніжцы «Ці гатовы я памерці заўтра?», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто».
Першае, што прыйшло на думку пасля прачытання гэтай кнігі: шкада, што яе не было гадоў 20 таму, калі мой шлях да веры толькі пачынаўся. Кожнаму неафіту, акрамя сухіх фармулёвак катэхізіса, вельмі патрэбна літаратура, якая ажыўляе веру. Менавіта такою і з’яўляецца невялікая кніжка Яраслава Чаплі. Яна наскрозь прасякнута апостальскім духам аўтара, які шчыра, даступна і вельмі абгрунтавана расказвае аб прапісных ісцінах нашай веры, пачынаючы ад Адама і Евы. Асабісты погляд аўтара на той ці іншы евангельскі сюжэт перамяжоўваецца разважаннямі не заўсёды добра вядомых нам старажытных пісьменнікаў і святых. Вельмі цікава і пазнавальна, напрыклад, чытаць пра тое, што думалі пра паслядоўнікаў Хрыста і як іх бачылі пісьменнікі першых вякоў нашай эры — Тэртуліян, Лактанцый, Лукіян. А вядомы праваслаўны святы Ісак Сірын, які быў сірыйскім багасловам, пісьменнікам і нават біскупам Ніневіі, гаварыў вернікам: «Не кажыце, што Бог справядлівы. Бо калі б Ён быў справядлівы, ты даўно гібеў бы ў пекле...» Адразу ж становіцца зразумелай назва аднаго з раздзелаў кнігі «Бог — несправядлівы?», якая, шчыра кажучы, спачатку трохі насцярожвала.
Увогуле назвы ў змесце кнігі даволі інтрыгуючыя: «Якая прафесія ў Бога?», «Кожнаму — па цуду?», «Я і я», «Выракаюся. Граху ці Бога?», «Дзе сорамна саромецца», «Юда ў абліччы арганіста» і іншыя.
Кнігу «Ці гатовы я памерці заўтра?» міжволі хочацца назваць «азбукай веры» (усё тут коратка і ясна) і ў той жа час — мініэнцыклапедыяй, бо з яе можна даведацца шмат новага і карыснага. Тут вельмі шмат цікавых спасылак. Возьмем толькі адну. «Словы раскаянне і пакаянне хоць і здаюцца на першы погляд сінонімамі, маюць, тым не менш, розны сэнс. Раскаянне азначае шкадаваць за ўчыненае дрэннае дзеянне, а пакаянне — добраахвотнае прызнанне ў яго ўчыненні. Для католікаў і праваслаўных сапраўднае пакаянне, як вядома, немагчыма без сакрамэнту споведзі». Аналізуючы грэх Юды, аўтар робіць выснову: «Так, Юда сапраўды пашкадаваў аб тым, што ўчыніў, ён сапраўды раскаяўся ў сваім здрадніцтве. Але за раскаяннем не прыйшло пакаянне».
Шмат месца аўтар адводзіць сакрамэнту споведзі, і гэта зразумела — назва кнігі гаворыць сама за сябе. Ведаю некалькі чалавек, якім гэты твор вельмі дапамагае ў падрыхтоўцы да сакрамэнту пакаяння. Вось што гаворыць Ірына К. з Мінска: «Прачытаўшы кнігу Яраслава Чаплі «Ці гатовы я памерці заўтра?», я больш адказна і грунтоўна пачала рыхтавацца да споведзі. Успомніла грэх з часоў свайго падлеткавага ўзросту, раней нават не думала, што гэта сур’ёзная правіна». Чытаючы ў гэтай кнізе пра публічную споведзь першых хрысціянаў, пра тое, што перыяд пакаяння за смяротныя грахі ў іх доўжыўся часта нават дзесяцігоддзі, а то і ўсё жыццё, разумееш, што мы не заўсёды цэнім гэтую вялікую ласку Міласэрнага Бога, ласку паяднання з Ім.
...Таямніца споведзі. Гэта тэма таксама моцна і вельмі кранальна раскрыта аўтарам у раздзеле «Юда ў абліччы арганіста». Яраслаў Чапля прыводзіць прыклад гераічнага служэння двух святароў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы непарушнасць таямніцы споведзі. Адзін з іх, Ян Напамуцэн, кананізаваны.
У кнізе вельмі грунтоўна разглядаецца гісторыя блуднага сына ў тым ліку і праз рэальных людзей і іх лёсы. Мы бачым, што жыццё часта перапісвае гэтую гісторыю на свой лад, і, як пацверджанне, чытаем да слёз кранальны аповед «Евангелле раённага маштабу». Муж кінуў жонку з двума дзецьмі і пайшоў да каханкі ў іншую вёску. Пра дзяцей забыўся. Між тым яны выраслі харошымі людзьмі, і калі спаралізаваны бацька на старасці гадоў быў пакінуты сваёй другой сям’ёй, сын узяў яго да сябе. Вось яно — сапраўднае пакаянне і прабачэнне!
Лічу, што цікавай знаходкай аўтара з’яўляюцца таксама ілюстрацыі ў гэтай кнізе — малюнкі ў стылі коміксаў (мастачкі Любові Шпакоўскай). Тэмы і сюжэты прыдумаў сам Яраслаў Чапля. Арыгінальныя, з сапраўдным пачуццём гумару, яны вельмі ўпрыгожваюць кнігу, надаючы ёй яшчэ большай інтрыгі, прыцягваючы ўвагу маладых чытачоў.
На складанае пытанне, якое стаіць у назве кнігі, аўтар у канцы адказаў па- філасофску мудра. Як? Прачытайце, каб даведацца, — не пашкадуеце.
Кнігу можна набыць у магазіне «Духоўная кніга» (г.Мінск, вул. Багдановіча, 25). Іншагароднія чытачы могуць замовіць кнігу праз сваіх пробашчаў.
Галіна Калевіч